Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сям'і Атрошчанкавых нарадзіўся сын Ніл


Аляксандар Атрошчанкаў і Дар'я Корсак

Аляксандар Атрошчанкаў і Дар'я Корсак

Днямі спаўняецца год, як вызвалілі першую хвалю асуджаных за Плошчу — за сьнежаньскія падзеі 2010 году. Як склаўся лёс былых палітвязьяняў, ці ўдалося ім уладкавацца на працу, вучобу?

Радасная падзея — у сям’і Аляксандра Атрошчанкава. 26 ліпеня ягоная жонка Дар’я Корсак нарадзіла сына:

«Нарадзіўся ён у 7-м шпіталі, важыць 3 кіляграмы 51 грам, рост 53 сантымэтры. Даша нармальна сябе адчувае, стамілася толькі. Роды цягнуліся больш за 16 гадзін. Так што стамілася...»

Карэспандэнтка: «І якія першыя бацькоўскія пачуцьці? Бачылі ўжо хлопчыка?»

«Так, вядома, у нас партнэрскія роды былі. Я зь першай да апошняй хвіліны заставаўся там, стараўся дапамагаць, чым мог. Цэлы каскад эмоцыяў, радасьці і стомленасьці адначасова. Назвалі сына Ніл. Вельмі добрае імя, шмат годных людзей насілі гэтае імя, так і вырашылі».

Навукоўца, архівіст Зьміцер Дрозд, паплечнік Атрошчанкава па «Эўрапейскай Беларусі», лічыць нараджэньне сына ў сябра галоўнай падзеяй:

Зьміцер Дрозд

Зьміцер Дрозд

«Мы настолькі гэтаму рады! А то з кім ні паразмаўляеш з былых палітвязьняў — усе імкнуцца зьехаць, усе ў апатыі, дэпрэсіі. Таму нараджэньне сына ў Сашы для нас усіх — галоўная падзея.

А ў мяне ўсё добра. Магчыма, паеду па праграме Каліноўскага атрымліваць пасьлядыплёмную адукацыю ў Польшчу. Пачынаю пісаць кнігу „Гісторыя Беларусі ХХІ стагодзьдзя. Першае дзесяцігодзьдзе“ па матэрыялах СМІ».

Па праграме Каліноўскага будуць вучыцца ў польскіх унівэрсытэтах Фёдар Мірзаянаў і Ільля Васілевіч. А вось у маладафронтаўца Алеся Кіркевіча, які раней вучыўся на гістфаку Гарадзенскага ўнівэрсытэту, з вучобай пакуль ніяк:

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч

«Я пішу ў розныя незалежныя выданьні, зьяўляюся сябрам БАЖ. Зарэгістраваўся рамесьнікам, так што працую ў гэтай сфэры. У палітычным пляне ўсё вельмі туманна, як і наагул у краіне».

Карэспандэнтка: «Алесь, а што тычыцца вучобы — ці будзеце зноў спрабаваць? Вы ж у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт зьбіраліся...»

«Калі я толькі выйшаў, ЭГУ не пайшло мне насустрач — маўляў, прыёмная кампанія скончылася. „Салідарнасьць“ спрабавала дапамагчы — таксама безвынікова. І пакуль я вырашыў вучобу крыху адкласьці, таму што трэба наладзіць дабрабыт сям’і. Мне трэба ўтрымліваць і сябе, і яшчэ як мінімум двух чалавек».

Павал Вінаградаў хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, але пакуль узьнікаюць праблемы. За ім усталяваны прафіляктычны нагляд, які прадугледжвае шмат абмежаваньняў:

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

«Наконт вучобы — я насамрэч думаў. Як толькі вызваліўся з турмы, я не пасьпеў, бо вызваліўся толькі 14 верасьня. А цяпер мне нельга выяжджаць за мяжу. Таму калі ў мяне атрымаецца вучыцца дыстанцыйна ў ЭГУ, адпраўляць працы па пошце, тады я змагу вучыцца. Але вельмі сумняюся, што ў сувязі са статусам невыязнога ў мяне атрымаецца вучыцца. А так — а 20-й павінен быць у хаце. Вось учора прыходзілі, правяралі».

Некаторыя былыя палітвязьні зьехалі працаваць за мяжу, у асноўным у Польшчу і Расею: Яўген Сакрэт, Уладзімер Лобан, Алег Федаркевіч. Менавіта з-за таго, што не маглі ўладкавацца ў Беларусі. Праблемы з працаўладкаваньнем дагэтуль у Аляксандра Класкоўскага. Але ёсьць і шчасьлівае выключэньне: кіраўнік прыватнай дрэваапрацоўчай фірмы амаль год трымаў месца для Аляксандра Квяткевіча, які трапіў у турму. Аляксандар распавёў:

«Мяне адразу ўзялі туды ж, дзе працаваў раней. Зараз я ў адпачынку, у вёсцы. У мяне ўсё добра».
XS
SM
MD
LG