Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Краўчанка супраць прызначэнцаў улады


Галіна Краўчанка (справа) і Ірына Польская, сябра яе ініцыятыўнай групы.

Галіна Краўчанка (справа) і Ірына Польская, сябра яе ініцыятыўнай групы.

На Гомельшчыне 17 акруговых камісіяў зарэгістравалі 42 ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за вылучэньне прэтэндэнтаў на ролю кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Сярод іх і Галіна Краўчанка, сябра дэмакратычнага руху «За свабоду» й Гомельскага дэмакратычнага форуму. Рэпартаж аб працы яе ініцыятыўнай групы.

Маладая грамадзкая актывістка зьбіраецца балятавацца кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 35, дзе жыве звыш 64 тысяч выбарцаў. Тут за яе вылучэньне сабрана ўжо больш як паўтысячы подпісаў. Гэтым займаюцца валянтэры з групы падтрымкі.

Дарыя Суворава, сябра групы: «Добры дзень! Я — чалец ініцыятыўнай групы Галіны Краўчанкі. Яна вырашыла вылучыць сваю кандыдатуру па гэтай акрузе — яна тут жыве, і ёй не абыякавыя праблемы, зь якімі сутыкаецеся і вы, і яна, і яшчэ 60 тысяч чалавек».

З такіх слоў звычайна і пачынаюцца гутаркі актывістаў з выбарцамі акругі. Некаторыя адмахваюцца, кажуць, што на выбары ня ходзяць, бо ня бачаць канкрэтнай працы цяперашніх дэпутатаў — па сутнасьці, прызначэнцаў ад улады. І тут у Дарыі ёсьць свой аргумэнт:

«Чаму б не паспрабаваць зрабіць сьвядомы выбар, ня выбраць маладога чалавека, якому ня ўсё адно і які, напэўна, штосьці зробіць, чым цярпець прызначэнцаў?»

У Галіны Краўчанкі — дзьве адукацыі: сярэдняя мэдычная — яна фэльчар-акушэрка, і вышэйшая — яна да таго ж выкладчыца біялёгіі й хіміі. Зараз працуе намесьніцай дырэктара невялікага прыватнага прадпрыемства «Друкаванае слова», валянтэр руху абароны жывёлаў.

Краўчанка: «Наша ініцыятыўная група складаецца з 24 чалавек. Тры дзяўчыны, астатнія — маладыя людзі. Асаблівы час, калі горача з подпісамі, — гэта пераважна з 5 да 9 гадзіны вечара».

Галіна кажа, што некаторыя выбарцы зьвяртаюць увагу на малады ўзрост каманды — і падпісваюцца. Іншыя, наадварот, ня вельмі схільныя давяраць маладым. Але ў каманды ёсьць аргумэнты і на такія пярэчаньні:

«Чальцы ініцыятыўнай групы і я, калі ідзем зьбіраць подпісы, пытаемся: а што зрабілі прадстаўнікі народу за мінулыя чатыры гады? Што яны зрабілі такога, і вы пра гэта ведаеце? Дзе вы пра гэта прачыталі? Ці трымалі яны справаздачу перад вамі за сваю дзейнасьць? Адказ часьцей адмоўны. Многія нават ня памятаюць, за каго галасавалі чатыры гады таму».
Людзі будуць верыць у сумленныя выбары датуль, пакуль не сутыкнуцца з падманам.

Рэгіянальны кіраўнік руху «За свабоду» Пётар Кузьняцоў, які таксама ўваходзіць у групу падтрымкі спадарыні Краўчанкі, лічыць, што шанцаў на перамогу ў дэмакратычных кандыдатаў, па сутнасьці, няма, бо няма сапраўдных выбараў:

«Наша галоўная мэта ў тым, каб прадэманстраваць людзям альтэрнатыву. Людзі будуць верыць у сумленныя выбары датуль, пакуль не сутыкнуцца з падманам. Калі большасьць людзей прагаласуюць за Галіну і ўбачаць, што яна ня стала дэпутатам, тады яны будуць ведаць, што ў Беларусі за выбары, і будуць адпаведна ставіцца да іх. А калі на выбарах ня будзе ў дзень галасаваньня альтэрнатывы, то ніякай нагоды задумацца над гэтым у простых людзей ня будзе. І надалей будзе, як і зараз: 50 ці 60 адсоткаў насельніцтва вераць, што выбары ў нас сумленныя, і таму не выходзяць на акцыі пратэсту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG