Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П'яныя сьвяткаваньні і непрыстойныя жэсты – зусім ня тое, што павінна быць на Алімпіядах. Але бывала. Карэспандэнт Радыё Свабода сабраў найбольш скандальныя факты зь мінулых Алімпійскіх гульняў.

П'яныя сьвяткаваньні і непрыстойныя жэсты – зусім ня тое, што павінна быць на Алімпіядах. Але бывала.

Сёлета ў траўні ўрад Расеі абвясьціў публічна, што расейскай камандзе падчас спаборніцтваў у Лёндане будзе забаронена ўжываньне любога алькаголю. Ня толькі самім спартоўцам, але і ўсім чальцам дэлегацыі, што іх суправаджаюць.

Масква ня кажа чаму.

А рэч у тым, што зборная Расеі моцна расчаравала суайчыньнікаў два гады таму на зімовых Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры. Яна прывезла дадому ўсяго 14 мэдалёў, хоць лічылася, што павінна выйграць 50.

Паведамлялася, што каманда ўчыняла ў гатэлі дзікія п'янкі. Аднойчы ўначы яны нават прынесьлі дзьве бэнзінавыя каністры з гарэлкай і віскі для гасьцей.

Але ня толькі дрэнныя паводзіны ў выглядзе п'янства абмяркоўваюцца напярэдадні Лёндана. Кажуць таксама пра непрыстойнае пазіраваньне перад камэрамі.

У гэтым месяцы Аўстралійскі алімпійскі камітэт заявіў, што пакарае двух сваіх топ-плывуноў вяртаньнем іх дадому, як толькі яны скончаць свае заплывы.

Чаму? Плывуны Нік Д'Арсі і Кенрык Монк нядаўна апублікавалі фатаграфіі ў Facebook, дзе паказана, як яны трасуць зброяй. Паводле чыноўнікаў, здымкі дрэнных хлопцаў – зусім ня тое, што павінна рэпрэзэнтаваць спартоўцаў.

На працягу гадоў сьпіс прыкладаў неспартовых паводзінаў вырас і стаў дастаткова доўгім, каб паводле яго можна было праводзіць асобную міні-алімпіяду.

У Атэнах у 2004 годзе іранскі дзюдаіст Араш Мірэсмайлі добра пад'еў у ноч перад спаборніцтвамі, і быў дыскваліфікаваны за тое, што меў залішнюю вагу. Ён сказаў, што зрабіў гэта на знак пратэсту супраць заплянаванага двубою з канкурэнтам з Ізраілю, бо гэтую дзяржаву Іран не прызнае.

Падобная гісторыя здарылася з польскім скакуном з шастом Уладзіславам Казакевічам. У 1980 годзе на гульнях у Маскве ён зрабіў непрыстойны жэст у бок публікі, якая падтрымвала савецкага скакуна Канстанціна Волкава. Гэты жэст прадстаўніка савецкага сатэліту Польшчы ледзь не каштаваў спартоўцу залатога мэдаля.

Часам дрэнныя паводзіны зьвязаныя з рэквізытам.

Падчас Алімпіяды 1976 году ў Манрэалі савецкая зорка пяцібор'я Барыс Анішчанка падчас фэхтавальнага двубою з ангельскім супернікам у пэўны момант нават не дакрануўся да брытанца, аднак лямпачка за яго сьпінай сыгналізавала пра ўкол. Пасьля таго, як была праведзеная экспэртыза шпагі Анішчанкі, высьветлілася: у дзяржальню шпагі была ўмантаваная кнопка, і націскам гэтай кнопкі Анішчанка ў любы момант мог замкнуць электрычны ланцуг, які ўключаў судзейскую лямпачку. Пасьля гэтага Анішчанка і ўся савецкая каманда былі дыскваліфікаваная.

Іншыя алімпійцы сталі знакамітымі праз выкарыстаньне допінгу.

Канадзкі спрынтар Бэн Джонсан стаў адразу славутым, а затым сумна вядомым, калі заваяваў залаты мэдаль на 100-мэтровай дыстанцыі ў 1988 годзе на Алімпійскіх гульнях у Сэуле, затым страціў яго пасьля станоўчых вынікаў аналізу на допінг.

У 1998 годзе на зімовых гульнях у Нагана, Японія, канадзец Рос Рэбальяці ўвайшоў у гісторыю, стаўшы першым пераможцам у мужчынскім сноўбардзе. Празь некалькі гадзін ён быў пазбаўлены мэдаля пасьля станоўчага выніку тэсту на марыхуану.

Пазьней залаты мэдаль быў яму вернуты, бо ў той час марыхуана не была забароненая алімпійскімі правіламі. Пазьней яе далучылі да «чорнага сьпісу».

Усе гэтыя моманты ўвайшлі ў алімпійскую гісторыю.

Яны ня могуць натхняць, калі ўвесь сьвет сочыць за гульнямі, але спаборніцтвы былі б няпоўнымі бязь іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG