Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На трэці дзень спробаў адвакатка сустрэлася з Антонам Сурапіным


Пра гэта паведаміла "Свабодзе" Алена Сурапіна, маці фатографа Антона Сурапіна, якога з 13 ліпеня трымаюць у СІЗА КДБ паводле справы аб "плюшавых мядзьведзіках".

"Паводле адваката, яна бачылася з Антонам, а вось са сьледчым ёй не ўдалося зьвязацца, ня браў слухаўку, і яна да яго ня трапіла. І таму не змагла адказаць на маё пытаньне, ці выставілі Антону абвінавачаньне. Пра Антона кажа, што трымаецца аптымістычна, бо спадзяецца на справядлівы разгляд справы, а значыць, выйдзе. Ён пачуваецца нармальна, глядзіць тэлевізар у камэры, на ўмовы ня скардзіцца. Мяркуючы па словах адваката, нейкія сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам вядуцца, але што дакладна, не магу сказаць. Сёньня я была ў Менску, перадала Антону перадачу, якую прынялі без праблем. Зараз вярнулася ў Слуцак, а ў панядзелак зноў паедзем у Менск. Спадзяюся, вернемся дамоў з Антонам. Калі за гэтую справу ўзяўся прэзыдэнт, то хай, як ён сказаў, вінаватыя будуць пакараныя, а невінаватыя вызваленыя. Я лічу свайго сына, як і ўсе, невінаватым. У тым, што ён выклаў у інтэрнэт фатаздымкі, тым больш не свае, няма вялікага злачынства. У рэшце рэшт, гэта ягоная праца. А далей хай разьбіраюцца, хто празяваў і ў астатнім".

Студэнта БДУ Антона Сурапіна КДБ падазрае ў спрыяньні ў незаконным перасячэньні мяжы групе асобаў. Антон Сурапін кажа, што выклаў у інтэрнэт фатаздымкі мядзьведзікаў са словамі падтрымкі свабоды прэсы ў Беларусі, якія яму даслаў праз электронную пошту невядомы. Плюшавыя мядзьведзікі былі скінутыя 4 ліпеня над Івянцом і ўскраінай Менску са швэдзкага лёгкаматорнага самалёта. Толькі ўчора, 26 ліпеня, улады прызналі факт гэтага палёту. Пра гэта на нарадзе зь сілавікамі сказаў Аляксандар Лукашэнка, які паабяцаў да панядзелка прыняць кадравыя рашэньні адносна адказных за парушэньне паветранай прасторы краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG