Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» атрымала адказ ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на зварот з просьбай патлумачыць, як можна агітаваць за байкот.

Ярмошына напісала, што агітацыя за байкот выбараў падчас перадвыбарчай кампаніі дазволеная. Правядзенне пікетаў дазволена толькі кандыдатам у дэпутаты і іх давераным асобам, тады як на байкотныя пікеты трэба атрымліваць дазвол ад уладаў.

Пра тое, што такі дазвол атрымаць немагчыма, сьведчаць як пад капірку напісаныя адмовы на правядзеньне пікетаў у Менску, Гомелі і іншых гарадах Беларусі, адзначае прэс-служба БХД.

Ярмошына таксама паведаміла, што агітатары за байкот не могуць разьлічваць на выраб друкаванай прадукцыі ў дзяржаўных установах падчас перадвыбарчай кампаніі.

«Што тычыцца перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюць выбаршчыкі, то выбаршчыкі могуць зьвяртацца ў акруговыя камісіі з заявамі аб прадстаўленьні памяшканьняў для гэтай мэты», — паведаміла яна.

Пры гэтым яна адмовілася адказваць на пытаньні, датычныя дзейнасьці праваахоўных органаў і рэклямы ў СМІ.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі 16 ліпеня зьвярнуліся ў ЦВК з просьбай патлумачыць, якім чынам грамадзяне Беларусі могуць заклікаць да байкоту выбараў.

Сярод іншага яны пыталіся, «ці могуць супрацоўнікі міліцыі ці супрацоўнікі іншых ведамстваў перашкаджаць грамадзянам Рэспублікі Беларусь рэалізоўваць сваё права ўдзельнічаць у выбарах у форме заклікаў людзей да байкоту парлямэнцкіх выбараў праз распаўсюд друкаванай прадукцыі ці іншыя форму агітацыі? Да каго зьвяртацца грамадзянам, калі супрацоўнікі міліцыі перашкаджаюць ім рэалізаваць сваё права на агітацыю да байкоту? Просім патлумачыць, як мы можам гэта рэалізаваць не парушаючы выбарчае заканадаўства?»

Прадстаўнікі БХД лічаць, што Лідзія Ярмошына не дала адказу на ўсе пытаньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG