Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Застаецца чакаць, што пераможа здаровы розум", – заявіў у інтэрвію рэгіянальнай газэце "Вячэрні Брэст" бізнэсмэн Аляксандар Машэнскі, генэральны дырэктар СП "Санта Імпэкс Брэст", адказваючы на пытаньне пра тое, што ён усё часьцей фігуруе ў сьпісах бізнэсмэнаў, якіх ЭЗ нібыта можа зрабіць неўязнымі.

"Я сам сабе ведаю, што я прадпрымальнік, я кіраваў і кірую прадпрыемствам, я ствараю бізнэсы, і, сьмею спадзявацца, я раблю гэта эфэктыўна", – сказаў Машэнскі.

Ён адзначыў, што яго сфэра дзейнасьці ніяк не зьвязаная зь дзяржпастаўкамі. І "Санта Брэмар", і "Савушкін прадукт" прадаюць прадукты харчаваньня для насельніцтва, прычым на 90% праз прыватную сыстэму рэалізацыі.

"Любы ўдар ці санкцыі, накіраваныя на гэтыя прадпрыемствы, удараць і па іхніх працаўніках, і па тых, хто зь імі зьвязаны ў рамках дадзенага ланцужка", – падкрэсьліў Машэнскі.

18 чэрвеня сталы камітэт ЭЗ па харчовым ланцугу і здароўі жывёл дазволіў пастаўкі сырога малака і малочных прадуктаў зь Беларусі на рынак ЭЗ чатыром беларускім кампаніям. Тры зь іх маюць дачыненьне да Аляксандра Машэнскага. "Санта Брэмар" і "Савушкін прадукт" – яго асноўныя актывы, таксама ягоныя інтарэсы прадстаўленыя на Бярозаўскім сыраробным камбінаце.

Пару тыдняў таму Машэнскаму прадракалі, што ён трапіць у "чорны сьпіс" ЭЗ. EUobserver называў берасьцейскага бізнэсоўца сярод тых, каго могуць закрануць санкцыі, бо Машэнскі "згуляў важную ролю ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году і стаў трэцім па ўплывовасьці алігархам пасьля Пефціева і Чыжа". У 2010 годзе бізнэсмэн уваходзіў у лік давераных асобаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, адзначае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG