Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справу журналіста Віталя Ругайна накіравалі на дапрацоўку


Віталь Ругайн ля Цэнтральнага суду

Віталь Ругайн ля Цэнтральнага суду

26 ліпеня у судзе Цэнтральнага раёна Менску судзілі журналіста «Эўрарадыё» Віталя Ругайна, якога затрымалі 25 ліпеня й абвінавачваюць у брыдкаслоўі ў грамадзкім месцы. Ноч Віталь Ругайн правёў у турме на Акрэсьціна.

За сёньняшнім працэсам у судзе назірала наша карэспандэнтка Іна Студзінская, якая падсумавала падзеі дня:

«Каля 17:30 Віталя Ругайна ўсё ж адпусьцілі з будынку суду Цэнтральнага раёну, і ён хацеў яшчэ пасьпець забраць з Акрэсьціна свае рэчы, бо ўчора яго затрымалі з заплечнікам, у якім быў ноўтбук, мабільныя тэлефоны, асабістыя рэчы.

Сёньня суд праходзіў даволі дзіўна. Па-першае, ніхто ня ведаў, куды ж яго ўрэшце прывязуць, бо пасьля затрыманьня Ругайна прывезьлі ў Ленінскі РАУС — значыць павінны былі судзіць у Ленінскім судзе. І з раніцы ўсе журналісты былі там.

Пасьля нечакана выявілася, што Віталя павезьлі ў Цэнтральны суд. А 12:00 туды прыехала машына з 8 міліцыянтамі, якія ахоўвалі Ругайна. Аднак да абеду працэс так і не пачаўся. Пачаўся ён а 14.00, журналістаў туды не пусьцілі. Адразу было ясна, што справа скончыцца суткамі.

Але, як ні дзіўна, як потым распавёў сам Ругайн і ягоны адвакат, судзьдзя Тацяна Ткачова вельмі старанна разглядала паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў, якія былі вельмі супярэчлівыя — яны называлі розныя месцы, розны час затрыманьня. І ўрэшце яна вынесла рашэньне — з прычыны супярэчнасьцяў накіраваць справу на дапрацоўку. Цяпер у міліцыянтаў ёсьць 5 дзён, каб усё дапрацаваць.

Пасьля больш за гадзіну Віталя дапытваў нейкі супрацоўнік у цывільным. Высьветлілася, што гэта быў супрацоўнік уласнай службы бясьпекі МУС — быццам бы гэтая служба завяла праверку па факце затрыманьня Ругайна. А сам Віталь Ругайн распавёў, што ўчора з працы ішоў дадому — адзначаць свой дзень народзінаў, дома чакаў сьвяточны стол. На вуліцы Гарадзкі Вал міліцыянты падышлі ззаду, заламалі рукі і пасьля ў пратаколе запісалі, што ён „лаяўся матам“, „аказваў супраціў“, „размахваў рукамі“.

Далейшыя навіны ў справе мы даведаемся праз 5 дзён, але тое, што Віталя Ругайна адпусьцілі, а не пасадзілі на суткі, усяляе пэўны аптымізм».

17:30 Пасьля таго як суд пастанавіў дапрацаваць адміністрацыйную справу Віталя Ругайна, з абвінавачаным больш як гадзіну размаўляў супрацоўнік службы ўласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў.

Цяпер журналіст «Эўрапейскага радыё для Беларусі» накіраваўся ў ізалятар на Акрэсьціна забіраць свае рэчы.

16:30 З-за супярэчнасьцяў у пратаколе і паказаньнях сьведкаў-міліцыянтаў судзьдзя накіравала справу журналіста Эўрарадыё на дапрацоўку. Ругайна маюць вызваліць.

Судзьдзя Тацьцяна Ткачова знайшла супярэчнасьці ў паказаньнях сьведак.

15:50 У судзе выслухалі трох сьведак-міліцыянтаў. Пасьля перапынку чакаецца рашэньне суда.

14:30 Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Міліцыянты не пусьцілі ў залю журналістаў. У судзе падставы такіх дзеяньняў не патлумачылі.

12:55 Паседжаньне пачнецца а 14-й гадзіне. Справу будзе разглядаць судзьдзя Ткачова.

Пра тое, што Віталь Ругайн на Акрэсьціна, позна вечарам 25 ліпеня яго маці паведамілі ў Ленінскім РУУС. На журналіста склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні. Ня выключана, што пратакол складзены і на яго сябра Сяргея Куракова, які быў з журналістам у момант затрыманьня. Акалiчнасьцi затрыманьня пакуль невядомыя.

Раніцай 24 ліпеня Віталь Ругайн, якога месяц таму спрабавалі затрымаць ля рэдакцыі «Эўрарадыё», вяртаўся ў Беларусь зь Літвы. У Гудагаі яго зьнялі зь цягніка і правялі мытны дагляд. У Віталя забралі пашпарт, ноўтбук, але пасьля ўсё вярнулі і яго адпусьцілі. Журналіст прыехаў у Менск.

«Эўрарадыё» зрабіла рэпартаж зь менскага мэтро: журналісты прайшліся па падземцы зь цяжкой валізкай, і на іх ніхто не зьвярнуў увагі. Адзін з аўтараў сюжэту Павал Сьвярдлоў адсядзеў 15 сутак арышту. Затрыманьне Віталя Ругайна магло стаць своеасаблівай помстай, паведамляе «Эўрарадыё».
XS
SM
MD
LG