Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас выступу на саміце міністраў замежных спраў Эўразьвязу і краін-удзельніц «Усходняга партнэрства», які адбыўся ў Брусэлі, вярхоўная прадстаўніца ЭЗ па замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заявіла, што пасыл эўрапейцаў да Беларусі ясны — «палітычным вязьням няма месца ў сэрцы Эўропы». Як ставяцца да гэтай заявы ў Беларусі? Ці будзе пасьлядоўнай пазыцыя ЭЗ адносна Беларусі?

Лідэр кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначыў, што стаўленьне Эўропы да Беларусі павінна быць больш рэальным:

Ўладзімер Някляеў

Ўладзімер Някляеў

«Ужо само па сабе добра, што на гэтую праблему, адну з самых важных, палітычную і гуманітарную, Эўропа не забываецца. Але я ня думаю, што Эўропа сёньня здольная прыдумаць нешта мацнейшае, дадатковае да таго, што яна ўжо спрабавала зрабіць. Тым больш што кожнага разу перад нейкай палітычнай падзеяй у Беларусі, якой цяпер зьяўляюцца парлямэнцкія выбары, Эўропа крыху прыціхае ў сваіх катэгарычных заявах і спрабуе знайсьці зь Менскам нейкае паразуменьне, пра што сьведчыць удзел міністра замежных спраў Мартынава ў саміце. Мы ня маем права, урэшце, нічога кардынальна патрабаваць ад Эўропы, бо Эўропа нам нічога ня вінная. Але ўсё ж адчуваньне таго, што Беларусь у межах Эўропы, што ў залежнасьці ад лёсу Беларусі будзе разьвівацца і будучыня Эўропы, — гэтае разуменьне павінна быць усё ж у ЭЗ больш рэальным. Усё ж сёньня эўрапейцам уяўляецца так, што яны могуць аддаць Беларусь пад юрысдыкцыю Расеі, пад вырашэньне яе лёсу ў Крамлі, і нічога ня зьменіцца. Не, зьменіцца, і вельмі істотна».

Дзьмітрый Вус

Дзьмітрый Вус

Былы палітвязень Дзьмітрый Вус адзначае, што эўрапейская эканоміка мае ўплыў на эўрапейскую палітыку адносна Беларусі. Эўрапейскія бізнэсоўцы зацікаўленыя ў супрацы з рэжымам Лукашэнкі, бо маюць добрыя дывідэнды:

«Таму палітычных рашэньняў у Эўропы няма і ня будзе. Я ўжо гляджу на гэта як на шоў, якое творыцца ў Эўропе. Проста яны не гатовыя для таго, каб яго прымаць. Таму гэта ўсё і застаецца на ўзроўні словаў і папулізму. Яны залежаць ад свайго бізнэсу, і таму яны будуць слухаць, што кажуць ім людзі, якія фінансуюць іх на выбарах і якія іх падтрымліваюць. Таму тое, што гэта гаворыцца, — гэта чысты папулізм».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што ў візыце Сяргея Мартынава ў Брусэль няма нічога дзіўнага, міністар замежных спраў Беларусі не ўваходзіць у сьпіс неўязных. Аднак у Эўропе цьвёрда стаяць на сваім патрабаваньні вызваліць палітвязьняў:

«Мы бачым, што дагэтуль усе заявы — Фюле, Більт, Эштан — ідуць у адным кірунку. Яны трымаюцца гэтай лініі, што палітвязьняў у цэнтры Эўропы быць не павінна. Яны будуць трымацца гэтай пазыцыі. Наколькі жорстка яны будуць настойваць і што патрабаваць, акрамя вызваленьня, і што будуць гатовыя даць, бо беларускія ўлады будуць нечага жадаць узамен, — пакуль сказаць цяжка. Я мяркую, што Эўропа на саступкі адкрыта ня пойдзе. Могуць быць нейкія патаемныя перамовы, будуць пра нешта дамаўляцца — гэта ня выключана. Што тычыцца Беларусі, гэта будзе залежаць ад таго, як будзе паводзіць сябе Масква. Вось Мядзьведзеў быў, крыху прыгразіў. Калі беларускія ўлады адчуюць,што непрыемнасьці могуць быць і яны будуць даволі сур’ёзнымі, афіцыйны Менск можа пайсьці насустрач Эўропе. Але пакуль гэтага чакаць не выпадае».
XS
SM
MD
LG