Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюту Мытнага саюзу «прыдумалі» ў Казахстане


У Шымкенце (былы Чымкент) - абласным цэнтры Паўднёва-Казахстанскай вобласьці - ашуканцы выманьвалі ў даверлівых людзей грошы, прапаноўваючы наўзамен «новую валюту Мытнага саюзу». Пра гэта паведамляе Lenta.ru са спасылкай на Tengrinews.

Махлярствам займаліся дзьве жанчыны, іх ахвярамі сталі грамадзяне пэнсійнага веку. Злачынцы прыходзілі да старых і заяўлялі ім, што ў сувязі з уступленьнем Казахстана ў Мытны саюз адбываецца абмен грошай на новую валюту. «Кабеты прапаноўвалі пэнсіянэрам хуткі абмен. Наіўныя бабулі і дзядулі згаджаліся і аддавалі махляркам свае зьберажэньні», - распавёў супрацоўнік паліцыі Азіз Кенжаеў.

Махляркі падманулі сем чалавек на агульную суму паўмільёна тэнге (каля трох тысяч даляраў). Як выглядала прапанаваная імі «новая валюта», не ўдакладняецца.

Мытны саюз з удзелам Беларусі, Казахстана і Расеі быў створаны ў 2010 годзе. У 2011 годзе на межах паміж удзельнікамі гэтага аб'яднаньня быў адменены мытны кантроль, ён быў перанесены на зьнешнія межы МС.

У кантэксьце інтэграцыі Расеі, Беларусі і Казахстана выказваліся прапановы аб увядзеньні адзінай валюты. Гэтую тэму, у прыватнасьці, падымаў прэм'ер-міністар РФ Дзьмітры Мядзьведзеў. З прапановай стварыць агульную грашовую адзінку для краін ЭўрАзЭС выступаў і казахстанскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў.

Між тым у Нацыянальным банку Казахстана, камэнтуючы прапанову аб увядзеньні адзінай валюты на прасторы Мытнага саюзу, ахарактарызавалі яе як заўчасную. «Стварэньне адзінай валюты можна аднесьці да пытаньняў далёкай пэрспэктывы, казаць у цяперашні час аб валютным аб'яднаньні краін Мытнага саюзу занадта рана», - заявіў старшыня Нацбанку Рыгор Марчанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG