Лінкі ўнівэрсальнага доступу

34 тысячы чалавек патрабуюць канцэрту «Ляпіса Трубяцкога»


«Ляпіс Трубяцкі»

«Ляпіс Трубяцкі»

Суполка «Ўкантакце» «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» абвясьціла акцыю «Ляпіс Трубяцкі — бясплатны канцэрт у Менску». Яе ўдзельнікі патрабуюць, каб у розных гарадах Беларусі адбыліся канцэрты забароненага гурту. Цяпер суполка мае 34 тысячы ўдзельнікаў.

На думку аўтараў ініцыятывы, трэба 100 тысяч чалавек, каб патрабаваць канцэрту ў Менску. У іншых гарадах шукаюць 20 тысяч фанатаў гурту.

Такім чынам, паведамляе старонка суполкі «Ўкантакце», яны дамогуцца зьняцьця ўсіх «галосных і негалосных забаронаў на выступы гурту „Ляпіс Трубяцкі“ ў РБ», а таксама будуць патрабаваць для музыкаў гарантыяў асабістай бясьпекі«.

Распавядае кіраўнік акцыі Раман Пратасевіч:

«Нашая ініцыятыва ня толькі ў сацыяльнай сетцы. Гэта пачатак кампаніі. Далей мы хочам стварыць ініцыятыўныя групы, якія будуць зьбіраць подпісы. Будуць цікавыя вулічныя акцыі. У нас доўгатэрміновы і цікавы плян».

«Ляпіс Трубяцкі» знаходзіцца ў чорным сьпісе забароненых творцаў. Разам з гуртамі «Крама», «НРМ», «Нэйрадзюбель», «Палац» і дзясяткамі іншых імёнаў і назваў. Сам сьпіс, які зьявіўся ў байнэце ў сакавіку 2011 году, ня ёсьць афіцыйным дакумэнтам. Але на практыцы любыя публічныя выступы згаданых у ім асобаў пасьлядоўна забараняюцца. У кастрычніку мінулага году Сяргею Міхалку нават прыйшла позва з пракуратуры, дзе нібыта меліся праверыць ягоныя выказваньні ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Ад таго часу сам Міхалок у Беларусі не зьяўляўся. Прэс-аташэ гурту ў Расеі Аляксандар Бэргер, прадстаўляючы апошні альбом «Ляпісаў» — «Рабкор», заявіў, што «пры цяперашняй уладзе канцэртаў у Беларусі ня будзе».

Раман Пратасевіч: «Чаму Ляпіс? Таму што на дадзены момант гэта „факел новой зари“, як гучыць у адным з тэкстаў „Ляпіса“. Амаль у траціны маладых людзей у навушніках гучыць іхная музыка. Нашая акцыя — не палітычная, а музычная. Гэта ініцыятыва ад людзей. Мы думаем, што яна здолее падняць іх баявы дух і настрой».

Яўген Калмыкоў

Яўген Калмыкоў

Яўген Калмыкоў, прадусар гурту «Ляпіс Трубяцкі», кажа, што пра такую ініцыятыву ім ніхто не паведамляў: «Гурту прыемна. Мы ведаем, бачылі. І што будуць рабіць гэтыя хлопцы, калі яны зьбяруць 100 тысяч? У іх ёсьць рамантызм, а ў нас — рэаліі. У нас быў рэальны тур, які афіцыйна ня быў забаронены, але „пазьляталі“ ўсе канцэрты. І тут будзе тое самае — будзе 100 тысяч чалавек, усё будзе доўга абмяркоўвацца, а пасьля з „пажарнай“ прычыны ўсё гэта не адбудзецца».

Раман Пратасевіч адказвае, што да гурту зьвернуцца толькі тады, калі «будзе што прад’явіць»: «Першапачаткова — гэта правядзеньне кампаніі супраць дыскрымінацыі гэтага музычнага гурту. А ўжо потым будзем думаць пра канцэрт. Зьвернемся да музыкаў, калі мы зможам пацьвердзіць, што гэта сапраўды народная ініцыятыва».

Пратасевіч кажа, што як зьбяруць 50 тысяч подпісаў, пачнуць шукаць інвэстараў, каб правесьці канцэрт. Не распавядае ён і пра тое, якім чынам будзе гарантавацца бясьпека музыкаў. Спасылаецца на сакрэтнасьць. Раман спадзяецца, што «калі ў нас сапраўды ўсё атрымаецца, ня будзе пытаньня дамовіцца і падстроіцца пад канцэртны графік гурту. Галоўнае — сабраць людзей і паказаць так званым уладам, што людзі самі павінны вырашаць, што ім слухаць і што глядзець».

«Ляпіс Трубяцкі» робіць усё магчымае, каб беларусы трапілі на канцэрты — кажа Яўген Калмыкоў:

«Мы часта праводзім канцэрты, напрыклад, у Смаленску, якраз думаючы, што туды прыедуць беларусы. Ім даюцца зьніжкі на квіткі. У Вільні мы бярэм вялікі Лядовы палац, адмыслова каб прыехалі беларусы. Думаем, як вырашыць візавыя пытаньні. Вялікі канцэрт будзе ў Вільні ў кастрычніку».

На пытаньне, калі зможа адбыцца канцэрт у Менску, адказвае:

«Напэўна, нешта павінна адбыцца ў нашай краіне, каб мы зразумелі, што можна. Пакуль нам улада дала зразумець, што мы тут выступаць ня будзем».

А пакуль беларусы могуць выправіцца на фэстываль «Джаз-Кактэбэль», дзе 29 жніўня ў рамках «нулявога» дня фэстывалю адбудзецца вялікі канцэрт «Ляпісаў».
XS
SM
MD
LG