Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віншаваньні палітвязьням да Дня незалежнасьці


Гомельскія грамадзкія актывісты накіравалі палітычным вязьням віншавальныя паштоўкі да Дня незалежнасьці Беларусі, які дэмакратычная супольнасьць адзначае 27 ліпеня.

«Паштоўкі дасланы ўсім чатырнаццаці беларускім палітвязьням, у тым ліку Алесю Бяляцкаму ў Бабруйскую турму, Паўлу Севярынцу ў Куплін, Зьмітру Дашкевічу ў Глыбоцкую турму, Мікалаю Статкевічу ды Яўгену Васьковічу ў Магілеўскую турму», — кажа грамадзкі актывіст і праваабаронца Леанід Судаленка.

У віншаваньні сказана: «Лёгіка падзеяў і здаровы сэнс гавораць пра тое, што Свабода абавязкова вернецца ў Беларусь, а незалежнасьць краіны стане велізарнай каштоўнасьцю ўсяго беларускага народу. Ваша ахвяра будуе падмурак Вольнай і Незалежнай Беларусі. Разам мы пераможам!»

Апрача вышэй згаданых асобаў, міжнародная супольнасьць, прызнала палітычнымі вязьнямі таксама Мікалая Аўтуховіча, Сяргея Каваленку Эдуарда Лобава, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку, Паўла Сырамолатава. Усе яны адбываюць пакараньні ў беларускіх турмах на падставе палітычна матываваных прысудаў і не патрапляюць пад абвешчаную нядаўна амністыю.
XS
SM
MD
LG