Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2012: фальшывы лібэралізм


Завяршылася рэгістрацыя ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на кандыдатаў у дэпутаты. Канчатковыя вынікі зьявяцца толькі заўтра. Актывісты апазыцыі ў рэгіёнах кажуць пра пэўны лібэралізм пад час рэгістрацыі, але спадзеваў на вольны характар выбараў не маюць.

Прадстаўнік партыі «Справядлівы сьвет» Павал Станеўскі распавядае, што ўсе ініцыятыўныя групы ад прэтэндэнтаў іх партыі зарэгістраваныя. Больш за тое, зарэгістраваная і яго ініцыятыўная група зь яўнымі парушэньнямі заканадаўства.

«Паўставала пытаньне, рэгістраваць маю групу альбо не, бо я памылкова ў сьпіс уключыў Ёсіфа Нячая, які ўваходзіць у акруговую камісію. Паводле закону гэтага нельга рабіць, і маю групу павінны былі не зарэгістраваць, але яе зарэгістравалі. Папросту ў іх цяпер такая стратэгія. Думаю, што і подпісы будуць таксама праходзіць любыя».

Слонім

«Ну, а нам што застаецца рабіць, якія ў нас варыянты? Даюць магчымасьць — трэба працаваць».

Спадар Станеўскі ўпэўнены, што лібэралізм у акруговых камісіях магчымы толькі на пачатку кампаніі. Сябра БНФ Іван Шэга са Слоніма таксама кажа, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы адбылася без праблемаў, пікеты ладзіць ніхто не перашкаджае, за два дні ініцыятыўная група ў Слоніме сабрала 150 подпісаў.

Шэга адзначае, што людзі не баяцца ставіць подпісы, а некаторыя прыходзяць і робяць гэта дэманстратыўна, каб паказаць, як надакучыла ім цяперашняя ўлада. Пасьля размоваў зь людзьмі Шэга ўпэўнены, што на выбары людзі пойдуць, нягледзячы на заклікі пра байкот. Праўда, ён перакананы, што ўлада падлічыць вынікі гэтаксама, як і на прэзыдэнцкіх выбарах.

«Яны апрабавалі гэта, ім спадабалася, і цяпер ізноў — давайце, няхай будзе шмат дэмакратыі, працуйце. Ну, а нам што застаецца рабіць, якія ў нас варыянты? Даюць магчымасьць — трэба працаваць».

Горадня

«Ставяць подпісы, але нічым не цікавяцца, не задаюць ніякіх пытаньняў».

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў зьвяртае ўвагу на тое, што самі выбарцы настроеныя даволі апатычна, многія зь іх наагул ня ведаюць, што ідзе кампанія выбараў у парлямэнт краіны:

«Людзей выбары наагул не цікавяць. Адсоткі тых, хто ставіць подпісы, — тыя самыя, як і летась. Ставяць подпісы, але нічым не цікавяцца, не задаюць ніякіх пытаньняў».

Карэспандэнт: «І на жыцьцё гаротнае ня скардзяцца?»

Саранчукоў: «Не, выбары абсалютна людзям не цікавыя».

Збор подпісаў ініцыятыўнай групаю кіраўніка раённай арганізацыі БНФ Івана Шэгі ў Слоніме.

Збор подпісаў ініцыятыўнай групаю кіраўніка раённай арганізацыі БНФ Івана Шэгі ў Слоніме.



Баранавічы


Акруговая камісія Баранавіцкай-Заходняй акругі № 5 зарэгістравала дзьве ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на кандыдата ў дэпутаты. Канкурэнтам мясцовага прадпрымальніка й сябра Партыі БНФ Мікалая Чарнавуса будзе дзейны дэпутат Баранавіцкага гарсавету, начальнік аддзелу Баранавіцкага станкабудаўнічага заводу «Атлант» Вольга Палітыка.

Другі раз запар актывіст прадпрымальніцкага руху і сябра Партыі БНФ Мікалай Чарнавус бярэ ўдзел у выбарчай кампаніі. Па словах суразмоўцы, свайго канкурэнта ў акрузе ён ведае дрэнна:

«Ніколі нават ня бачыў яе! Хоць яна і ўваходзіць у цяперашні склад гарсавету».

Карэспандэнт: «У вашай суперніцы вялікая ініцыятыўнай група — ажно 113 чалавек, і ўзначальвае яе старшыня прафкаму заводу Яўген Цупрык».

«Яўген Цупрык — гэта стрыечны брат таго Цупрыка з аблвыканкаму. Тут, ведаеце, усе павязаныя адзін з адным». А ў Баранавіцкай сельскай акрузе вылучаецца пан Язубец — старшыня Баранавіцкага райвыканкаму, і на сёньня ў яго аніякага канкурэнта. Ён — адзіны! Так што можна не чакаць дня галасаваньня — ён і так трапіць у так званы парлямэнт».

Слуцк


У Слуцку на Меншчыне праблемы ўзьніклі ў дэмакратычнага вылучэнца на кандыдата ў дэпутаты, актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Анатоля Юрэвіча:

«Я напісаў дзьве скаргі на тое, як дзейнічае старшыня райвыканкаму, які выклікае міліцыю на чалавека, які прыйшоў у будынак райвыканкаму. Той міліцыянт, якога выклікаў старшыня Слуцкага райвыканкаму, тлумачыў яму: „А як я магу не пусьціць, калі ён грамадзянін Беларусі? У яго і пашпарт з сабою, хоць тут усе заходзяць і ніхто не прад’яўляе дакумэнты…“ Тады я напісаў другую скаргу ў Кнігу водгукаў і прапаноў — пра тое, як груба паводзіў сябе старшыня».

Ворша


На Віцебшчыне Мікалай Петрушэнка, актывіст кампаніі «Наш дом» з пасёлку Коханава, падаў у камісію Аршанскай Дняпроўскай выбарчай акругі № 27 заяву, каб скасавалі яго ініцыятыўную групы.

Дакумэнты на рэгістрацыю Мікалай Петрушэнка падаў у апошні прадугледжаны для гэтага дзень, 19 ліпеня. А 23 ліпеня на пасяджэньні камісіі ён хацеў агучыць сваю заяву, дзе напісаў, што адмаўляецца ад рэгістрацыі свае групы, раз камісія не зарэгістравала ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча. Але так зрабіць не ўдалося: у камісіі сказалі, што ягоную ініцыятыўную групу ўжо зарэгістравалі і што заканадаўствам не прадугледжана працэдура касаваньня ініцыятыўнай групы, апавёў спадар Петрушэнка:

«У панядзелак я паехаў у Воршу. Прыяжджаю, а мяне ўжо віншуюць: „Мікалай Сямёнавіч, вашу групу зарэгістравалі яшчэ ў пятніцу, віншуем, забярыце дакумэнты“. Прыйшлося проста перадаць заяву ў выбарчую камісію».

Мікалай Петрушэнка перадаў гэткую ж заяву і старшыні Аршанскага райвыканкаму Ўладзімеру Дзедушкіну, які таксама сабраў ініцыятыўную групу, каб вылучыцца па той самай Аршанскай Дняпроўскай выбарчай акрузе № 27.

Дарэчы, для Віцебшчыны гэта тыповы выпадак, калі прадстаўнікі ўлады ідуць на выбары. Так, у Шаркоўшчынскай акрузе № 29 зарэгістраваная група старшыні мясцовага райвыканкаму Мечыслава Морхата, у Полацкай № 28 зьбіраюць подпісы за старшыню Полацкага гарсавету Натальлю Гуйвік, у Лепельскай акрузе № 23 зарэгістраваная ініцыятыўная група старшыні Лепельскага райвыканкаму Пятра Шыкшняна, у Аршанскай гарадзкой № 26 у дэпутаты вылучаецца старшыня гарсавету Воршы Людміла Дабрыніна.

Што да адмовы Мікалая Петрушэнкі, то ён лічыць, што гэта — адзінае, чым ён можа падтрымаць палітвязьня Мікалая Статкевіча ў зьняволеньні:

«Статкевіч — ваенны чалавек, ён падпалкоўнік запасу. Кандыдат ваенных навук. Мы зь ім служылі ў Туркестанскай вайсковай акрузе. Дык чаму я, палкоўнік, буду зьбіраць на волі подпісы, калі мой аднапалчанін у турме?»

Магілёў

«У акрузе зашмат прэтэндэнтаў хочуць стаць кандыдатамі на дэпутацтва, таму вырашылі мной ахвяраваць».

Жыхар Магілёва, паплечнік палітвязьня Мікалая Статкевіча Аляксандар Ірхо паскардзіўся ў Цэнтравыбаркам на выбарчую камісію Магілёўскай Кастрычніцкай акругі № 86. Прычынай звароту ў ЦВК сталася нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы актывіста.

Акруговая камісія адмовілася рэгістраваць яе, бо зь яе складу былі выкрасьленыя трое сяброў — на той падставе, што «аддзел унутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва ня мае зьвестак на іх». Пасьля гэтага ў ініцыятыўнай групе засталося толькі дзевяць сяброў, што супярэчыць выбарчаму заканадаўству.

Як заяўляе Аляксандар Ірхо, акрамя выбарчай акругі № 86 дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў ён падаў яшчэ ў дзесяць акруговых камісіяў Магілёўскай вобласьці з тым жа складам сяброў. У дзесяці — ініцыятыўную групу зарэгістравалі.

«У мяне толькі адно тлумачэньне, чаму не зарэгістравалі маёй ініцыятыўнай групы ў 86-й камісіі. У акрузе зашмат прэтэндэнтаў хочуць стаць кандыдатамі на дэпутацтва, таму вырашылі мной ахвяраваць. З такім лёсам я не згаджаюся і скарджуся. Прычыну камісія вынайшла абсурдную. Падобная сытуацыя была й на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў. Паглядзім, што скажа Цэнтральная выбарчая камісія. Заканадаўства не забараняе прэтэндэнтам на дэпутацтва рэгістраваць вялікую колькасьць ініцыятыўных групаў, таму я іх і рэгіструю. Гэта маё права».

Аляксандар Ірхо падаваў у 11 акруговых камісіяў рэгіёну дакумэнты і на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў палітвязьня Мікалая Статкевіча. Ніводную з такіх групаў не зарэгістравалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG