Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да 40 мільёнаў беларускіх рублёў дзяржава прымушае заплаціць тых выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных устаноў, прафтэхвучэльняў, якія не пажадаюць адпрацаваць на прапанаваных па накіраваньні месцах. Калі ж былы студэнт будзе хавацца, то шукаць яго будуць міліцыя й пракуратура.

Тыя з выпускнікоў беларускіх ВНУ, каму давялося судзіцца зь дзяржавай за тое, што адмовіліся працаваць па разьмеркаваньні, пераканаліся, што суд заўсёды будзе не на іх баку.

Да прыкладу, спадарыня Антаніна скончыла Гарадзенскі пэдагагічны каледж. Па выніках разьмеркаваньня яе накіравалі ў аддзел адукацыі Карэліцкага раёну, аднак там, як высьветлілася, свабодных месцаў не было. Дзяўчына прасілася дамоў у Горадню, але атрымала новае разьмеркаваньне ў Ашмянскі раён.

Гарадзенскі пэдэгагічны каледж


Гэтую гісторыю распавядае мне муж Алены — Аляксей. Сама дзяўчына пра гэта ня хоча нават узгадваць.

Суразмоўца кажа, што Антаніна тады яшчэ была ня замужам, пратрымалася ў вёсцы 9 месяцаў, але ня вытрымала дрэнных бытавых умоваў і зусім нізкага заробку і ўцякла дамоў у Горадню. Праўда, у хуткім часе яе пачалі шукаць.

Аляксей: «З каледжа прыйшла папера. Яна адмовілася плаціць за навучаньне, паколькі працавала па разьмеркаваньні. Але... потым у судзе ўжо нічога не давядзеш, там як вырашылі ў першай судовай інстанцыі, так усё і застаецца».

У судзе Антаніна спрабавала давесьці, што зьбегла, бо яе не забясьпечылі належным жыльлём, што заробак быў настолькі малы, што ёй не было за што нават зьезьдзіць у Горадню да маці. Але гэтыя аргумэнты ніхто да ведама ня ўзяў. Антаніна дайшла да Вярхоўнага суду.

Аляксей: «У абласным судзе нас наагул не хацелі слухаць, усе перапісвалі так, як было прынята ў першай інстанцыі. А ў Вярхоўным судзе вядзецца паседжаньне суду без удзелу бакоў, то ёй даслалі толькі рашэньне, якое таксама было напісана амаль як і ў першай інстанцыі».

Аляксей кажа, што давялося заплаціць больш за тры тысячы даляраў, і пасьля гэтага Антаніна наагул болей не захацела займацца пэдагагічнай працай.

Гарадзенскі мэдычны ўнівэсытэт


А вось студэнткі мэдычнага ўнівэрсытэту таксама распавядалі мне, што вельмі ня любяць прымусовага разьмеркаваньня. Праўда, ім за навучаньне, калі дойдзе да суду, давядзецца заплаціць больш за 12 тысяч даляраў. Таму яны шукаюць іншыя шляхі, каб ня ехаць у вясковую амбуляторыю. Кажа выпускніца Марыся:

«Вядома, што ў кожнай справе ёсьць свае нюансы. І тут таксама ёсьць: шмат хто пераразьмяркоўваецца, выходзяць замуж, шукаюць нейкія іншыя выйсьці з гэтае сытуацыі. У нас, да прыкладу, больш за 30% на шостым курсе павыходзілі замуж. Астатнія зьбіраюцца на інтэрнатуру, каб ня ехаць у вясковыя амбуляторыі».

Віцебскі мэдычны ўнівэрсытэт


На Віцебшчыне, каб былому выпускніку віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту не паехаць працаваць па разьмеркаваньні, давядзецца выплаціць суму, прыблізна роўную кошту платнага навучаньня. Інакш даводзіцца выплачваць гэтыя грошы паводле рашэньня суду, і такія выпадкі далёка не адзінкавыя.

На ўмовах ананімнасьці дзеліцца зьвесткамі выкладчыца ВНУ:

«Хто ня едзе па разьмеркаваньні, той мусіць сплаціць грошы.Або праз суд выплочвае. Дзеля гэтага і заключаюць дамовы — дамову на прадстаўленьне адукацыйных паслуг. Сам рэктар на апошняй вучонай радзе прасіў агучыць лічбу, да якой колькасьці людзей прымянілі гэтую меру. Але юрыст наша сказала, што ня можа назваць дакладна, але лічба немаленькая. І нават прарэктар наша кажа: «Ой, падумаеш! Выплаціў 10 тысяч даляраў — вось і ўсё разьмеркаваньне».

Аднак значная частка студэнтаў ды іх бацькоў гатовыя сплаціць гэтыя грошы добраахвотна, абы пазьбегнуць разьмеркаваньня. І асабліва шмат такіх выпадкаў было летась, калі даляр некалькі разоў таньнеў, працягвае суразмоўца:
Дык Лынтупы — гэта яшчэ нічога... бываюць жа яшчэ вясковыя ФАПы! Хоць большасьць, вядома, едзе. Плача, ные, але едзе!

«Летась актыўна ўсе плацілі, бо гэта было па курсе даляра — было ці ня ў тры разы таньней. Сярод мінулагодніх выпускнікоў была значная колькасьць. Колькі каштуе платнае навучаньне, столькі плаці, і ўсё! У нас як: 12 мільёнаў у год, за шэсьць гадоў калі бацькі могуць, дык і выплочваюць! Ну ня хочуць дзеці ехаць у нейкія Лынтупы, што зробіш! Дык Лынтупы — гэта яшчэ нічога... бываюць жа яшчэ вясковыя ФАПы! Хоць большасьць, вядома, едзе. Плача, ные, але едзе!»

Лекараў на Віцебшчыне ўсё адно не хапае, хоць штогод прымаюць пад 500 студэнтаў. Верагодна, іх знарок набіраюць «зь лішкам», улічваючы верагоднасьць сыходу — ня толькі ад разьмеркаваньня, а і ўвогуле з прафэсіі.

Бо першая прычына адмоваў ехаць па разьмеркаваньні — гэта кепскія бытавыя і працоўныя ўмовы ў сельскай мясцовасьці, а другая — невялікі заробак выпускнікоў. Гэта бывае сюрпрызам для тых, хто верыць «агітацыі» маладых адмыслоўцаў у дзяржаўных СМІ. Таму ўжо на апошніх курсах будучыя мэдыкі пачынаюць задумвацца пра ўхіленьне ад разьмеркаваньня, кажа выкладчыца:

«Ізноў набіраюць 485 чалавек. Яны зараз паступаюць, а на пятым курсе пачынаецца штогод адно й тое самае, як у казцы: яны ня ведалі, што лекар атрымлівае 2 мільёны. Так, дзяўчына ў Лынтупах працуе за два мільёны і кажа: „Ах, я ніколі ня думала!...“ Яна думала, што дзесяць! Ну, і разумець трэба, што гэтыя грошы проста так не даюцца: вось у такой гарачыні стой зьверху ў халаце ды працуй! Але раз не падабаецца разьмеркаваньне — заплаці 10 тысяч даляраў і будзь вольная!»

Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт


Праўда, каб быць вольнымі, некаторыя абіраюць і іншыя шляхі, кажа леташняя выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тацяна, якая ня стала настаўніцай расейскай мовы на вёсцы:

«У нас загадзя ўсе дамаўляліся і прыладкоўваліся, каб зь нейкай установы даведку прыслалі, што іх бяруць на працу. Гэта каб на вёску ня ехаць. А яшчэ — можна „ў дэкрэт“ сысьці адразу. Можа, і разьмеркавалі каго, але літаральна пару чалавек».

Берасьцей­скі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт


Выпускніца Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Ліля Казак сутыкнулася з праблемамі пры разьмеркаваньні ў мінулым годзе. Дзяўчына кажа, што ёй помсьцілі за ўдзел у выбарчай кампаніі 2010 году. Ад разьмеркаваньня ў глухую вёску ўратавала толькі замужжа.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў студэнтка пятага курсу будаўнічага факультэту Ліля Казак была сябрам выбарчай камісіі ад апазыцыі. Пасьля выбараў, падчас апошняй сэсіі, дзяўчына адчула, што яе проста «завальваюць»:

«У мяне заўтра здача дыплёму, а я яшчэ не дапусьцілася. Тры разы здавала іспыт, назаўтра дыплём, а чацьвёрты раз здаваць нельга. Да гэтага дыплёму я ні разу нічога не пераздавала. Гэта быў першы раз, калі я чатыры разы пераздавала іспыт».

У выніку, кажа Ліля, толькі зварот да рэктара дапамог дамовіцца аб чацьвёртай спробе іспыту. Студэнтка даводзіла, што яна заўсёды вучылася пасьпяхова, а тут раптам такое.

Зь вялікімі перашкодамі, апавяла Ліля, ёй удалося ўсё ж абараніцца, аднак потым яе шакавала разьмеркаваньне:

«А з разьмеркаваньнем... ну проста накіравалі ў самы далёкі пункт у Беларусі. Накіроўвалі 10 чалавек, хто дрэнна вучыўся, у вёскі, а астатніх там больш-менш у горад, хто куды хацеў. А мяне чамусьці ў дзяржарганізацыі ў Берасьце — ні ў якім выпадку».
Тата зайшоў у памяшканьне, зайшоў у прыбіральню... ён проста выбег і сказаў, каб я не заходзіла.

Лілю Казак разьмеркавалі ў вёску на мяжу Гарадзенскай вобласьці. Калі яна прыехала па разьмеркаваньні, то проста жахнулася ўмовам у інтэрнаце, дзе ёй выдзелілі пакой:

«Я прыехала з татам... тата зайшоў у памяшканьне, зайшоў у прыбіральню... ён проста выбег і сказаў, каб я не заходзіла».

Падчас працы ў вёсцы дзяўчына дабівалася пераразьмеркаваньня. Справа ў тым, што незадоўга да ад’езду на працу ў вёску яна пабралася шлюбам. Аднак на пераразьмеркаваньне па месцы жыхарства мужа пайшло два месяцы:

«Гэта было вельмі цяжка разьмеркавацца, нягледзячы, што ты замужам. У Берасьці казалі адно, а там — другое. То бок ты прыходзіш у Лідзе там... а яны ўсе сябры, напрыклад, твайго старшыні...»

У выніку хаджэньняў па кабінэтах Ліля Казак дабілася пераразьмеркаваньня ў прыватную фірму ў Берасьці. Цяпер кажа, што пасьля двух месяцаў адпрацоўкі ў глушы ўражаньняў ёй хопіць на ўсё астатняе жыцьцё.


Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП, былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў: „Нагадаю, што ў Беларусі на пачатковым этапе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі краіна жыла без прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў і, як гаворыцца, не памерла з-за гэтага. Я — супраць прымусовага разьмеркаваньня. Размовы пра тое, што дзяржава „цябе вывучыла й ты абавязаны за гэта заплаціць“ — разьлічаныя на людзей юрыдычна неадукаваных. Таму што любога студэнта ў Беларусі вучыць не дзяржава, а яго бацькі. Грошы ў бюджэт, у тым ліку на адукацыю, зьбіраюць з кожнага беларуса, які працуе. І таму калі цяпер уводзяць адмысловую плату за адукацыю, то гэта падвойнае падаткаабкладаньне. Перадусім з гэтым праблема. А па-другое, дзяржава няправільна пераразьмяркоўвае гэтыя сродкі. Таму на адукацыю заўжды не хапае, а, да прыкладу, на міліцэйскі АМАП — усё ў парадку“.
На адукацыю заўжды не хапае, а, да прыкладу, на міліцэйскі АМАП — усё ў парадку.

На думку прафэсара Анатоля Паўлава, дзяржава мусіць клапаціцца пра маладых людзей і кожнаму выпускніку прапанаваць працоўнае месца, а ўжо яго права — пагадзіцца з гэтым альбо не».

Паўлаў: «Прычым гэтыя пытаньні вырашаюцца эканамічным спосабам. Калі ўлада хоча, каб у сельскай мясцовасьці, у аддаленых месцах заставаліся добрыя кадры настаўнікаў альбо лекараў, то прызначце добры заробак, кватэру — і пры такіх умовах многія людзі абавязкова паедуць... Гэтыя вельмі простыя прыклады пераконваюць, што ёсьць дастаткова прывабных і пераканаўчых эканамічных рычагоў. Але ў Беларусі на сёньня чыноўнікі прызвычаіліся дзейнічаць праз прымус і загады».

Старшыня аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП) Уладзімер Навасяд кажа, што ў Беларусі ёсьць досьвед барацьбы супраць прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў:

«Перадусім, цяпер студэнтам таксама трэба самаарганізавацца, каб хаця б паўтарыць наш ранейшы досьвед. Мы тады сабралі каля 40 тысяч подпісаў студэнтаў супраць прымусовага разьмеркаваньня. Тады, праўда, у закон былі ўнесеныя зьмяненьні, але не „драконаўскія“. Таму калі цяпер зноў паўстае праблема, то перадусім самі студэнты павінны брацца яе разьвязваць.

Мы тады праз „Грамадзянскі форум“ пачалі зьбіраць подпісы, каб прымусовага разьмеркаваньня не было. Пераконвалі, што рынак працы сярод моладзі — спэцыфічны. Выпускнік асабіста пагаджаецца, каб яго ўладкоўвала на працу пад пэўныя гарантыі дзяржава, альбо ён самастойна вырашае гэтае пытаньне на рынку працы.

Увогуле для разьвязаньня праблемы трэба ствараць пэўныя аргкамітэты сярод выпускнікоў. Пасьля выпрацоўваць пісьмовы зварот і зьбіраць пад ім подпісы. Толькі так...»
XS
SM
MD
LG