Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Таджыкістан: снайпэры забіваюць цывільных жыхароў


Харог

Харог

У выніку абстрэлу снайпэраў сёньня раніцай у Харогу забітыя 6 жыхароў горада, у тым ліку дзіця, мужчыны і жанчыны.

Карэспандэнт Радыё Свабода паведамляе, што адносны спакой, які быў у горадзе раніцай, цяпер парушаны. Жыхары гораду выходзяць на вуліцу, каб выказаць свой пратэст супраць дзеяньняў уладаў. Цяпер перад будынкам адміністрацыі і кіраваньня бясьпекі вобласьці зьбіраецца група гараджанаў.

Тым часам, Кадыры Касім, старшыня Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьці, які ўчора дазволіў правядзеньне вайсковай апэрацыі ў Харогу, сёньня назваў гэтае рашэньне «памылковым» і заявіў, што пасьля стабілізацыі сытуацыі падасьць у адстаўку.

Раніцай карэспандэнт Радыё Свабода паведамляў, што ў адміністрацыйным цэнтры Бадахшану — Харогу, адносна спакойна. Паводле яго, насельніцтву дазваляюць пакінуць Харог, але ўезд у гэты горад па-ранейшаму закрыты.

Афіцыйныя ўлады не паведамляюць аб тым, як прайшла ноч. Не пацьвярджаюць, але і не зьняпраўджваюць яны і паведамленьне аб раненьні галоўнага вайсковага пракурора Таджыкістану Хайруло Саідава. Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі зьняпраўдзіў паведамленьні аб гібелі 200 чалавек падчас апэрацыі ў Харогу.

Назірджон Бурыеў, прэс-сакратар гэтага ведамства, у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што гэтыя лічбы занадта перабольшаныя і іх мэта — скажэньне рэчаіснасьці.

Паводле афіцыйных дадзеных падчасе апэрацыі ў Харогы забіта 42 чалавекі, у тым ліку 30 ваеўнікоў і 12 вайскоўцаў урадавых сіл. 40 членаў ўзброенай групы, у тым ліку і 8 грамадзян Аўганістану арыштаваныя.
XS
SM
MD
LG