Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Сяргей Дубкоў не выключае, што ў Беларусі магчымыя значныя ваганьні курсаў замежных валют.

Камэнтуючы магчымасьць аднаўленьня крэдытаваньня фізычных асобаў у замежнай валюце, спадар Дубкоў, у прыватнасьці, адзначыў: пад уплывам усясьветнага фінансавага крызісу і на тле дысбалянсаў у эканамічным разьвіцьці краіны магчымыя непрадказальныя ваганьні курсаў замежных валют. Гэта, па яго словах, вядзе да зьніжэньня платаздольнасьці крэдытаатрымальнікаў.

Нацбанк ня лічыць мэтазгодным здымаць забарону на крэдытаваньне фізычных асобаў у замежнай валюце, бо ў ім закладзена высокая рызыка невяртаньня крэдытаў у выпадку, калі сумы плацяжоў пачнуць перавышаць прыбытак крэдытаатрымальніка. Гэта зьвязана перадусім з тым, што грамадзяне атрымліваюць заробную плату ў рублях і насельніцтва ня ў поўнай меры ўсьведамляе магчымыя рызыкі. Дубкоў падкрэсьліў, што цяперашняя забарона на валютнае крэдытаваньне зьмяншае рызыкі як для банкаў, так і для насельніцтва. Да таго ж адмова ад разьлікаў у валюце паміж рэзыдэнтамі на тэрыторыі Беларусі — важны складнік «дэдалярызацыі эканомікі», які ўзмацняе давер да нацыянальнай валюты.

Між тым, на думку антыкрызіснага кансультанта Мечыслава Бурака, ваганьні на валютным рынку абумоўленыя ня столькі зьнешнімі прычынамі, колькі ўнутранымі. Немадыфікаваная беларуская эканоміка ня здольная вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая не каціруецца на ўсясьветным рынку. Пры такой дыспрапорцыі няма стабільнага паступленьня валюты ў бюджэт, што прыводзіць да яе дэфіцыту нават пра невялікім росьце попыту:

На сёньняшні дзень эканомікі Беларусі няма, паколькі яна варыцца ва ўласным соку ...

«На сёньняшні дзень эканомікі Беларусі няма, паколькі яна варыцца ва ўласным соку. Гэта значыць, што нам трэба інтэгравацца ў глябальную ўсясьветную эканоміку. Але каб інтэгравацца ў глябальную эканоміку, неабходна прапанаваць канкрэтны тавар, які будзе мець платаздольны попыт у сьвеце, а ня ў нейкім адным дададзеным рэгіёне — гэта тое, што мы маем у выпадку з Расеяй. У глябальнай эканоміцы паняцьця „рэгіянальная эканоміка“ няма».

У пацьверджаньне слоў Сяргея Дубкова пра адсутнасьць стабільнасьці на валютным рынку па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра ў параўнаньні з папярэднім днём падвысіўся на 30 рублёў — да 8320 рублёў. Эўра падаражэў адразу на 50 рублёў — да 10 080 рублёў.
XS
SM
MD
LG