Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу і Міхалевічу адмовілі. Але пра іх гавораць


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

У Беларусі зарэгістраваныя 352 ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня.

Гэтую лічбу назвала сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна сказала, што было 15 адмоваў, у тым ліку і былым кандыдатам у прэзыдэнты Міколу Статкевічу і Алесю Міхалевічу.

Лідзія Ярмошына наступным чынам патлумачыла адмовы ў рэгістрацыі Міколы Статкевіча і Алеся Міхалевіча:

«У рэгістрацыі групе Статкевіча адмоўлена таму, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь асобы, якія адбываюць пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі паводле выраку суду, ня ўдзельнічаюць у выбарах. У іх адсутнічае і актыўнае, і пасіўнае выбарчае права. Гэта абсалютна адназначна і не падлягае абмеркаваньню.

Што тычыцца Міхалевіча, то адпаведна з Выбарчым кодэксам кандыдатамі могуць стаць асобы не маладзейшыя за 21 год, грамадзяне Беларусі, якія стала пражываюць на тэрыторыі нашай краіны. Спадар Міхалевіч з сакавіка мінулага году знаходзіцца ў міжнародным вышуку».

«Палітычна мэтазгодным крокам» называе дзеяньні Статкевіча і Міхалевіча палітоляг Віктар Чарноў:

Віктар Чарноў

Віктар Чарноў

«Вылучэньне ў кандыдаты людзей, якія паводле некаторых фармальнасьцяў не адпавядаюць такому статусу, але якія зьяўляюцца знакавымі фігурамі і якія могуць у пэрспэктыве адыграць карысную ролю для грамадзтва, — гэта нармальна. Я магу згадаць прыклад з Нэльсанам Мандэлам, які сядзеў у турме і якога ў той час вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

І цяпер мы бачым прыклад, калі выбарчая кампанія скарыстоўваецца для дасягненьня іншых мэтаў. Ня ведаю, як Міхалевіч, але Статкевіч цудоўна разумеў, што ніякіх шанцаў зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу ў яго няма. Але для раскруткі сябе, для таго, каб людзі ведалі пра яго сытуацыю, пра тое, што робіцца з палітвязьнямі, ён зрабіў палітычную акцыю. Гэта — нармальны ход. Камусьці ён можа падацца маральна неапраўданым. Тым ня меней я лічу гэта палітычна мэтазгодным».

Лідзія Ярмошына паведаміла: ёсьць толькі дзьве афіцыйна зарэгістраваныя скаргі на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Іх разгледзяць на паседжаньні ЦВК 27 ліпеня.

Калі параўноўваць колькасьць зарэгістраваных ініцыятыўных групаў зь мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, то сёлета іх 352 супраць 423-х у 2008 годзе. А на выбарах 2004 году такіх групаў было 555. Палітолягі адзначаюць, што ў грамадзтве ўсё болей і болей страчваецца цікавасьць да выбараў у так званы беларускі парлямэнт.
XS
SM
MD
LG