Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дашкевіча запаленьне лёгкіх


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Пра гэта паведаміла нявеста зняволенага лідэра "Маладога фронту" Наста Палажанка.

«Нам вядома, што з учорашняга дня ён быў зьмешчаны ў мэдчастку. У яго пнэўманія. Зараз яму нейкі курс лячэньня прызначаюць. На хадайніцтвы з майго боку даслаць лекі яны адказваюць, што ў іх усё ёсьць. Сам Зьміцер сябе пачувае няважна. Ён ня звык скардзіцца, але відаць, што ён хворы.

Чалавек увесь час сядзіць у ШЫЗА і ПКТ. Стан здароўя ў яго ня можа быць здавальняючы. Кашляў ён даўно, у яго быў сухі кашаль. Яшчэ з Горацкіх ШЫЗА. Я яму дасылала вельмі шмат мэдыкамэнтаў, але падумаць не магла, што будзе запаленьне».

Зьміцер Дашкевіч асуджаны на 2 гады. Тэрмін ягонага зьняволеньня cканчаецца ў сьнежні, але вядома, што Сьледчы камітэт распачаў праверку адносна завядзеньня новай крымінальнай справы супроць Дашкевіча. У такім выпадку актывісту пагражае падаўжэньне тэрміну сама меней на год.

Як лекуюць запаленьне лёгкіх у калёніях, распавядае мэдык з досьведам працы ў турэмных шпіталях:

«Такі дыягназ ніхто не зацікаўлены ставіць. Таму, пакуль дыягназу няма, яго лекуюць рознымі жарапаніжальнымі сродкамі ці, рэдка, лёгкімі антыбіётыкамі. Калі зьняволенаму робіцца горш, яго адпраўляць на рэнтген, бо фанэндаскопам, на жаль, мясцовыя дактары не заўжды могуць „праслухаць“ запаленьне. Тады ўжо ставяць канчатковы дыягназ — запаленьне лёгкіх. Пачынаюць калоць моцныя антыбіётыкі і звычайна шпіталізуюць у санчастку. Могуць яшчэ вітамінкі пакалоць, але гэта вельмі рэдкія выпадкі. Часам нават пакідаюць хворага ў атрадзе, і ён проста ходзіць на ўколы ў санчастку.

Калі запаленьне ня вылечыць, то ў лёгкіх утвараюцца ачагі ўшчыльненьня тканкі (тканка „ня дыхае“). Яны вельмі ўразьлівыя да заражэньня палачкай Коха (сухоты), да ўтварэньня розных пухлінаў і іншых запаленьняў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG