Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Заслаўі маршалу Кім Чэн Ыну дзяўчаты не спатрэбяцца?


Прыезд у Менск ў сярэдзіне 1980-х гадоў паўночнакарэйскага лідэра Кім Ір Сэна зьдзівіў двойчы. Першы раз – менчукоў і чэкістаў, другі раз – пераважна толькі чэкістаў.

Калі картэж з генэралісімусам паехаў па беларускай сталіцы, целаахоўнікі таварыша Кіма апусьцілі шкло ў лімузінах і выставілі аўтаматы. Трэба меркаваць, супрацоўнікі КДБ, якія адказвалі за ахову, аж спатнелі: да гэтага менчукоў ад непрадказальных гасьцей надзейна ахоўвала куленепрабівальнае шкло, а цяпер адзін нягеглы рух мог скончыцца трагедыяй – людзей жа вывелі на праспэкт махаць паўночнакарэйскімі сьцяжкамі. Дзякуй Богу, ва ўрадавую рэзыдэнцыю ў Заслаўі даехалі без прыгодаў.

А пра тое, што было ў Заслаўі, распавядаў адзін з былых сакратароў ЦК КПБ. Да прыезду Кім Ір Сэна карэйскі бок папрасіў паставіць у рэзыдэнцыі ложак нестандартна вялікіх памераў – яго адмыслова і зрабілі да візыту госьця. Заінтрыгаваныя гаспадары ўсталявалі ў спальні камэры назіраньня (а магчыма – яны там і былі ўвесь час; не зьдзіўлюся, калі і цяпер засталіся).

Тое, што ўбачылі чэкісцкія вочы, калі таварыш Кім адышоў да сну, зьдзівіла іх значна болей, чым прагляд канфіскаваных у няўстойлівых элемэнтаў забароненых у СССР порнафільмаў.

Да генэралісімуса ў спальню прыйшлі пяцёра ці шасьцёра дзяўчат. Не – нічога такога, што супярэчыла б сьветламу вобразу вялікага тэарэтыка ідэяў Чучхэ, не адбылося. Дзяўчаты проста леглі на ложак і прыціснуліся да цела таварыша Кіма. І таварыш Кім імгненна заснуў. Напэўна, так таварышу Кіму было цяплей.

Ну, а цяпер – пра ўнука таварыша Кіма.

Сёньня International Herald Tribune напісала пра зьяўленьне на цырымоніі адкрыцьця забаўляльнага парку новага паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына разам з маладой, стыльна апранутай жанчынай, якую мясцовыя СМІ назвалі «таварышам Ры-Соль-Ю, жонкай маршала Кім Чэн Ына».

Жонка Кім Чэн Ына паказалася на публіцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:51 0:00


International Herald Tribune вызначае гэтую падзею як «сыгнал да адкрытасьці» і, больш за тое – «разрыву зь мінулым» і заўважае, што з моманту свайго прыходу да ўлады новы паўночнакарэйскі лідэр паводзіць сябе больш раскавана, чым паводзіў сябе ягоны суворы бацька.

У якой цывілізаванай краіне такая падзея прайшла б незаўважанай – уласна, з жонкай лідэра грамадзтва пазнаёмілася б яшчэ ў часе выбараў, бо сямейнае жыцьцё палітыка, увогуле публічнай асобы ў грамадзтве з дэмакратычнымі традыцыямі заўсёды пад увагай. Але ў дадзеным выпадку гаворка пра самую, магчыма, замкнёную краіну ў сьвеце. Якая, пры гэтым, валодае ядзерным арсэналам.

«Можна ўпэўнена выказаць здагадку, што ў такой жорстка кантраляванай дзяржаве ніводнае такое адкрыцьцё не адбываецца выпадкова», – піша International Herald Tribune і цытуе меркаваньне паўднёвакарэйскага экспэрта Чон Сон Чана: «Зьяўленьне Кім Чэн Ына на публіцы з жонкай спадабаецца маладым паўночнакарэйцам, якія імкнуцца да пераменаў, асабліва жанчынам, якія жывуць у грамадзтве, дзе моцна дамінуюць мужчыны».

Пры гэтым варта нагадаць, што жыхары Паўночнай Карэі ня мелі ніякай інфармацыі пра сямейнае жыцьцё свайго ранейшага лідэра – Кім Чэн Іра. Ніводная зь ягоных трох жонак ніколі не была прадстаўленая ў ролі першай лэдзі. Больш за тое: нават пра цяперашняга кіраўніка краіны, Кім Чэн Ына, паўночнакарэйцы даведаліся толькі ў 2010 годзе, калі ён быў прадстаўлены ў ролі пераемніка бацькі.

Такая практыка нагадвае часы СССР – сямейнае жыцьцё савецкіх лідэраў (Сталіна, Брэжнева, Андропава, Чарненкі, выключэньнем, у пэўным сэнсе, быў Хрушчоў) заставалася для савецкіх людзей таямніцай.

Напрыклад, за васямнаццаць брэжнеўскіх гадоў усё, што мы ведалі пра жонку генэральнага сакратара – гэта тое, што на выбары яна прыходзіць у каракулевым футры. А цікаўнасьць да абставінаў загадкавай сьмерці Надзеі Алілуевай сканчалася ў часы Іосіфа Вісарыёнавіча, у лепшым выпадку, ГУЛАГам.

Традыцыю зламаў Гарбачоў, які прадставіў сваю Раісу Максімаўну спачатку на Захадзе, а потым і ў сваёй краіне. І – калі меркаваць з мэмуараў тагачасных заходніх лідэраў – менавіта гэта і было для іх адным са знакаў магчымых пераменаў.

А вось пра Галіну Радзівонаўну беларусы – за 18 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе – ведаюць не нашмат болей, чым пра жонку Брэжнева. Так што таварыш Кім Чэн Ын у пляне адкрытасьці апярэджвае таварыша Аляксандра.

І ў выпадку візыту ў Менск яму не спатрэбіцца везьці з сабой жаночы эскадрон. Хіба што толькі пажадае сымэтрычна адпавядаць менскаму кіраўніку...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG