Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Моўчан: «Я лепей заплачу штраф, але толькі б мой сын у турме не сядзеў»


Андрэй Моўчан
Андрэй Моўчан
Судзьдзя Першамайскага раёну сталіцы Сяргей Луштык 24 ліпеня аштрафаваў актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана на 10 базавых велічыняў — 1 мільён рублёў. Моўчана затрымалі 14 ліпеня за тое, што ён наклеіў налепку «Не — сьмяротнаму пакараньню!» на слуп. Моцна зьбілі, два выходныя пратрымалі на Акрэсьціна. Першае паседжаньне адбылося 16 ліпеня, суд заслухаў паказаньні самога Моўчана, аднак тады на працэс не зьявіліся сьведкі-міліцыянты, і судовае паседжаньне перанесьлі.

Гэтым разам сьведкі-міліцыянты зьявіліся на суд і далі свае паказаньні. Супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы Першамайскага РУУС Віктар Самусенка і Яўген Бурак у паказаньнях блыталіся. Самусенка казаў, што затрымалі Моўчана ў 1 гадзіну 10 хвілін, Бурак — што а 23-й гадзіне. Бурак ня памятаў нават дзень, калі гэта было. Вось як ён адказаў на пытаньне адваката:

Адвакат: «Яўген Мікалаевіч, якога чысла адбываліся падзеі?»

Бурак: «Памятаю, што ў ноч працавалі, якога чысла, я ня памятаю».

Міліцыянты называлі розныя месцы, дзе нібыта лаяўся Моўчан — адзін казаў, што ў міліцэйскай машыне і камэры, другі — у пакоі чаканьня. Неахайна былі складзеныя і пратаколы: рознымі почыркамі, з парушэньнямі. Адвакат у сваім выступе казаў, што працэс павінен быць спынены, справа павінна быць закрыта. Тым больш што Моўчан прадставіў у суд мэдычнае заключэньне пра траўму вуха. Але судзьдзя Сяргей Луштык вынес рашэньне аштрафаваць Моўчана на 10 базавых велічыняў, то бок на 1 мільён. Маці Моўчана спадарыня Марыя ня стрымлівае сьлёз:

«Я задаволеная, таму што ў турму не забралі. Я не хачу, каб сын сядзеў у турме. Я лепей заплачу штраф, але толькі б мой сын у турме не сядзеў. Ён і так шмат перажыў, увесь зьбіты, і яму трэба лячыцца».

На працэс прыйшло больш за два дзясяткі чалавек: родныя, паплечнікі, сябры Андрэя, маці Зьмітра Завадзкага спадарыня Вольга. У першай палове дня цяпер ужо палітвязень Васіль Парфянкоў сам быў удзельнікам працэсу, у другой палове дня прыйшоў у суд падтрымаць Моўчана:
Чарговы раз адбыўся цырк пад назовам „беларускі суд“.

«Чарговы раз адбыўся цырк пад назовам „беларускі суд“. Міліцыянты зноў нахабна хлусілі ў судзе, давалі цалкам супрацьлеглыя сьведчаньні, але ж судзьдзя гэтага не заўважыў. Абсалютна не зьвярнуў увагі, што самім Моўчанам і адвакатам былі прадстаўленыя больш пераканаўчыя доказы. Але дзякуй Богу, што Андрэй застаўся на волі».

Андрэя Моўчана міліцыянты моцна зьбілі 19 траўня, калі ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Тады яму сур’ёзна траўмавалі вока, і Моўчан доўгі час правёў у шпіталі хуткай дапамогі. 4 ліпеня яго аштрафавалі на 8 базавых. 24 ліпеня — на 10. На пытаньне, ці задаволены Андрэй рашэньнем суду, ён даў такі адказ:

«Ну як вам адказаць... І не, і так. Бо ўсё сьведчыла пра тое, што я быў не вінаваты. Але гэта ўсё ж такі ня арышт, а штраф. Таму можна сказаць, што ў цэлым задаволены».
Калі зьбівалі мяне, прабілі барабанную перапонку. Галава баліць, вока баліць, дрэнна сябе адчуваю.

Карэспандэнтка: «Як вы сябе адчуваеце?»

«Мне баліць правае вуха. Калі зьбівалі мяне, прабілі барабанную перапонку. Галава баліць, вока баліць, дрэнна сябе адчуваю».

Былы палітвязень і паплечнік Моўчана па «Эўрапейскай Беларусі» Сяргей Казакоў, які прысутнічаў на працэсе, асаблівага аптымізму не падзяляе:

«Ну, калі звычайна суд называюць цыркам у пляне яго пастановачнасьці і тэатральнасьці, то сёньня тут сапраўды быў цырк. Нават у пэўнай ступені было забаўляльнае мерапрыемства. Бо назіраць за гэтымі „крывымі“ паказаньнямі сьведак-міліцыянтаў было ўжо сапраўды сьмешна. Настолькі нахабна і няўмела хлусіць — па-мойму, сілавікі ўжо пачынаюць наглець. Праўда, нягледзячы на такі даволі мяккі прысуд, аптымізму я не падзяляю. Таму што назіраецца тэндэнцыя: грамадзянскіх актывістаў прыціскаюць усё мацней і мацней».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG