Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбол на Алімпіядзе: мы ўжо перамаглі


Дагэтуль ніводная постсавецкая краіна не магла пахваліцца ўдзелам сваёй футбольнай каманды — мужчынскай ці жаночай — на Алімпійскіх гульнях. У чацьвер 26 ліпеня на полі стадыёна ў ангельскім горадзе Ковэнтры ў 21.45 па беларускім часе нашая каманда пачне свой першы матч на Алімпійскіх гульнях — супраць зборнай Новай Зэляндыі.

Алімпійскі футбол для мяне заўсёды быў нейкі крыху «недароблены». З аднаго боку — значнасьць Алімпійскіх гульняў як спартовай падзеі аспрэчваць цяжка, з другога — прынцып фармаваньня камандаў задужа алімпійскі. Фактычна, гэта моладзевыя зборныя з футбалістамі да 23 гадоў з магчымасьцю ўзмацненьня трыма гульцамі больш сталага веку. Даволі спэцыфічныя каманды атрымліваюцца — нешта сярэдняе паміж моладзевымі і нацыянальнымі. Карацей — ні два, ні паўтара. Відаць, таму за футбольнымі спаборніцтвамі на Алімпійскіх гульнях я ня дужа сачыў — як і за Алімпіядамі ўвогуле.

Але нагода паглядзець менавіта гэты алімпійскі турнір — выдатная. Лічыце, што мы ўжо завочна абставілі ўсіх сваіх суседзяў па «турме народаў». І згуляем як мінімум тры матчы на Туманным Альбіёне. А там — як фартане! Супернікамі нашай каманды на першым этапе, апрача новазэляндцаў, будуць бразыльцы і эгіпцяне. Для выхаду ў чвэрцьфінал трэба заняць першае ці другое месца ў падгрупе.

Вяртаньне маладзёвай зборнай Беларусі па футболе з чэмпіянату Эўропы, дзе беларускія футбалісты заваявалі трэцяе месца і пуцёўку на Алімпіяду 2012 году. Менск, 26.06.2011. На фота: Ягор Філіпенка
Вяртаньне маладзёвай зборнай Беларусі па футболе з чэмпіянату Эўропы, дзе беларускія футбалісты заваявалі трэцяе месца і пуцёўку на Алімпіяду 2012 году. Менск, 26.06.2011. На фота: Ягор Філіпенка

Бразыльская футбольная слава бяжыць паперадзе любой каманды з радзімы Пэле. У прынцыпе, дастаткова глянуць на склад гэтай алімпійскай зборнай, і ўзровень стане зразумелы: Рафаэл з «Ман Юнайтэд», Пату зь «Міляну», Марсэлу з мадрыдзкага «Рэалу», Халк з «Порту» — поўны ростэр зорных бразыльцаў можна глянуць на афіцыйнай старонцы Лёнданскіх гульняў.

У матчы супраць Бразыліі (нядзеля, Манчэстэр, «Олд Трафард») каманда Георгія Кандрацьева будзе мець найменей шанцаў — але нельга казаць, што шанцаў гэтых ня будзе ўвогуле. Закрытая гульня ад абароны з разьлікам на нейкі шалёны стандарт, памылку суперніка ці контратаку — у такі футбол будзе гуляць зборная Пятровіча, як называюць Кандрацьева самі гульцы нават у тэлеінтэрвію. Дарэчы, футбольнага алімпійскага золата бразыльцы ніколі ня бралі.

Але ня будзем гнаць коней. Першы матч — супраць неслабой Новай Зэляндыі. Уключым тэлевізар увечары ў чацьвер і паглядзім, што будзе. Ці будзе гол Карніленкі галавой, альбо наш натуралізаваны бразылец Брэсан заб’е са штрафнога, а можа, Драгун замкне флянгавы пас Салаўя, альбо атрымаем «поўны кошык» у свае вароты — па вялікім рахунку, ня мае значэньня. Мы гуляем у футбол на Алімпіядзе — і гэта ўжо супэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG