Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці затрыманага журналіста Антона Сурапіна атрымала першы ліст ад сына са сьледчага ізалятара КДБ.

У ізалятары Антон пачаў паліць. Пакуль не вядома, ці выставілі яму абвінавачваньне. Тым часам сёньня стала вядома, што іншаму затрыманаму па справе аб швэдзкіх мядзьведзіках менскаму рыэлтару Сяргею Башарымаву выставілі абвінавачаньне ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў.

24 ліпеня Алена Сурапіна атрымала па пошце ліст ад затрыманага КДБ сына Антона. Ён датаваны 22 ліпеня. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла сама спадарыня Сурапіна:

Алена Сурапіна

Алена Сурапіна

«Кароткі зьмест ліста такі: ён перадае ўсім прывітаньне, натуральна, нам пару словаў, каб трымаліся. Прывітаньне бабулям-дзядулям, сваёй любімай дзяўчыне. Прызнаўся, што паліць, пра што я ня ведала да апошняга. Спасылаецца на нэрвы. Усім незалежным журналістам вялікая падзяка. Ліст на дзьве старонкі. Але пра справу — нічога. Напісаў, што, мама, я трымаюся, каб не хвалявалася».

23 ліпеня Антона пакінулі пад вартай пасьля заканчэньня 10-суткавага тэрміну з дня затрыманьня. Яго падазраюць у садзеяньні групе асобаў у незаконным перасячэньні мяжы. Ці выставілі Антону Сурапіну афіцыйнае абвінавачаньне, невядома. Паводле маці Антона Сурапіна, адвакат гэтага не ўдакладняе, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва.

Сяброўка іншага арыштаванага ў справе плюшавых мядзьведзікаў менскага рыэлтара Сяргея Башарымава Ірына Лагойка паведаміла пра тое, што Сяргей абвінавачаны ў спрыяньні незаконным перасячэньні мяжы:

«Так нам сказаў у мінулы панядзелак адвакат. Сапраўды гэтак сказаў».

Паводле Ірыны Лагойкі, абвінавачаньне Сяргею Башарымаву выставілі 16 ліпеня, праз 10 дзён пасьля затрыманьня. Ірына мяркуе, што меру стрыманьня яму зьмянілі з затрыманьня на арышт. Сяргею Башарымаву пагражае ад 3 да 7 гадоў зьняволеньня. Ужо больш за тыдзень ад Сяргея няма лістоў, і Ірыне невядома, ці даходзяць яе лісты да яго. Наступную перадачу Сяргею Ірына і ягоная маці перададуць у жніўні:

«Яму ўжо двойчы перадавалі, а можна толькі дзьве перадачы на месяц. Таму наступным разам у жніўні».

4 ліпеня ў Беларусь незаўважаным беларускімі сіламі СПА праляцеў лёгкаматорны швэдзкі самалёт, зь якога над Івянцом і ўскраінай Менску скінулі плюшавых мядзьведзікаў з плякатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады краіны дагэтуль афіцыйна не прызналі парушэньня паветранай прасторы замежным самалётам. КДБ ніяк не камэнтуе справу аб мядзьведзіках і тое, што паводле гэтай справы затрыманыя журналіст Антон Сурапін і рыэлтар Сяргей Башарымаў.

Пэр Кромвэл

Пэр Кромвэл

Швэд Пэр Кромвэл, які арганізаваў палёт швэдзкага самалёта ў Беларусь і 4 ліпеня назіраў за самалётам зь зямлі ў Івянцы, адмаўляе ўдзел Сяргея Башарымава ў дапамозе ўдзельнікам акцыі:

«Ён ня быў задзейнічаны ў нейкай дапамозе ці садзеяньні нам. Ён толькі здаваў кватэру і даслаў фармальнае запрашэньне. Гэта стандартная працэдура для тых, хто зьбіраецца арандаваць кватэру. Але ў самой справе яго не было ні ў якім выглядзе».

Паводле вэрсіі, агучанай у газэце «Наша ніва», Сяргей Башарымаў мог рыхтавацца да фатаграфаваньня швэдзкага самалёта падчас яго пралёту над адміністрацыяй Лукашэнкі. Ці такое магчыма, спытаўся я ў Пэра Кромвэла:

«Не, не. Ён ня быў ні ў чым задзейнічаны. Ні ў фота, ні ў чым іншым. Гэта цалкам няпраўда, што ён нібыта да гэтага рыхтаваўся. Ягоная праца — гэта толькі здача кватэры ў арэнду».

Пэр Кромвэл паведаміў, што бачыўся зь Сяргеем Башарымавым толькі ў траўні, падчас першага прыезду ў Менск, а ў ліпені яны так і не сустрэліся. Ужо прыляцеўшы ў Менск, швэд адмяніў заказ на кватэру праз СМС.

Тыдзень таму Пэр Кромвэл зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім паабяцаў прыехаць у Беларусь, калі Лукашэнка дасьць яму гарантыі бясьпекі, і распавесьці пра тое, як пілёту ўдалося абмінуць сродкі беларускай СПА. «Усё, што трэба зрабіць, — гэта толькі паабяцаць ня мучыць з роспачы невінаватых людзей, якія апынуліся побач», — пісаў Пэр Кромвэл. «Адказу на маю прапанову я не атрымаў, увогуле беларускія ўлады ніяк не адгукнуліся на мой зварот», — паведаміў «Свабодзе» Пэр Кромвэл.
XS
SM
MD
LG