Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 ліпеня: канец Мусаліні, першы помнік Скарыну, Мілінкевічу - 65


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е

Вяртаецца сьпёка, якую змыюць назаўтра навальніцы. Тэмпэратура ўдзень +24...+29, на паўднёвым захадзе да 30 цяпла.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

У ЦВК Лідзія Ярмошына правядзе сустрэчу ў сувязі з акрэдытацыяй місіі назіральнікаў СНД на выбарах.

У офісе ТБМ адбудзецца сустрэча з паэтам Генадзем Бураўкіным.

У Жэнэве пачнецца сустрэча генэральнай рады Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Генэральны сакратар ААН Пан Кі Мун будзе зь візытам ў Македоніі і Босьніі-Герцагавіне.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

У 1410 годзе войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага пачалі аблогу сталіцы Тэўтонскага ордэну – гораду Марыенбургу.

1550 – у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца Ўзда, у той час як двор Корсакаў у Менскім павеце.

1907 – расейскі фізык Барыс Розінг падаў заяўку на патэнт “Спосаб электрычнай перадачы адлюстраваньня на адлегласьць”. Працы Розінга працягвалі крокі навукоўцаў сьвету да вынаходзтва тэлебачаньня.

1943 – у выніку перавароту быў адхілены ад пасады і арыштаваны кіраўнік італьянскіх фашыстаў Бэніта Мусаліні.

1993 – у Лідзе адкрыты першы ў Беларусі помнік Францішку Скарыну працы скульптара Валяр’яна Янушкевіча. Лідчукі лічаць, што Скарына мог ехаць вучыцца з Полацку ў Кракаў, а таксама вяртацца празь Ліду.

2011 – Партыя БНФ разьвіталася са сваёй менскай сядзібай па пр. Машэрава, 8. Памяшканьне, што стала цэнтрам дэмакратычнага жыцьця, нібыта спатрэбілася камунальным службам.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ НАРАДЗІЛІСЯ

1903 – Мікалай Несьцяровіч, акадэмік,беларускі батанік-дэндроляг.

1936 – Леанід Левін, архітэктар, адзін са стваральнікаў мэмарыяльных комплексаў “Хатынь”, “Прарыў”, помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу ў Менску, Канстанціну Заслонаву ў Воршы.

1937 – Дзьмітры Смольскі, кампазытар, народны артыст Беларусі.

1947 – Аляксандар Мілінкевіч, беларускі палітык, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ ПАМЕРЛІ

1877 – Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік “Слоўніка беларускай мовы”.

1980 – расейски актор, паэт і бард Уладзімер Высоцкі.

1984 – пісьменьнік Уладзімір Караткевіч.

1997 – Натальля Арсеньнева, беларуская паэтка.

2006 – народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль.
ЁСЬЦЬ НАГОДА

Дзень пажарнай службы ў Беларусі.
МІНУС 365

Разьвітаньне з сядзібай БНФ

Андрэя Саньнікава этапуюць у наваполацкую калёнію гэтай ноччу

Тэракты ў Осла і Менску: агульныя рысы
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары.

Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.


Зь верша Уладзіміра Караткевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG