Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: «Жыве Беларусь!»


Майкл Скэнлан на судзе над Васілём Парфянковым
Майкл Скэнлан на судзе над Васілём Парфянковым

Радыё Свабода падабрала цікавыя выказваньні Майкла Скэнлана падчас яго побыту ў Менску. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан 25 ліпеня пакінуў краіну ў сувязі з заканчэньнем тэрміну дыпляматычнай місіі.

Майкл Скэнлан — кар’ерны дыплямат. Ён займаў пасады ў дыпляматычных місіях ЗША ва Ўкраіне, Расіі і на Балканах, валодае расейскай мовай. Пасольства ЗША ў Беларусі ўзначальваў зь ліпеня 2009 году.

Майкл Скэнлан валодае шэрагам ганаровых узнагарод Дзярждэпартамэнту ЗША. Валодае басьнійскай, сэрбскай і расейскай мовамі. Вывучае беларускую.

Праз год пасьля свайго прыезду ў Беларусь Скэнлан заявіў падчас онлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода:

«Я быў на «Паўлінцы» ў Купалаўскім тэатры, мне вельмі спадабалася, і я быў зьдзіўлены, як шмат я здолеў зразумець. Я заўсёды адчуваю задавальненьне і радасьць, калі я вандрую, чую і бачу, як людзі размаўляюць па-беларуску, гэта адлюстроўвае багатую культуру і традыцыі, якія ёсьць ў Беларусі».

Дыплямат не хаваў свайго захапленьня беларускай гісторыяй і культурай.

«Я быў вельмі ўражаны багатай гісторыяй Беларусі, якая цесна зьвязана з Эўропай. Кожны горад, якія я наведваў, меў некалі Магдэбурскае права. Гісторыя рэлігійнай і этнічнай талерантнасьці, якую можна толькі ўхваляць. Гісторыя прыватнага гандлю, камэрцыі, рамёстваў, прамысловасьці, якая паказвае талент і вынаходлівасьць беларусаў».

Майкл Скэнлан быў пасьлядоўным прыхільнікам санкцыяў да рэжыму Лукашэнкі:

«Санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі застануцца ў сіле да таго часу, пакуль Беларусь ня зробіць крокі, скіраваныя да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека, свабоды СМІ, да рэформаў, якія дазволяць вярнуць актыўнае дэмакратычнае асяродзьдзе, што ляжыць у інтарэсах самой Беларусі».

Майкл Скэнлан
Майкл Скэнлан
Незадоўга да свайго ад'езду, 4 ліпеня 2012 году, на ўрачыстым прыёме ў пасольстве ЗША ў Менску, зладжаным у гонар Дня незалежнасьці, Майкл Скэнлан заявіў:


«Гісторыя Амэрыкі - гэта ў пэўнай ступені гісторыя эмігрантаў у пошуках лепшай будучыні. Такія беларусы, як Тадэвуш Касьцюшка, Дэвід Сарноф, Барыс Кіт, зь іх прагай пераменаў, дапамагалі будаваць маю краіну».

Майкл Скэнлан заўжды быў жорсткім крытыкам уладаў Беларусі, сябраваў з многімі беларускімі, журналістамі, артыстамі, палітыкамі:

«У хуткім часе я пакідаю Беларусь. У мяне назаўсёды застанецца добры ўспамін аб вашай краіне. Сотні беларусаў, зь якімі я пазнаёміўся, — відавочны прыклад вашага бязьмернага таленту. Я шчыра спадзяюся, што прыйдзе час, калі ў Беларусі сыстэма зьменіцца і гэты талент будзе ацэнены і скарыстаны.

Шчыры вам дзякуй, сябры! Дазвольце мне прапанаваць тост за незалежнасьць Амэрыкі і за свабоду Беларусі. Блаславі Бог Амэрыку! Жыве Беларусь!»

Майкл Скэнлан на бальконе дому Элізы Ажэшкі ў Горадні 21 студзеня 2010 году
Майкл Скэнлан на бальконе дому Элізы Ажэшкі ў Горадні 21 студзеня 2010 году






ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Онлайн-канфэрэнцыя з Майклам Скэнланам (відэа)
Онлайн-канфэрэнцыя з Майклам Скэнланам (тэкст)
Майкл Скэнлан: “Мяч на беларускім баку поля

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG