Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нафтахімія і нафтаперапрацоўка – палова беларускага экспарту


Як заявіў намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Ярашэнка, 5 месяцаў бягучага году прадэманстравалі стабільнае функцыянаваньне эканамічнай галіны. Прырост валавога ўнутранага прадукту склаў 2,9%, рост прадукцыйнасьці працы – 5,4%.

Павелічэньне – практычна па ўсіх паказьніках экспарту. Асаблівы рост у сфэры паставак на зьнешні рынак прадуктаў нафтахіміі і нафтаперапрацоўкі – на 2 мільярды 300 мільёнаў даляраў. Гэта роўна палова ад усяго аб'ёму беларускага экспарту, які дасягнуў 4 мільярдаў 600 мільёнаў даляраў. У гэтай статыстыцы – разбаўляльнікі і растваральнікі, продаж якіх вырас у разы і выклікае нэрвовую рэакцыю кіраўніцтва Расеі. Увогуле ўлады Беларусі дэкляруюць, што краіна мусіць пастаўляць на экспарт 65% вырабленай прадукцыі.

Паводле прадстаўнікоў ведамства, індэкс спажывецкіх коштаў за першае паўгодзьдзе склаў 110,5%. Паводле Аляксандра Ярашэнкі, па гэтым паказьніку эканоміка збольшага ўкладаецца ў графік, і па выніках году ўрад мяркуе трапіць у калідор 19–22% інфляцыі. У 2013 годзе інфляцыя не павінна перавысіць 8,5%.

Пакуль адпавядаюць плянам і тэмпы прыцягненьня наўпроставых замежных інвэстыцый. За паўгоду прыцягнута 605 мільёнаў даляраў пры пляне 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў. А вось у наступным годзе арыенціры нашмат вышэйшыя – 4 мільярды 500 мільёнаў даляраў, з улікам прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці.

Падрабязьней пра эканамічныя пляны ўраду і пэрспэктывы эканомікі – пазьней на сайце і ў эфіры "Свабоды".
XS
SM
MD
LG