Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, як і трэба было чакаць, прайшла па ўсіх акругах бязь нейкіх асаблівых праблемаў і нечаканасьцяў. Групам Статкевіча і Міхалевіча адмаўлялі. Астатнія групы, у пераважнай большасьці, зарэгістравалі.

Па вялікім рахунку, тое самае мы бачылі і 4, і 8 гадоў таму. Маўляў, хочаце зьбіраць подпісы — зьбірайце. Калі знойдзеце людзей, вядома. Таму што і 4, і 8 гадоў таму збор подпісаў выпадаў на летні час. А летам людзі ў горадзе імкнуцца не затрымлівацца.

Уважаючы на досьвед збору подпісаў і агітацыі ў летні пэрыяд з папярэдніх парлямэнцкіх кампаніяў, вырашылі ўсё ж зрабіць кантрольны праход па кватэрах. Вынікі чаканыя — на стандартны пад’езд пяціпавярховіка жыхароў можна знайсьці ў 1–2 кватэрах. Падвечар гэтая лічба павялічваецца ўдвая, але ўсё роўна — большасьць па-за дасягальнасьцю. Затое ў дварах людзей хапае. Пераважна гэта пэнсіянэры і маладыя мамы з малымі дзецьмі. І тыя, і другія размаўляюць зь цікаўнасьцю. Шмат хто пазнае прозьвішча, але праз аднаго называюць Януковічам. Зрэшты, з гэтым сутыкаюся ўвесь час і ў дэмакратычным асяродзьдзі.

Цікавая размова адбылася ў чацьвер у адным з чыжоўскіх двароў недалёка ад кінатэатру «Дружба». У альтанцы сядзелі сямёра мужчынаў сталага веку і спрачаліся пра ролю Гагарына ў гісторыі касманаўтыкі. Замест таго каб празвоньваць пустыя пад’езды, я адразу накіраваўся да іх. Маё зьяўленьне выклікала цікаўнасьць і ажыўленьне. Адзін з мужчынаў пазнаў мяне — як пазьней выявілася, ён стала чытае «Нашу ніву», «Народную волю» і «Свободные новости». «А, выбары пачаліся!» — яшчэ здалёк прывітаў ён мяне. — «Хадзіце сюды, ёсьць да вас пытаньні». Адказваю, што я тут якраз дзеля гэтага. «Вось вы мне скажыце: чаму БНФ не агітуе за байкот? Гэта простая пазыцыя, лёгка тлумачыць людзям. Можна ўсё сказаць у трох сказах. Выбараў няма, хадзіць ня трэба, палата нічога не вырашае».

Цікаўлюся, што думаюць на гэты конт астатнія. Адказы збольшага падобныя — у дэпутаты ідуць толькі кар’ерысты, пасьля выбараў забываюць пра людзей. Але на выбары большасьць зьбіраецца — па звычцы, усё роўна, маўляў, нам, пэнсіянэрам, няма чаго рабіць, а так хоць нейкая падзея. Адзін з суразмоўцаў абгрунтаваў намер пайсьці галасаваць тым, што хоча нагадаць пра сябе: «Так хоць будуць ведаць, што я яшчэ жывы».

Аднак вяртаю размову з прыватнага ў палітычнае рэчышча. Запытваю, ці жадалі б яны пераменаў у краіне. Чытач незалежнай прэсы адразу катэгарычна заяўляе, што перамены патрэбныя неадкладна. Ягоныя калегі, аднак, ня маюць яснага адказу. Яны пачынаюць скардзіцца на цяперашнія ўлады, ад Лукашэнкі да ЖЭСу, але наконт пераменаў відавочна няўпэўненыя. «А што мяняць? Грошай ніхто ня дасьць, вунь што ў сьвеце робіцца. У нас хоць ціха пакуль».

«А паглядзіце на Прыбалтыку, на Польшчу. Мы немцаў перамаглі — і паглядзіце, як жывуць, параўнайце!» — адразу ўключаецца ў агітацыю мясцовы дэмакрат. «Дык ім жа Амэрыка дапамагала ўсё. Паставілі свае войскі і далі грошай за гэта. А нам не дадуць», — адказваюць яму суседзі. «Спадар Янукевіч, растлумачце ім», — зьвяртаецца ён да мяне.

Я далучаюся да размовы. Распавядаю, што бяз вонкавага дафінансаваньня цяперашняя беларуская эканоміка існаваць ня здольная. Што Расея проста за вайсковыя базы і падтрымку ў міжнародных пытаньнях больш дапамагаць ня будзе, яны хочуць МАЗ (ажыўленьне і асобная дыскусія, меркаваньні падзяліліся, але большасьць за аб’яднаньне з MANам, а не з КамАЗам) ды іншыя беларускія прадпрыемствы. А на Захадзе можна знайсьці інвэстыцыі і выгадныя крэдыты, бо там зацікаўленыя ў разьвіцьці бізнэсу, супрацоўніцтва, стабільнасьці і бясьпекі. І далей па ўсіх пунктах пераказваю плятформу Партыі БНФ.

Суразмоўцам запярэчыць няма чаго. Бачна, што сумневы ў іх застаюцца, але яны атрымалі багаты матэрыял для роздуму і абмеркаваньня. Чытач свабоднай прэсы яўна задаволены. Ён дзякуе мне за размову, за працу, заклікае часьцей кантактаваць з простымі людзьмі.

«Вы ўсё яшчэ лічыце, што варта было адмовіцца ад вылучэньня і заняцца заклікамі да байкоту?» — пытаюся ў яго на разьвітаньне. Ён «падвісае» на некалькі сэкундаў, барацьба думак адбіваецца на ягоным твары. Бачна, што ідэя байкоту яму моцна падабаецца, але ён толькі што ўголас ухваліў мой удзел. «Ну, няхай будзе і так, і гэтак. Вы добра агітацыю праводзіце, а іншыя няхай за байкот. Толькі не сварыцеся».

Сапраўды, самае горшае — гэта сварыцца паміж сабой, замест таго каб працаваць дзеля пераменаў. З гэтым згодныя ўсе нашыя прыхільнікі. Нам варта імкнуцца да як мага шырэйшай кансалідацыі нашых высілкаў, асабліва ў коле нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Толькі разам мы можам уяўляць зь сябе сапраўдную сілу. Бяз гэтага і байкот, і ўдзел застануцца толькі архівамі ў інтэрнэце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG