Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбыў новы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч з жонкай Рэндзі, фота з фэйсбуку

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч з жонкай Рэндзі, фота з фэйсбуку

26 ліпеня ў беларускую сталіцу прыбыў новы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч.

Адной з апошніх пасад Голдрыча была пасада дырэктара ўпраўленьня па справах Каўказу і рэгіянальных канфліктаў бюро эўрапейскіх і эўразійскіх спраў Дзярждэпартамэнту, інфармуе БелаПАН.

Ранейшы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан пакінуў Менск 25 ліпеня ў сувязі з заканчэньнем тэрміну дыпляматычнай місіі. Ён узначальваў амбасаду зь ліпеня 2009 году.

Пасада амбасадара ЗША ў Беларусі застаецца вакантнай з сакавіка 2008 году — пасьля дыпляматычнага канфлікту паміж Менскам і Вашынгтонам. Падставай для канфлікту стала ўвядзеньне ЗША санкцыяў у дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім». Неўзабаве пасьля гэтага амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацыяў, а Менск на патрабаваньне беларускага боку пакінула амабасадар Карэн Ст’юарт. Таксама на патрабаваньне беларускага боку колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску была скарочаная з 35 да пяці супрацоўнікаў.

Санкцыі ў дачыненьні да «Белнафтахіма» былі ўведзеныя ЗША ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG