Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ямы на дарогах Екацярынбургу сталі карыкатурамі на чыноўнікаў


У Екацярынбургу ямы на дарогах упрыгожылі партрэтамі мясцовых чыноўнікаў. Як перадае агенцтва «Ura.ru», неўзабаве пасьля зьяўленьня графіці на дарогах гарадзкія камунальнікі ямы зараўнавалі.

У рамках акцыі «Ura.ru» «Прымусь чыноўніка працаваць» раніцай 23 ліпеня мастакі намалявалі на дарогах Екацярынбургу 3 партрэты: губэрнатара Сьвярдлоўскай вобласьці Яўгена Куйвашава, старшыні гарадзкой думы Яўгенія Парунова і кіраўніка мясцовай адміністрацыі Аляксандра Якаба. Днём 23 ліпеня мэрыя Екацярынбургу назвала малюнкі «несанкцыянаванымі» і заявіла, што яны «забруджваюць горад», паабяцаўшы іх сьцерці. Губэрнатар вобласьці, па словах крыніцы агенцтва, у сваю чаргу заявіў аб намеры прагуляцца па горадзе і азнаёміцца з карыкатурамі.

Для назіраньня за ўсімі трыма ямамі «Ura.ru» усталявалі відэакамэры. Як паведамляе агенцтва, партрэт Куйвашава спачатку спрабавалі адмыць, а ўвечары 23 ліпеня зафарбавалі. Яму, што ўяўляла сабою частку карыкатуры, закідалі сухім асфальтам і ўтрамбавалі лапатай. Падобным чынам рабочыя паступілі і з астатнімі двума партрэтамі.

Увечары 23 ліпеня на месцы зафарбаванага партрэта Куйвашава ўдзельнікі акцыі пакінулі надпіс: «Зафарбоўваць — не рамантаваць!». Раніцай яма на вуліцы была заасфальтавана.

XS
SM
MD
LG