Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую вышэйшую школу чакае чарговае рэфармаваньне. Аляксандар Лукашэнка, прымаючы 24 ліпеня з дакладам міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, выказаў меркаваньне, што вучыцца ў ВНУ 4–5 гадоў — гэта вельмі шмат. Лукашэнка лічыць, што студэнты «два гады, да прыкладу, павінны грызьці навуку ў сьценах акадэмій, унівэрсытэтаў, інстытутаў». А астатнія два гады яны павінны працаваць на вытворчасьці. Як да такой ідэі ставяцца адмыслоўцы ў сфэры вышэйшай адукацыі?

Ці можна даць студэнту неабходныя веды за 2 гады, каб ужо на трэцім курсе ён паўнавартасна працаваў на сельскагаспадарчай вытворчасьці, у школе, у навуковай лябараторыі, на заводзе?

Выкладчык Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Андрэй Юркоў цалкам падтрымлівае прапанову Аляксандра Лукашэнкі скараціць навучальны працэс у сваёй галіне:

Андрэй Юркоў

Андрэй Юркоў

«На мой погляд, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, і двух гадоў зашмат. Таму што ўсё адно — тое, чаму вучаць у ВНУ, на вытворчасьці не патрэбна. Наша сельгаснавука і тэорыя абсалютна не зьвязаныя з рэчаіснасьцю і практыкай. Таму ўсё правільна і нармальна. Тут усё як у старым анэкдоце: «Прыяжджаюць у Горацкую сельгасакадэмію купцы набіраць заатэхнікаў. Хлопца маладога прыводзяць і пытаюцца: „Дасі ў наступным годзе 5 тысяч літраў малака ад кожнай каровы?“ Ён адказвае: „Дам“. „А 6 тысяч?“ Хлопец задумаўся і кажа: „Таксама дам“. „А 7 тысяч?“ Той: „Не, адна вада будзе“. Што тут скажаш? Я ня бачу сэнсу вялікага, каб людзі ў нашай Горацкай сельгасакадэміі доўга вучыліся».

А вось навуковага супрацоўніка за 2 гады рэальна падрыхтаваць немагчыма, кажа кіраўнік аднаго з навукова-дасьледчых інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук:

«Таму што навуковы супрацоўнік павінен займацца пытаньнямі, якія, скажам так, мала вядомыя, мала вывучаныя. Каб займацца дасьледчай працай, трэба мець нармальную базавую адукацыю. Трэба ведаць вышэйшую матэматыку, трэба ведаць фізыку. Калі гэта не дакладныя навукі, таксама трэба шмат чаго ведаць. І гэта ўсё за год-два не засвоіш. А інакш гэта будзе тое самае, што вы зазірняце ў энцыкляпэдыю: вы там знойдзеце тое, што вядома. І то не зусім дасканала. А калі трэба нешта новае рабіць, трэба думаць, трэба перарашаць шмат задач, шмат дасьледаваньняў правесьці. Толькі потым колькасьць працы пераходзіць у якасьць, і вы зможаце выдаваць нейкія новыя ідэі, рашэньні, варыянты, якія будуць працаваць».

Прафэсар-фізык Станіслаў Шушкевіч перакананы, што ўдасканаленьне ўсёй сыстэмы адукацыі, у тым ліку і вышэйшай школы, неабходнае. На яго думку, Беларусі трэба як мага хутчэй далучыцца да Балёнскага працэсу, правесьці рэформы ў ВНУ. Але гэта рабіць павінны прафэсіяналы:

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

«Для таго каб рэфармаваць адукацыю, трэба самому мець прыстойную адукацыю. Дык вось тая правінцыйная адукацыя, якую ў правінцыйным пэдагагічным інстытуце атрымаў Лукашэнка, яна проста не дазваляе гаварыць на гэтую тэму. Ён не разумее, што такое вышэйшая адукацыя. Адукацыя — гэта калі закладаюцца традыцыі (і, дарэчы, у Беларусі яны ёсьць: Горацкая сельгасакадэмія, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Політэхнічны ўнівэрсытэт, іншыя прыстойныя навучальныя ўстановы). Ёсьць сусьветная сыстэма ўдасканальваньня вышэйшай адукацыі. А тут ён кажа: павучыўся 2 гады — ідзі ў вёску. Ён можа рэфармаваць тэатар, балет, мадэрнізуе тое, чаго абсалютна не разумее.

Я думаю, адукацыю трэба ўдасканальваць увесь час. Але гэта права структур адукацыі. Гэта павінны рабіць прафэсіяналы. А ў нас гэта робіць невук».

За 18 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка не адзін раз ужо рэфармаваў адукацыю. Самы яскравы прыклад — пераход школы на 12-гадовае навучаньне, а потым раптоўна — зноў вяртаньне да 11-годкі. Гэтае рэфармаваньне адгукаецца дагэтуль: выкладчыкі ВНУ часьцяком у жаху ад нізкага ўзроўню школьнай падрыхтоўкі. Прахадны бал, да прыкладу, на пэдагагічныя спэцыяльнасьці складае 120 з 400 магчымых, а на сельскагаспадарчыя нават не дасягае 100.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG