Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ня веру ў сумленныя выбары


Маё асабістае стаўленьне да выбараў простае — у чэсныя выбары я ня веру, бо ня веру ў тое, чаго няма. І гэта можна даказаць і аргумэнтаваць. Блог Пятра Гузаеўскага.

Мой выбарчы досьвед

І мой асабісты вопыт удзелу ў мясцовых выбарах 2010 году — таксама адно з пацьверджаньняў. Добра памятаю, як тады вяшчальнікі ад улады заклікалі і запэўнівалі, што вось зараз будзе ўсё па-чэснаму. Вылучайце сваю кандыдатуру, вось ён — «зорны час», калі вы можаце паказаць і праявіць сябе, і толькі выбаршчыкі вызначаць, вартыя вы права быць дэпутатам ад народу ці не.

Мне прапанавалі вылучыцца жыхары раёну, якія верылі, што мая кандыдатура дастойная, каб абараняць інтарэсы людзей на мясцовым узроўні.

Подпісаў сабралі ў абласны і раённы саветы ў некалькі разоў болей, чым было патрэбна. Але ж вэртыкаль, а ня выбарчая камісія, вырашае, каму быць. Было агідна назіраць, як сам старшыня тэрытарыяльнай камісіі езьдзіў і вышукваў, каб што знайсьці. Правяралі ўсю паднаготную — было відавочна, што робяць усё, каб не дапусьціць нават магчымасьці даць людзям права выбару, і яны іх пазбавілі гэтага права. Рабілі таму, што ведалі, што зь вялікай верагоднасьцю людзі прагаласуюць і выбары я выйграю, таму і не дапусьцілі.

Мала таго, што ў нас марыянэтачныя выбарчыя камісіі, дык яшчэ і ў судзе нельга дабіцца справядлівасьці. Чаго не чакаў, дык таго, што Вярхоўны суд і той, прымаючы рашэньні, інструкцыі цэнтральнай выбарчай камісіі, якая не ўваходзіць нават у склад нарматыўных прававых актаў, далі большую юрыдычную сілу, чым грамадзянска-працэсуальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, на падставе якога суд і павінен прымаць рашэньні.

У Вярхоўным судзе тады мне сказалі:

«Пятро Паўлавіч, вы, відаць, харошы чалавек, але вось калі ў нас будуць лепшыя законы...»

А што ў нас, дрэнныя законы? Ды ня дрэнныя ў нас законы, вось толькі правапрымяняльная практыка ў нас дрэнная. І сыстэма такая, што дзеліць людзей на «сваіх» і «чужых» — выгадных вэртыкалі маўчуноў, гэткіх «махальнікаў івановых», і тых, хто ня будзе скакаць пад яе дудку.

Таму выбары нагадваюць гульню з шулерамі, напарстачнікамі, дзе вынік ужо загадзя вядомы, а калі нешта ня пойдзе паводле іхняга сцэнару, то будзе запасны — фальсыфікацыі. Я гэта кажу пра падлік галасоў — калі згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь выбары, а ў тым ліку і падлік, павінны праводзіцца галосна і адкрыта, то чаму сябры камісіі нахабна паказваюць свае тоўстыя і худыя... і моўчкі складаюць стосы бюлетэняў, робячы выгляд, што нешта там лічаць?

Тым, хто не падманвае, няма чаго баяцца, хай хоць тыя назіральнікі стаяць каля стала. Што адбудзецца? Чым ён будзе замінаць — позіркам вырываць бюлетэні, ці магічным чынам сьціраць значкі насупраць прозьвішча кандыдата?

Альбо чэсныя камісіі, якія набяруць стос бюлетэняў і езьдзяць па хатах. Выглядала проста камічна, як члены камісіі пасьля дзясятка рэальных адрасоў потым шукалі, да каго паехаць, бо за імі неадступна, проста каб паржаць, езьдзілі журналіст і назіральнік. Прыходзілі і да тых, хто ўжо прагаласаваў, і хто ўвогуле не жыве па гэтых адрасах. І ніхто не прасіў іх прыяжджаць. Для чаго гэта робяць «чэсныя» камісіі? Відавочна — выконваюць загад зьверху. Бо ў сельскіх рэгіёнах ня трэба вазіць аўтобусамі, людзі і самі прыходзяць на выбары. Але ж трэба ўсім у арганізацыях і прадпрыемствах загадаць, каб прагаласавалі датэрмінова! Для чаго, калі чалавек кажа начальніку, што хоча з жонкай і дзецьмі прыйсьці на ўчастак і прагаласаваць у дзень выбараў? Каб іх жа і ашукаць.

Татальны байкот — толькі ў тэорыі

Зараз шмат даводзіцца чуць пра супрацьлеглыя адносіны да выбараў: адны ўвесь час заяўляюць, што выбары трэба байкатаваць, бо яны несправядлівыя, іншыя таксама лічаць, што выбары нячэсныя, але байкот ніякіх вынікаў ня дасьць, таму трэба хоць неяк удзельнічаць. Так і атрымліваецца: адны байкатуюць, другія «неяк удзельнічаюць». А вынік на працягу многіх гадоў амаль адзін і той жа. А часьцей — са знакам «мінус».

Дык што лепш: байкот — ці не байкот, а паўнавартасны ўдзел у гэтым спэктаклі пад назвай «Выбары»? Знайсьці адказ на гэтае пытаньне можна ў залежнасьці ад таго, якія мэты ставяцца. І гэтак жа нескладана і прадказальна пралічыць рэальныя пазыцыі тых, хто прытрымліваецца той ці іншай думкі. І тут трэба таксама зьвярнуць увагу, што палітычныя сілы часткі апазыцыі актывізуюцца менавіта ў пэрыяд выбараў, а ў астатні час іх не відно і не чутно.

Таму галоўныя пытаньні — дзеля чаго ісьці на выбары і які будзе вынік? «Байкот і толькі байкот!» — кажуць адны. Гучыць моцна, прынцыпова і зразумела, але я не падзяляю такой думкі ў сёньняшніх умовах. Ну, праігнаравалі выбары, і што далей? Выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю, што ня верыце ў аб’ектыўны працэс? Цудоўна, і я ня веру ў чэсныя выбары, мільён чалавек ня верыць... Каму ад гэтага стала лепш? І зноў жа, а чаго гэтым даб’есься? Працэнт яўкі пакажуць і бяз тых, хто байкатаваў. Захочуць — 80%, захочуць — 100%. Фальсыфікацыя?

Што адбываецца, калі нейкая частка людзей байкатуе выбары, а астатнія — не, даўно вядома. Нічога! Выбары праходзяць, дэпутатаў, як заўсёды, выбіраюць тых, каго ўзгаднілі з «вэртыкальлю».

На маю думку, байкот — дзейсны сродак толькі тады, калі ёсьць паразуменьне і кансэнсус ва ўсіх тых людзей і супольнасьцяў, хто ня верыць у справядлівыя выбары. Татальны байкот. Але ж гэта толькі ў тэорыі. У рэальнасьці гэта зрабіць немагчыма, асабліва калі апазыцыйныя апанэнты паліваюць адзін аднаго брудам.

Як грамадзянін Беларусі я адназначна не прыму ўдзелу ў выбарах, калі будзе адзін кандыдат. Іншымі словамі — я іх праігнарую. Але калі ён будзе, і будзе сапраўды дастойны, за якога людзі ў рэальнасьці змогуць аддаць свае галасы ў некалькі разоў больш, чым у апанэнта, — то варта ісьці на выбары, нават калі нас ашукаюць. Ня трэба плакацца, што «чэсная» камісія нячэсна палічыць галасы. Ну, палічыць, як ёй загадалі. Але ж у рэальнасьці будзе вынік — перамога. А тое, што пакажуць гэтыя «лічыльшчыкі» — гэта толькі ілюзія, якую нам будуць спрабаваць выдаць за праўду.

Мне падаецца так: няма ўпэўненасьці ў сабе і ў сваіх сілах, ня ведаюць вас людзі, а вы яшчэ не гатовыя, каб паказаць свае добрыя справы і прадставіць альтэрнатыву — сядзіце і байкатуйце. Значыць, яшчэ ня ваш час (і ці прыйдзе ён увогуле, калі проста ўвесь час байкатаваць?). Рыхтуйцеся — альбо дапамажыце тым, хто ўжо мае вагу і павагу ў людзей.

Адчуваеце, што вашы справы гавораць гучней, чым вы будзеце абяцаць на трыбуне перад выбаршчыкамі — балятуйцеся і адкрыта ідзіце да людзей. Няхай баяцца тыя прызначэнцы, прозьвішчы якіх забудуць на другі дзень пасьля выбараў і не ўзгадаюць да наступных. Ня трэба баяцца прайграць, калі рэальна вы мацнейшы.

Нічога не праходзіць бясьсьледна. За ўсё прыйдзецца несьці адказнасьць.

Людзі зразумеюць, што іх ашукалі, і схаваць фальсыфікацыі будзе нельга. Ніхто ня любіць, каб нехта яго лічыў за дурня. Наступным разам шмат хто ня пойдзе на такія псэўдавыбары. І тады ня будзе чым прыкрывацца, што яны абраньнікі ад народу.

Можа, крыху дзіўна некаму падасца, але я веру ў вышэйшыя сілы, якія ўплываюць на наша жыцьцё, на нашу сьвядомасьць і ўчынкі. Гэтая сіла, як мне падаецца, дзейнічае праз наша сумленьне. Непрыстойныя ўчынкі ня пройдуць незаўважна для тых людзей, якія ашукваюць нас. Няхай яны зараз карыстаюцца матэрыяльнымі дабротамі, маюць уладу і ёю цешацца. Гэта скончыцца. Калі не пасьпеюць самі «разьлічыцца» за паскудзтва, якое вытваралі, разьлічвацца прыйдзецца іх нашчадкам.

Пятро Гузаеўскі, рэдактар газэты «Ганцавіцкі час»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG