Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Новая Зэляндыя: без алімпійскага шапказакідальніцтва


Вяртаньне маладзёвай зборнай Беларусі па футболе з чэмпіянату Эўропы, дзе беларускія футбалісты заваявалі трэцяе месца і пуцёўку на Алімпіяду 2012 году. Менск, 26.06.2011. На фота: Ягор Філіпенка

Вяртаньне маладзёвай зборнай Беларусі па футболе з чэмпіянату Эўропы, дзе беларускія футбалісты заваявалі трэцяе месца і пуцёўку на Алімпіяду 2012 году. Менск, 26.06.2011. На фота: Ягор Філіпенка

Сёньня для беларусаў афіцыйна пачынаюцца ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лёндане — яшчэ за дзень да іх урачыстага адкрыцьця.

Позна ўвечары ў барацьбу за мэдалі ўступаюць беларускія футбалісты, іх першымі супернікамі на групавой стадыі будуць новазэляндцы. Тым часам атмасфэра ў лягеры беларускіх алімпійцаў далёкая ад зацішнай — напярэдадні было адмоўлена ў брытанскай візе прэзыдэнту Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандру Лукашэнку, у выніку чаго нават пачалі распаўсюджвацца чуткі пра магчымы байкот Гульняў камандай Беларусі.

Практычна ўсе спартовыя аналітыкі сыходзяцца на думцы: самім фактам пападаньня ў Лёндан алімпійская зборная Беларусі па футболе ўжо скокнула вышэй за галаву. Цяпер засталося давесьці, што гэта ня толькі зьбег удалых абставінаў, але і вынік прадуманай гульнявой тактыкі.

Яшчэ да пачатку Алімпіяды галоўны трэнэр беларусаў Георгій Кандрацьеў наракаў, што Беларусь не адносіцца да ліку футбольных краінаў, таму чакаць нейкіх фантастычных дасягненьняў на міжнароднай арэне не выпадае. Колішні калега Кандрацьева па менскім «Дынама» Юрый Пудышаў у гэтым зьвязку лічыць: Алімпіяда — найлепшы шанец запісацца ў элітны дывізіён:

«Думаю, нармальна ўсё будзе, і належныя вынікі з часам і да нас таксама дойдуць. Але ні ў якім разе не расслабляцца, заўсёды памятаць, што трэба паважаць нават заведама слабога суперніка. У мяне самога колькі такіх гульняў было ў жыцьці! Хоць крыху непавагу праявіш да ня самага моцнага суперніка, і капут табе адразу. Нельга так, бо ты ж гуляеш для свайго народу, для краіны гуляеш, нарэшце, для імя свайго...»

Касьцяк беларускай каманды складаюць маладыя футбалісты да 23 гадоў — такі рэглямэнт алімпійскіх спаборніцтваў. Колькасьць старэйшых гульцоў абмежаваная трыма «вэтэранамі»: гэта капітан каманды Станіслаў Драгун, асыміляваны бразыльскі беларус Рэнан Брэсан і дасьведчаны Сяргей Карніленка. Зь іх дапамогай Георгій Кандрацьеў будзе намагацца выканаць задачу-мінімум — прасунуцца далей з адборачнай групы. Зрэшты, з такімі ж задачамі ў Вялікую Брытанію прыехалі і іншыя супернікі — каманды Бразыліі, Эгіпту і Новай Зэляндыі. Якія шанцы на тое, каб трапіць у лік дзьвюх мацнейшых камандаў? Меркаваньне выказвае адзін зь першых беларускіх легіянэраў, а цяпер дзейны трэнэр Андрэй Хлебасолаў:

«Лічу, што Кандрацьеву ўдалося сабраць аптымальны склад. Дый, як правіла, у зборнай зьбіраюцца ўсе наймацнейшыя на гэты момант. Да гэтага яшчэ б крыху ўдачы, як часта ў нас кажуць, бо бяз фарту ў футболе складана. Што да таго, каб выйсьці з групы — мяркую, што цалкам рэальна, але ў той жа час і ня так проста. Група ня самая лёгкая. Лічаць, што „праходная“ Новая Зэляндыя, але я так ня думаю. Вядома, вельмі шмат будзе залежаць ад першай гульні. Спадзяюся, што на такім узроўні шапказакідальніцтва ня будзе, усе гульцы разумеюць ступень адказнасьці — гэта ўсё ж Алімпіяда, а для нашых футбалістаў яшчэ і першая ў гісторыі. І калі яшчэ крыху будзе прысутнічаць удача, вядома ж, будзе лягчэй. А так, у прынцыпе, хіба што за выняткам Бразыліі, з астатнімі можна змагацца».

Фактычна з пачаткам сёньняшняга футбольнага матчу стартуе алімпійскі маратон на Беларускім тэлебачаньні. Як паведамілі ў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, канал «Беларусь-2» на час Алімпіяды цалкам стане спартовым. Упершыню асьвятляць спаборніцтвы камандзіраваны дэсант ажно з 24 чалавек. Гаворыць прадстаўніца кампаніі Сьвятлана Краскоўская:

«Трансьляцыі гульняў пачнуцца ўжо ад сёньня, 26 ліпеня. На тэлеканале „Беларусь-2“ у 16.40 пачнецца футбольны матч паміж камандамі Гішпаніі і Японіі, а ў 21.35 на канале „Беларусь-1“ будзе паказаны матч Беларусь — Новая Зэляндыя. А заўтра ў жывым эфіры — урачыстая цырымонія адкрыцьця, пачатак у 23.00. Камэнтаваць адкрыцьцё будуць Інга Хрушчова і Павал Баранаў».

Яшчэ да афіцыйнага пачатку Алімпіяды Беларусь ужо сярод лідэраў па колькасьці згадак. Нагодай для актыўнасьці стала рашэньне ўладаў Вялікай Брытаніі адмовіць ва ўязной візе Аляксандру Лукашэнку. У Лёндане палічылі, што яму няма месца на сьвяце спорту. Такім чынам, пабачыць пэрыпэтыі спаборніцтваў з трыбуны алімпійскага стадыёну, як чатыры гады таму ў Пэкіне, Лукашэнку ня ўдасца.

Тым часам беларускія афіцыйныя асобы, якія знаходзяцца з камандай у Лёндане, зьняпраўдзілі інфармацыю, што на знак салідарнасьці з Лукашэнкам нібыта магчымы байкот Алімпіяды з боку беларускіх спартоўцаў. Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч назваў такія дапушчэньні «поўнай лухтой». Сёньня забарону на ўезд для Лукашэнкі «рашуча асудзілі» дэпутаты расейскай Дзяржаўнай Думы.
XS
SM
MD
LG