Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўныя групы Статкевіча і Міхалевіча не зарэгістравалі


У Беларусі зарэгістравана 352 ініцыятыўныя групы па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня.

Гэтую лічбу назвала сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна сказала, што было 15 адмоваў, а таксама трое грамадзян адклікалі свае заявы аб утварэньні ініцыятыўных групаў пасьля таго, як іхнія групы ўжо былі зарэгістраваныя.

Калі параўноўваць з папярэднімі выбарамі, якія былі ў 2008 годзе, дык тады было зарэгістравана 423 групы, што болей, чым сёлета.

Лідзія Ярмошына патлумачыла сытуацыю з адмовамі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Яна сказала, што Статкевіч у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь як зьняволены ня можа падаваць дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Што тычыцца Міхалевіча, дык ён не пражывае ў Беларусі і знаходзіцца ў міжнародным вышуку.

Дарэчы, як сказала спадарыня Ярмошына, у месцы адбываньня пакараньня Міколам Статкевічам паведамілі, што ніякіх дакумэнтаў аб жаданьні стварыць ініцыятыўныя групы зь ім не падпісвалі. «Аднак, — сказала Лідзія Ярмошына, — мы ня будзем займацца гэтым пытаньнем. Яно ня тычыцца нас, у гэтым пытаньні калі і будзе нехта разьбірацца, дык гэта будуць органы ўнутраных спраў».

Лідзія Ярмошына таксама агучыла прозьвішчы некаторых вядомых асобаў, якія падавалі заяўкі на ўтварэньне ініцыятыўных групаў. У прыватнасьці, гэта былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў, Уладзімер Навасяд, лідэры апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Анатоль Лябедзька, былы кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка, цяперашні кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка і яго намесьнік Віктар Гумінскі, а таксама Аляксандар Прушынскі, які хоча балятавацца ў Гарадзенскай вобласьці.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, у ЦВК паступіла ўсяго 2 скаргі на нерэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Іх разгледзяць заўтра на паседжаньні ЦВК.
XS
SM
MD
LG