Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да школы рыхтуемся цэлы год — грошы зьбіраем»


Гарадзкія ўлады Гомеля да новага навучальнага году арганізавалі школьныя кірмашы. Галоўны зь іх — у прывакзальным сквэры на вуліцы Кісялёва — працуе другі дзень.

Многія бацькі, аднак, пачалі рыхтавацца да школы, па сутнасьці, ад пачатку лета, а то й раней, бо купіць дзецям адразу вопратку, абутак і школьныя прыналежнасьці няма як — не хапае месячнага заробку.

Мэдсястра аднаго з гарадзкіх шпіталяў спадарыня Дыяна, маці пяціклясьніка: «Мы да гэтага рыхтуемся цэлы год, грошы адкладаем. Вельмі дорага — мільёна паўтара трэба. Які заробак? Два мільёны заробак! Вы рэальна разумееце, што аддаць паўтара мільёна адразу, каб сабраць, адзець школьніка, — гэта немагчыма. Адпаведна, мы зьбіраем грошы. Мы сёлета нават на поўдзень ня едзем, бо практычна не падрыхтаваліся. З нашым заробкам — прабачце...»

Жанчына кажа, што набылі толькі частку сшыткаў і вадалазку сыну — і грошы паляцелі:

«Вось мы толькі за трошкі сшыткаў і вадалазку заплацілі ўжо 200 тысяч. Па сутнасьці, не пачыналі яшчэ рыхтавацца як сьлед. На гарнітур, калі пашчасьціць, трэба мінімум 350 тысяч. Абутак яшчэ прыплюсаваць. У яго ўжо 38 памер. Абутак, калі добры, нават наш, беларускі, — гэта яшчэ 400–500 тысяч».

Спадарыня Людміла працуе ў сыстэме адукацыі. Як маці яна таксама пачала рыхтаваць свайго школьніка да новага навучальнага году загадзя:

«Ведаеце, як я купляю? Я пачынаю купляць ужо з траўня. Сумку ў адным месяцы, гарнітур — у іншым. Так у мяне выходзіць. Каб купіць усё адразу, майго заробку, вядома, ня хопіць».

Гандлёвыя арганізацыі гораду прывезьлі на кірмаш школьнае адзеньне мясцовага прадпрыемства «Камінтэрн», менскай і жлобінскай швейных фабрык. Індывідуальныя прадпрымальнікі прапануюць адзеньне з Польшчы, Расеі. Школьныя сумкі й заплечнікі таксама пераважна імпартныя.

Гарнітурыкі для падлеткаў каштуюць тысяч 400 — зь невялікімі адхіленьнямі ў большы ці меншы бок на 20–30 тысяч. Белыя кофтачкі для дзяўчатак — 150-180 тысяч. Столькі ж, альбо нават больш, — і заплечнікі.


Некаторыя бацькі асабліва наракаюць на дарагоўлю абутку і адсутнасьць выбару. Гаворыць спадарыня Ірына, маці школьніка-шасьціклясьніка:

«З абуткам катастрофа: 40 памер у шостым клясе — вялікі памер. І ад 500 тысяч каштуюць. І выбару ніякага няма. Падлеткавага абутку 40 памеру практычна няма, а дарослы абутак дзіцяці не прыдатны. Гэта вельмі сур’ёзная праблема. Я тут абутак і не гляджу ўжо. Я глядзела яго ў крамах „Белвэсту“, „Марко“. Ня тое што выбару — няма проста абутку. Падлеткавага абутку 40 памеру практычна не існуе».

Старшаклясьнікі на кірмашы купляюць толькі сшыткі ды ўсялякія школьныя прылады. Адзявацца яны ходзяць пераважна на звычайныя рынкі.

Маці дзесяціклясьніцы: «Дачка ў дзясяты кляс ідзе. Яна дарослая ўжо, куды ёй тут адзявацца? Тут для яе нічога такога няма. Тут толькі да 5 клясу, я так разумею».

Віка, дзесяціклясьніца: «Там прыгожа, але не для мяне — для маленькіх, пяціклясьнікаў».
XS
SM
MD
LG