Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менску на 45-м годзе раптоўна памёр незалежны журналіст Сяргей Аляхновіч.

Ягоныя артыкулы — пераважна спартовай тэматыкі — добра памятаюць чытачы такіх выданьняў, як «Свободные новости», «Прессбол», інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць»; адзін час ён узначальваў прэсавую службу футбольнай каманды менскага «Дынама». Неаднаразова выступаў спартовым экспэртам на хвалях Радыё Свабода.

Апошнім часам Сяргей быў у «вольным плаваньні», пісаў пераважна для расейскіх спартовых рэсурсаў. У жніўні плянавалася прэзэнтацыя ягонай кнігі «Simply the best», прысьвечанай найлепшаму беларускаму хакеісту Руслану Салею. Цяпер ужо сябрам давядзецца завяршыць кнігу адразу да дзьвюх сумных нагодаў — гадавіны гібелі Салея і 40 дзён са дня сьмерці журналіста.



Зь Сяргеем Аляхновічам мы яшчэ за студэнцкім часам жылі ў адным інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай у Менску: я тады вучыўся на журфаку, Сяргей — на хімфаку. Але па-сапраўднаму пасябраваў зь ім у газэце «Свободные новости». Ён адразу выклікаў павагу начытанасьцю, шырокай эрудыцыяй, але асабліва — энцыкляпэдычнымі ведамі ў спорце. Прынамсі, што да ўлюбёнага футболу, мог апэраваць любымі датамі з ходу — хто калі забіў гол і на якой хвіліне. Прывёў учорашняга хіміка ў журналістыку тагачасны загадчык аддзелу навінаў тыднёвіка Аляксандар Коктыш:

Аляксандар Коктыш

Аляксандар Коктыш

«Зь Сяргеем мы былі знаёмыя яшчэ з часоў вучобы ва ўнівэрсытэце — адзін інтэрнат, адзінае студэнцкае жыцьцё. Калі ўжо працаваў у газэце, ён зьявіўся да мяне — маўляў, можа, Саша, параіш пра магчымасьць і мне далучыцца да журналістыкі. Прыйшоў і вываліў некалькі сшыткаў сваіх вершаў. У мяне ўвогуле своеасаблівае стаўленьне да паэтаў-саматужнікаў, а тут вершы прыносіць дыплямаваны хімік — не геніяльныя, адразу скажу. У нейкім іншым выпадку я адразу б сказаў: давайце будзем разьвітвацца, бо, пэўна, гэта не зусім ваша амплюа. Але нешта ў яго было ў вачах. Вядома, потым усё пачалося ня зь вершаў, са звычайных нататак. І, на вялікае дзіва, ён вельмі хутка рос — дзесьці ўжо праз паўгода ён ужо мог нармальна, рэгулярна пісаць тэксты ў „Свободные новости“, а праз год стаў у пэўнай ступені прафэсійным журналістам. Самае дзіўнае, што ён калі стаў журналістам, а потым і вядомым спартовым журналістам, ня быў нахабны, ня быў нейкі крыўляка, ня быў задавалісты. Заўсёды сьціплы, дасьціпны, зь вельмі трапным пачуцьцём гумару. Не выпячваць сябе, не гаварыць, які я круты».

Пасьля «разгрому» «Свободных новостей» заснавальнікамі супрацоўнікі пачалі разыходзіцца па розных рэдакцыях. У Сяргея Аляхновіча з выбарам праблемаў не было — каштоўны кадр з задавальненьнем узяла самая папулярная спартовая газэта «Прессбол». Згадвае галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў:

Уладзімер Беражкоў

Уладзімер Беражкоў

«Найперш, гэта быў прафэсіянал зь вялікай літары — ва ўсіх адносінах. Прыстойны чалавек, прыстойны журналіст. Ён ніколі не ішоў на якіясьці танныя рэчы, ніколі не разьменьваў сваю рэпутацыю і заўсёды адстойваў свой пункт гледжаньня і перад галоўным рэдактарам, і перад чыноўнікамі, і перад усімі астатнімі. Ён ніколі не баяўся заявіць пра сваю пазыцыю і адстойваць яе. Ён доўгі час працаваў у „Прессболе“, напісаў цэлую сэрыю цудоўных матэрыялаў. І калі ён сышоў з газэты, я, шчыра кажучы, шкадаваў аб гэтым. Мы проста разьвіталіся, таму што ў людзей творчых бываюць розныя погляды на жыцьцё, розныя жыцьцёвыя ацэнкі і розныя жыцьцёвыя сытуацыі. У яго быў даволі прыгнечаны настрой, ён казаў, што ён у пэўнай ступені расчараваны ў жыцьці, у прафэсіі, што мы вось працуем, пішам, а нічога не зьмяняецца. І ён вырашыў сысьці ў нейкую крыху іншую сфэру — можа, ня столькі спартыўнай журналістыкі, колькі пісьменьніцкай дзейнасьці. Яшчэ нядаўна мы зь ім размаўлялі і ўвогуле вельмі шмат абмяркоўвалі ягоную кнігу пра Салея — якой яна павінна быць, з кім трэба пагаварыць. Я яго некалькі разоў запрашаў назад, і ў прынцыпе нават дамовіліся: калі ён выпусьціць кнігу, мы вернемся да нашай размовы, і ён, магчыма, зноў прыйдзе ў „Прессбол“. Галоўнае, што ён ужо сам не выключаў такога варыянту».

Пасьля «Прессбола» Сяргей Аляхновіч некалькі гадоў адпрацаваў у інтэрнэт-газэце «Салідарнасьць». Там ён выявіў сябе ня толькі спартовым аглядальнікам зь непаўторным стылем падачы фактаў, але і выдаў заўважаны іншымі сэрыял пра гады сталеньня Беларусі. Гаворыць галоўны рэдактар рэсурсу Аляксандар Старыкевіч:

Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

«Зь Сяргеем было поўнае ўзаемаразуменьне, ён вельмі добра закрываў спартыўную тэматыку, прыцягнуў новых чытачоў да нашага сайту праз гэта. Акрамя таго, ён адзначыўся, я лічу, вельмі ўдалым праектам, які рабіў на пару з адным калегам. Ён быў прысьвечаны 18-годзьдзю Рэспублікі Беларусь — так бы мовіць, „паўналецьцю дзяржавы“. То бок кожнаму з 18 гадоў была прысьвечаная асобная гутарка, досыць глыбокая і цікавая. Безумоўна, нельга не адзначыць і абаяльнасьць Сяргея, ягоныя якасьці як сябра, таварыша. Вядома, вельмі вялікім ударам для яго было 19 сьнежня 2010 году. Ён прысутнічаў тады на Плошчы, таксама быў зьбіты, хоць нідзе гэтага не афішаваў. І вось менавіта пасьля гэтага ён быў у вельмі сур’ёзнай дэпрэсіі».

Апошнім часам Сяргей Аляхновіч цалкам быў сканцэнтраваны на пісаньні кнігі пра свайго сябра — хакеіста Руслана Салея, які 7 верасьня 2011 году, вылецеўшы на матч зь менскім «Дынама», разьбіўся ў авіякатастрофе разам з камандай яраслаўскага «Лякаматыву». Тут Салей плянаваў завяршыць спартовую кар’еру пасьля многіх гадоў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Важкі том успамінаў сваякоў Руслана, калегаў-хакеістаў, сяброў быў завершаны і аддадзены ў друк. На жнівень была заплянаваная прэзэнтацыя кнігі «Simply the best» — «Проста найлепшы».

Пра завершаную, але так і ня выдадзеную працу Сяргея Аляхновіча расказаў у відэаінтэрвію рэдактар кнігі Руслан Бацянкоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG