Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

2000 трытонаў, 10000 прыбіральняў, 260000 боханаў хлеба...


Лёнданская Алімпіяда афіцыйна адкрыецца 27 ліпеня, і найлепшыя спартоўцы сьвету на працягу трох тыдняў будуць змагацца за тысячы алімпійскіх мэдалёў. Паглядзім на найвялікшую спартовую падзею на плянэце з гледзішча лічбаў.

2 — столькі атлетаў-жанчын прыслала ў Лёндан Савудаўская Арабія. Кансэрватыўнае мусульманскае каралеўства ў гэтым месяцы пацьвердзіла, што ўпершыню гонар краіны на алімпіядзе будуць бараніць і жанчыны — дзюдаістка Вуджан Алі Сэрадж Абдульрахім Шархані і бягуха на 800 мэтраў Сара Атар.

3 — столькі краінаў, якія ўпершыню на Алімпіядзе будуць прадстаўляць і жанчыны — Савудаўская Арабія, Катар і Брунэй. Упершыню ў гісторыі Алімпіядаў жанчыны будуць ва ўсіх нацыянальных камандах.

3 — столькі разоў гульні праводзіліся ў Лёндане ад часу аднаўленьня Алімпіядаў у 1896 годзе. Папярэднія Алімпіяды ў брытанскай сталіцы праводзіліся ў 1908 і 1948 гадах. Лёзунг сёлетніх гульняў — «Натхніць пакаленьне».

5 — столькі Боінгаў-747 можа зьмясьціцца, стаўшы крыло ў крыло, унутры Міжнароднага прэс-цэнтру, дзе кругласутачна будуць працаваць 20 000 камэнтатараў, фатографаў і журналістаў, што будуць асьвятляць Алімпіяду.

17 — столькі кілямэтраў сталёвага кабэлю спатрэбілася для пабудовы сеткавага даху веладрому. Гэта ўдвая больш за вышыню Эвэрэста. Аснашчаны эліптычным трэкам і 6 000 глядацкімі месцамі, гэта мае быць найхутчэйшы веладром у сьвеце.

26 — столькі відаў спорту, якія ўключаюць 38 дысцыплінаў, будуць прадстаўленыя на Алімпіядзе.

71 — столькі гадоў найстарэйшаму ўдзельніку гульняў. Японец Хіросі Хакецу выступіць у спаборніцтвах па коннай выездцы з сваёй 15-гадовай кабылай Віспэр. Хакецу — найстарэйшы алімпіец ад таго часу, калі 72-гадовы швэдзкі стралок Оскар Сван выйграў брозну на Гульнях у Антвэрпэне ў 1920 годзе.

357 — столькі футбольных палёў зьмясьцілася б у Алімпійскім парку плошчай 2,5 кв. км. Апрача васьмі аб’ектаў, улучна з Алімпійскім стадыёнам, водным цэнтрам і веладромам, у парку разьмесьціцца і Алімпійская вёска, дзе будуць жыць спартоўцы і афіцыйныя прадстаўнікі камандаў.

2 000 — столькі трытонаў было пераселена з тэрыторыі Алімпійскага парку ў разьмешчаны непадалёк водны запаведнік.

4 700 — столькі мэдалёў было выраблена для Алімпіяды і Параалімпійскіх Гульняў, якія адбудуцца пасьля яе. На пярэднім баку выяўлена Ніка, грэцкая багіня перамогі, а на заднім — эмблема Алімпіяды-2012. Назва віду спорту пазначана на рабры. Мэдаль важыць 400 грамаў.

10 000 — столькі часовых прыбіральняў разьмешчана вакол алімпійскіх аб’ектаў.

12 000 — столькі квадратных мэтраў складае плошча хвалістага даху воднага цэнтру, што ў паўтара раза больш за поле стадыёну Ўэмблі. Каб напоўніць тры басэйны, спатрэбілася дзесяць мільёнаў літраў вады.

17 000 — столькі спартоўцаў будуць прадстаўляць 204 краіны-ўдзельніцы.

18 000 — такая колькасьць вайскоўцаў будзе забясьпечваць спакой і бясьпеку на Алімпіядзе — больш, чым цяперашні кантынгент у Афганістане. На Тэмзе стаіць на прычале авіяносьбіт, паветра будзе ахоўвацца сыстэмамі ракетаў зямля-паветра. 55 патрулёў з сабакамі будуць ахоўваць Алімпійскую зону, аддзеленую ад гораду 5000-вольтавым электрычным плотам.

80 000 — умяшчальнасьць Алімпійскага стадыёну. Вышыня будовы — 53 мэтры. Вакол даху разьмешчана 14 асьвятляльных вежаў вышынёю 70 мэтраў. Падчас будоўлі было вывезена 800 000 тонаў грунту.

150 000 — столькі прэзэрватываў будзе раздадзена ў Алімпійскай вёсцы, што складае каля дзевяці на аднаго спартоўца. Падчас Алімпіяды 2008 году ў Пэкіне было раздадзена 100 000 прэзэрватываў.

9 мільёнаў — столькі плянуецца прадаць білетаў на сядзячыя месцы. Цана білета вагаецца паміж $30 за стандартнае месца на звычайных спаборніцтвах і $3000 за найлепшыя месцы падчас цырымоніі адкрыцьця. Чакаецца, што колькасьць гледачоў на алімпійскіх трыбунах складзе больш за 500 000 чалавек.

13 мільёнаў — колькасьць порцыяў ежы, якой плянуецца накарміць падчас Алімпіяды і Параалімпійскіх Гульняў гледачоў, спартоўцаў, абслугу і валянтэраў. Будзе зьедзена каля 260 000 боханаў хлеба.

4 мільярды — чакаецца, што столькі гледачоў ва ўсім сьвеце будуць глядзець цырымонію адкрыцьця на Алімпійскім Стадыёне па тэлевізары. Падчас цырымоніі адбудзецца парад спартоўцаў краін-удзельніц і запальваньне Алімпійскага Агню.

13 мільярдаў — столькі даляраў было патрачана на падрыхтоўку Алімпіяды — больш чым удвая болей, чым плянавалася раней. Паводле прыблізных падлікаў, цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Алімпіяды будуць каштаваць каля 10 мільёнаў даляраў за гадзіну.
XS
SM
MD
LG