Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін пачаў працы ў Сынкавіцкай царкве


Алесь Пушкін

Алесь Пушкін

25 ліпеня ў Сынкавіцкай царкве Сьвятога Міхала, збудаванай ў 16-м стагодзьдзі, пад кіраўніцтвам мастака Алеся Пушкіна пачаліся працы па раскрыцьці росьпісаў, замазаных алейнай фарбай. На гэты час ужо знойдзена некалькі надпісаў на грэцкай мове. З Пушкіным працуюць сем юнакоў і 75-гадовы пэнсіянэр. Усе яны атрымалі сёньня дабраславеньне айца Сергія.

Сынкавіцкая царква ў рыштаваньнях, звонку працуюць будаўнікі. Унутры храма сталы мужчына з унукам робяць абмеры, часам запускаюць пілу, якая зьвініць на ўвесь храм. А побач ходзяць турысты, аглядаюць абразы, нехта моліцца, ставяць сьвечкі — усё адбываецца адначасова і ніхто нікому не замінае.


Айцец Сергій запрашае Алеся Пушкіна і ягоную каманду на малітву перад працай.
Малебен перад рэстаўрацыйнымі працамі ў царкве

Малебен перад рэстаўрацыйнымі працамі ў царкве


Пасьля малітвы пытаюся ў спадара Зьмітра са Слоніма — што яго сюды прывяло?

Спадар: «Я дзяцей прывёз: свайго сына і ягонага сябра. Нас усіх цікавіць гісторыя, тым больш што тут крыецца столькі таямніцаў і хочацца да гэтага ўсяго сваімі рукамі дакрануцца».
Сынкавіцкая царква

Сынкавіцкая царква


Удзельнікі працаў Алесь і Яўген перайшлі ў 11-ю клясу, яны выказваюць свае меркаваньні:

Алесь: «У Беларусі засталося яшчэ шмат гістарычных каштоўнасьцяў, і калі аб іх не клапаціцца, то яны могуць і зьнікнуць. Таму трэба дапамагаць і рэстаўраваць».

Яўген: «Я шмат разоў тут бываў, бо жыву побач у Слоніме. Гісторыю ведаю, але шмат чаго яшчэ не, бо нават гісторыкі яшчэ многага пра яе ня ведаюць».

Айцец Сергій запрашае работнікаў прайсьці ў пакой, адкуль пачнецца праца, і зьвяртаецца да ўсіх.

Айцец Сергій: «Мы знаходзімся ў самым галоўным месцы храма — Сьвятая Сьвятых, і тут галоўная задача — зьняць гэтую фарбу да першага слоя, які ёсьць, і калі там нешта захавалася, то гэта адкрыць. Працы вельмі шмат, таму будзем рабіць не сьпяшаючыся, акуратна. А потым, калі здымем тут, пойдзем далей па ўсім храме».

Алесь Пушкін кажа, што працы будуць весьціся да 22 жніўня, і да гэтага часу яны павінны ўсё зрабіць. Ён заклікае далучацца да іх усіх ахвотных:

Пушкін: «Нават самы звычайны чалавек з вуліцы, які пачне счышчаць фарбу, вядома, не паскрабе фрэскаў. Тэхналёгія фрэскі палягае на ўпітваньні фарбы ў тынкоўку, а алей мы папросту скрабем. Фрэску ніколі не саскрабем. Мы можам яе толькі адкрыць і замацаваць. І яшчэ можам трошачкі падняць яе колернасьць, каб яна была заўважная».
Каманда Алеся Пушкіна ў першы дзень рэстаўрацыйных працаў у Сынкавіцкай царкве

Каманда Алеся Пушкіна ў першы дзень рэстаўрацыйных працаў у Сынкавіцкай царкве


Аляксей вучыцца ў будаўнічым каледжы ў Менску, прыехаў сюды зь сябрамі. Ён наносіць на алейную фарбу адмысловую вадкасьць. Кажа, што ягоныя бацькі вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся, што сын будзе працаваць у Сынкавіцкай царкве. І сябры таксама былі рады.

Аляксей: «Тут гісторыя наша. І трэба пабачыць новыя мясьціны, і трэба папрацаваць. Бо мы ўсе студэнты, маем вольны час».

Сёньня ў Сынкавічы прыехаў Сяргей Чыгрын, слонімскі пісьменьнік і краязнаўца. Ён усьцешаны працай каманды Пушкіна, кажа, што даўно чакаў такіх прац, абяцае далучыцца на некалькі дзён. Высьветлілася, што царква для яго — ня толькі гістарычны помнік. Зусім побач Сяргей нарадзіўся, тут мінулі яго дзіцячыя гады.
Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын

Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын


Чыгрын: «Гэта мая радзіма. Я калі ў школе вучыўся ў вёсцы Хадзявічы — гэта зусім побач, то з другога паверху быў відны гэты храм. Калі нехта з нас ня вывучыў урок, то глядзелі на храм і маліліся, просячы ў яго дапамогі. І ён дапамагаў. Гэты храм для нас быў заўсёды сьвятым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG