Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да Дня Незалежнасьці — новы крыж у «віцебскіх Курапатах»


Група віцебскіх дэмакратычных актывістаў наведала месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пад вёскай Паляі ў Віцебскім раёне.

На гэтым жалобным месцы, дзе ў 1930–50-я гады расстрэльвалі мірных грамадзянаў, прадстаўнікі розных апазыцыйных партый і дэмакратычных рухаў сваімі рукамі ствараюць мэмарыял. Пра трагедыю нагадваюць некалькі крыжоў, усталяваных тут у розныя гады.

Да 22-х угодкаў прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі тут зьявіўся новы крыж, апавёў апазыцыянэр Барыс Хамайда:

«Прыбралі тэрыторыю панавокал крыжоў, прачыталі малітву за Беларусь. Новы крыж — мэталічны, ён больш даўгавечны за драўляныя. Калі яго ня зьнішчаць, вядома...»

Крыжы пад вёскай Паляі невядомыя вандалы зьнішчалі неаднаразова. Апазыцыянэры зьвярталіся ў міліцыю, каб там заняліся пошукамі вінаватых. Нікога не знайшлі. А два гады таму старшыню абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава судзілі «за самаўпраўства» — за ўсталяваньне на ўзьлесьсі новых крыжоў.

Спадар Смолікаў адмовіўся зьнесьці крыжы, хоць рашэньне суду было менавіта такое. Іх не чапаюць і мясцовыя ўлады, хоць менавіта старшыня Варонаўскага сельсавету падаваў на Кастуся Смолікава ў суд.

Некалькі крыжоў на ўскрайку лесу добра відаць з аўтадарогі Р21, якая вядзе зь Віцебску ў бок Лёзна і Смаленску.
XS
SM
MD
LG