Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто першы пабудуе АЭС, той і заробіць.

Пра гэта сёньня піша ў артыкуле польская «Gazeta prawna»:

Беларусь і Расея падпісалі кантракт на будаўніцтва АЭС, Літва прызначыла рэфэрэндум пра будаўніцтва сваёй станцыі, чэхі адкрылі тэндэр на разбудову свайго Тэмэліна, а пад Калінінградам перабудоўваюць чыгунку, якая ўяўляе сабою элемэнт інфраструктуры будучай АЭС. Польшча намерваецца стварыць ядзерны кансорцыюм.

Гонка працягваецца, бо краіна, якая запусьціць станцыю апошняй, будзе мець праблемы са збытам вырабленай энэргіі. На паперы выглядае, што наперад вырваліся беларусы і расейцы, якія пачнуць вырабляць электрычнасьць ужо праз чатыры ці пяць гадоў. Літоўскі Вісагінас запрацуе праз тры гады, а першая АЭС у Польшчы і два дадатковыя рэактары ў Чэхіі – да 2020 году. Альгірдас Калятка, спэцыяліст Літоўскага энэргетычнага інстытуту, заўважае аднак, што тэрміны запуску могуць яшчэ мяняцца шмат разоў. – Вільня не ў найгоршай пазыцыі. Мы будуем электрастанцыю на месцы закрытай у 2010 годзе Ігналінскай АЭС, у нас ёсьць значная частка інфраструктуры. Акрамя таго, працягваецца будаваньне энэргетычных мастоў з Польшчай і Швэцыяй. Наш праект можа аказацца ня толькі таньнейшым, але і прасьцейшым у рэалізацыі, – кажа Калятка.

Хто скарыстаецца мастамі


Літоўцы спазьніліся ўжо на старце, бо не маглі знайсьці інвэстара. – Пасьля першага этапу карэйскі інвэстар адмовіліся ад удзелу ў тэндэры. Але ў адпаведнасьці з законам гэта дало нам магчымасьць непасрэдных перамоваў з усімі ахвочымі, – кажа намесьнік міністра замежных спраў Эгідзіюс Мейлюнас. У выніку ўлады падпісалі, а сэйм ратыфікаваў месяц таму папярэднюю дамову зь японскай Хітачы, якая мусіць увайсьці ў склад кансорцыюму разам зь дзяржаўнымі канцэрнамі Літвы, Латвіі і Эстоніі. Японцы павінны ня толькі пабудаваць, але і часткова фінансаваць інвэстыцыі. – Астатнія крыніцы фінансаваньня яшчэ ня вызначаныя, але ў выпадку Літвы ў гульню ўступае крэдыт, – кажа Альгірдас Калятка. Вільня таксама разьлічвала на ўдзел Польшчы, але Варшава страціла да Вісагінаса цікавасьць.

Пляны суседзяў Літвы больш прасунутыя. У Калінінградзкай вобласьці з чэрвеня ідзе мадэрнізацыя чыгункі, якая злучае Нёман (назва будучай АЭС) са сталіцай рэгіёну. Станцыя, якую будуе дзяржаўны Росэнэргаатам, павінна стаць першай – ужо ў 2016 годзе. Гэты праект, аднак, найменш эканамічна разумны. Пасьля ўводу ў эксплюатацыю ў 2010 годзе новай цеплавой станцыі, вобласьць стала энэргетычна самадастатковай, так што яшчэ адна электрастанцыя там лішняя. Для Масквы, аднак, гэта праект геапалітычнага значэньня. Мэта – уваход на рынак Эўразьвязу з таннай расейскай электрычнасьцю. Калі Расеі ўдасца схіліць Літву да мадэрнізацыі электралініяў, што злучаюць абедзьве краіны, можа аказацца, што па мастах у Польшчу і Швэцыю пабяжыць расейская, а не літоўская энэргія.

Польшча бязь месца


Падобная мэта і ў адносінах да Беларусі. Таму, між іншым, за месца будоўлі абраны блізкі ад польскай мяжы Астравец, ня гледзячы на засьцярогі, што ён ляжыць на тэктанічным разломе, а значыць, уразьлівы для землятрусаў.

Менск, аднак, мае дзьве перавагі. Па-першае, ён ужо знайшоў грошы ($10 мільярдаў, крэдыт ад Расеі) і 18 ліпеня падпісаў кантракт на будаўніцтва АЭС, які ў поўным аб'ёме будзе рэалізаваны расейскім Атамстройэкспартам. Па-другое, Менску спрыяе аўтарытарны рэжым. Улады ня мусяць лічыцца з грамадзкай думкай (пратэсты супраць АЭС здушваюцца), у той час як літоўская апазыцыя дамаглася прызначэньня на кастрычнік рэфэрэндуму ў справе Вісагінаса.

Крыху ззаду застаюцца чэхі, якія плянуюць пабудаваць два чарговыя блёкі на сваёй АЭС у Тэмэліне. 3 ліпеня адкрыты тэндэр, на якім прадстаўленыя француская Areva, Westinghouse Electric, які належыць Японіі, і чэска-расейскі кансорцыюм Шкоды, Атамстройэкспарту і Гідрапрэсу. Выбар пераможцы заплянаваны на канец 2013 году.

У тым самым часе мы даведаемся пра падрадчыка польскай АЭС. Пакуль ідзе падрыхтоўка да выбару месца яе разьмяшчэньня. Урад хоча, каб у кансорцыюме ўзялі ўдзел польскія канцэрны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG