Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ім добра жывецца, бо Лукашэнка дае пэнсію і абараняе ад ворагаў...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 25 ліпеня 2012 году

У пошце «Свабоды» па-ранейшаму нямала лістоў пра лёс беларускай мовы. Найчасьцей гэта нараканьні на ўціск і дыскрымінацыю, скаргі на перасьлед, на немагчымасьць атрымаць беларускамоўную адукацыю. Але сустракаюцца часам і лісты іншага кшталту — у якіх слухачы паведамляюць пра ўласны досьвед змаганьня за беларушчыну.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Наша даўняя слухачка Раіса Катлярова з Магілёва піша:

«Мой другі дом — гэта паліклініка. На жаль, вельмі часта даводзіцца бываць там. Лекары, мэдсёстры запамінаюць мяне па беларускай мове. Многія стараюцца хоць некалькі слоў у адказ сказаць па-беларуску. Тое ж адбываецца і ў грамадзкім транспарце, і ў крамах. Усім (за вельмі рэдкім выключэньнем) падабаецца наша родная мова. Нават дзецям. „Вось калі б усе так гаварылі...“, — кажуць яны. Але ўсе ніколі нічога ня робяць аднолькава. Любое дзеяньне патрабуе высілкаў — асабліва разумовае, духоўнае.

Паколькі я ўжо даўно на пэнсіі (а шэсьць гадоў як і не на працы), то кола маіх знаёмых, суседзяў — гэта ў большасьці сталыя людзі. І што цікава: мае прыяцелькі, якія маюць дэмакратычныя погляды, чытаюць свабодную прэсу — ня вельмі ахвотна бяруць чытаць беларускія кнігі, якія я ім прапаноўваю. Іншы раз і адмаўляюцца.

Некалькі год таму падчас сустрэчы з журналістамі Радыё Свабода задавалася пытаньне: „Што трэба зрабіць, каб беларуская мова адрадзілася?“ Я тады адказала: „Трэба, каб бабулі навучылі ўнукаў гаварыць па-беларуску“. Я і зараз у гэтым упэўнена. Бацькі нашых унукаў даўно ўжо зрусыфікаваныя. Нават калі яны і вучаць дзяцей роднай мове, то ўсё роўна гэтага недастаткова. Ведаю тое на прыкладзе сваёй дачкі, а таксама зь перадач „Свабоды“ (дзе распавядалася пра дзяцей спадарыні Дынько). Мае ўнучкі добра валодаюць беларускай мовай найперш дзякуючы свайму тату. А я, як носьбіт беларускай мовы, дапамагаю ім у авалоданьні ня кніжнай, а найперш народнай мовай. Зараз я раблю накіды „Бабулінага слоўніка“. Праўда, „слоўнік“ — гэта вельмі гучна сказана. У яго ўвойдуць, можа, каля ста слоў. Але тое адметныя словы — яны гучалі ў маім дзяцінстве, ад мамы, таты і ўсіх аднавяскоўцаў. Гэта сапраўды матчына мова. Цяпер, калі ў мяне шмат вольнага часу, я многа чытаю. І калі ў кнізе сустракаю некалі даўно чутае, але амаль забытае роднае слова — дык быццам роднага і блізкага чалавека сустракаю. А ў кнігах пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня такія словы можна напаткаць часта»
.

На жаль, толькі на такіх энтузіястах, як спадарыня Раіса, і трымаецца яшчэ надзея на ўратаваньне беларускай мовы. У іншых усходнеэўрапейскіх краінах першыя гады і дзесяцігодзьдзі пасьля распаду імпэрыяў і здабыцьця незалежнасьці былі пэрыядам найвялікшага ўздыму нацыянальных моў і культур. Такія пэрыяды ў мінулым стагодзьдзі перажылі літоўцы, палякі, латышы, чэхі, славакі, украінцы... У беларусаў жа гэты пэрыяд скончыўся, ледзь толькі пачаўшыся — усяго праз тры гады пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Апошнія васямнаццаць гадоў былі часам, калі беларуская мова з прычыны адпаведнай дзяржаўнай палітыкі страчвала свае пазыцыі ў грамадзкім жыцьці. Пэрыяд гэты працягваецца і цяпер.

Ці варта пасьля перамогі дэмакратыі прыцягваць да адказнасьці тых службоўцаў, на якіх трымаецца цяперашні аўтарытарны рэжым? Вось як адказвае на гэтае пытаньне наш слухач Аляксандар Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Ён піша:

«Калі цяперашняя сытуацыя зьменіцца, калі дыктатура адыдзе ў мінулае, то ўвесь наш беларускі (ці ліцьвінскі) народ трэба рэабілітаваць. Увесь цалкам, усіх — нават тых, якія цяпер хапаюць, грабуць усё пад сябе — бо ня ведаюць, што твораць. І нават тых, хто забівае ўладаю сваёю — бо і сам забіты і яшчэ не ажыў.

Крывёю кроў ня змыць — гэта ж відавочна і натуральна. Толькі цеплынёй і спагадай зрабіць тое магчыма. Але спачатку трэба выйсьці з ГУЛАГу — а потым ужо разьбірацца на вольным паветры. Так доўга блукаючы ў пограбе, многія слабейшыя проста зьдзічэлі. Хоць вонкава яны нібыта і выглядаюць дужымі ды натрэніраванымі»
.

Загадзя гарантаваць усёдараваньне, цеплыню і спагаду наўрад ці было б справядліва і дальнабачна, спадар Аляксандар. Злачынствы (асабліва цяжкія) павінны быць пакараныя. Бо беспакаранасьць — гэта тая глеба, на якой вельмі хутка вырастуць новыя злыдні. У Беларусі засталіся не пакаранымі і не асуджанымі сталінскія злачынцы — тыя, якія арыштоўвалі, судзілі, катавалі ў ГУЛАГу, расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей. І што мы назіраем цяпер? Іхныя ўнукі і праўнукі таксама арыштоўваюць і судзяць невінаватых, цьвёрда перакананыя ў тым, што за ўсё гэта калі некалі нехта і панясе адказнасьць, дык не яны, а толькі тыя, хто аддае ім загады.

У нашай пошце часта сустракаюцца нараканьні слухачоў на перашкоды ў эфіры, а таксама на тое, што ў крамах усё цяжэй набыць кароткахвалевыя прымачы. Апошнім часам зьяўляюцца і лісты тых нашых сяброў, якія падказваюць выйсьце — як пераадолець гэтыя перашкоды. Вось што паведамляе пра ўласны досьвед Міхась Габрыэль зь Менску. Ён піша:

«Раней я слухаў „Свабоду“ з дапамогай прымача. А нядаўна старэйшая дачка падаравала мне кампутар, і зьявілася магчымасьць чытаць „Свабоду“, глядзець фота і відэа.

Зьдзіўляюся некаторым слухачам, якія скардзяцца, што няма дзе набыць кароткахвалевы прымач. Паведамляю, што жыхары Менску могуць купіць такі прымач у Ждановічах на радыёрынку, побач з крытым памяшканьнем, дзе гандлююць мясам ды каўбасамі. Там ёсьць кіёскі, дзе рамантуюць мабільныя тэлефоны. Вось у адным зь іх можна знайсьці вельмі цікавыя апараты.

Можна набыць і на „Полі цудаў“. Усё можна зрабіць, калі не сядзець у кватэры ці ля пад’езду ды ня слухаць плёткі зьдзяцінелых бабулек, якім, бачыце, вельмі добра жывецца, бо Лукашэнка дае ім пэнсію і абараняе ад ворагаў.

А вось на вёсцы, паводле маіх назіраньняў, настроі іншыя, людзі выказваюцца наконт нашага правадыра больш рашуча. Я часам бываю на Віцебшчыне, слухаю. Заўважылі людзі, што Рыгоравіч апошнім часам набраў вагу, страчвае спартыўную форму. Можа, кінуў гуляць у хакей? Добра было б, каб ён заняўся плаваньнем. Можа, тады б у нас паўсюль набудавалі басэйнаў? Ад іх карысьці нашмат болей, чым ад лядовых палацаў»
.

Вельмі прыемна, спадар Міхась, што вы, чалавек, выглядае, ужо сталага веку асвоілі кампутар і сочыце за «Свабодай» праз інтэрнэт. На жаль, у большасьці лістоў ад вашых равесьнікаў гучаць толькі скаргі на немагчымасьць набыць кароткахвалевы прымач ды спасылкі на тое, што авалодваць кампутарам ды іншай падобнай тэхнікай ужо запозна.

Дзякуй і за параду для такіх людзей. Дарэчы, яшчэ адну падказку для тых слухачоў, якія не ўяўляюць «Свабоду» без кароткахвалевага прымача, робіць Мікалай Бельчыкаў з Барысава. У сваім лісьце ён піша:

«Напэўна, большасьць людзей старэйшага пакаленьня слухаюць „Свабоду“ гэтак жа, як і ў мінулым стагодзьдзі — праз кароткахвалевае радыё. Час ад часу гучаць нараканьні ад іх: дзе набыць прымач з кароткімі хвалямі? (У крамах іх амаль няма.) Некалькі год таму я ўжо выказваў сваю заўвагу на гэты конт. Адчуваю, што дарэчы будзе яе паўтарыць. Справа ў тым, што ў нашага насельніцтва на руках застаецца шмат старых прымачоў (тыпу ВЭФ розных мадыфікацый). Многім яны сёньня ўжо не патрэбныя. Такія апараты сустракаюцца нават на сьметніках (прычым у рабочым стане). Дык вось, зьвярніце ўвагу: амаль усе раённыя ды гарадзкія газэты друкуюць цяпер бясплатныя абвесткі чытачоў. Таму можна даць такую абвестку: „Куплю стары прымач (тыпу ВЭФ) у рабочым стане“. Запэўніваю: адгукнуцца многія. Я такім чынам атрымаў адразу восем прапаноў. У выніку набыў вельмі танна два прымачы. Аднак мне яны спатрэбіліся на вельмі непрацяглы час. Справа ў тым, што неўзабаве я ўсталяваў спадарожнікавую антэну. Цяпер прымаю „Свабоду“ са спадарожніка Hot Bird: сыгнал выдатнай якасьці, бо гэта лічбавая тэхніка. Таксама зь іншых спадарожнікаў можна глядзець і слухаць іншыя цікавыя каналы: напрыклад, тэлебачаньне „Белсат“ і Эўрапейскае радыё для Беларусі».

Будзем рады, калі камусьці гэтая парада дапаможа. Хоць тое выйсьце, якое знайшлі для сябе асабіста вы, спадар Мікалай, на маю думку, мае шэраг перавагаў — асабліва для тых нашых слухачоў, якія жывуць у невялікіх вёсках і часта пазбаўленыя альтэрнатывы ў атрыманьні інфармацыі праз тэлебачаньне. (Ведаю, што ў многіх раёнах людзям даступныя толькі некалькі тэлеканалаў — выключна дзяржаўных.) Пры гэтым кошт абсталяваньня для спадарожнікавага тэлебачаньня сёньня ўжо цалкам сувымерны з коштам якаснага лічбавага радыёпрымача.

Наступны кароткі ліст ад сям’і Аляксеевых зь Менску, у якім таксама закранаецца тэма кароткахвалевага прыёму. Слухачы пішуць:

«Мы — вашы даўнія адданыя прыхільнікі. Кожны раз зь нецярплівасьцю чакаем ад’езду ў вёску ў Нарачанскі край — не ў апошнюю чаргу таму, што там выдатна чуваць „Свабоду“. А вось у нашай менскай кватэры на частотах „Свабоды“ найчасьцей — суцэльны гул.

Кожны дзень улетку слухаем праўдзівую інфармацыю, чуем знаёмыя галасы, сустракаемся з найцікавейшымі выбітнымі асобамі. А пасьля расказваем пра гэта сваім знаёмым. На нашу думку, „Свабода“ — гэта голас сумленьня»


І яшчэ адзін кароткі ліст-падзяка, дасланы Андрусём Анцухам з пасёлку Калодзішчы Менскага раёну. Слухач піша:

«Слова „Свабода“ для мяне — не пусты гук. Са „Свабодай“ прачынаюся, са „Свабодай“ кладуся спаць на працягу доўгага жыцьцёвага шляху. Гадую сына ў такім самым духу „Свабоды“ і Беларушчыны. Вельмі шаную і свабодаўскія кніжныя выданьні, бо ў іх пануе свабодная думка».

Дзякуй за добрыя словы, спадар Андрусь, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG