Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка параўнаў замежныя банкі з «агентурай»


У часе справаздачы старшыні Нацыянальнага банку Надзеі Ермаковай кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асобныя замежныя банкі паводзяць сябе як «замежныя агенты ў літаральным сэнсе гэтага слова».

Пры гэтым ён спаслаўся на прадпрымальнікаў, якія нібыта скардзяцца, што фінансавая дакумэнтацыя шмат якіх кампаніяў «капіюецца і адпраўляецца некаторым заказчыкам». Лукашэнка сказаў, што спраўджваў гэтыя зьвесткі і яны пацьвярджаюцца:

«Я калісьці даручаў вам зьвярнуць увагу на дзейнасьць замежных банкаў, іх даччыных прадпрыемстваў, філіялаў у нашай краіне. Як увогуле працуюць замежныя банкі, якое ваша агульнае меркаваньне адносна дзейнасьці банкаўскіх установаў? Таму што мне паступала інфармацыя, што некаторыя замежныя банкі сябе паводзяць папросту як замежныя агенты — у поўным сэнсе гэтага слова».

Лукашэнка ўдакладніў: калі замежныя банкі прыйшлі ў беларускую эканоміку, то мусяць на яе працаваць, а ня проста ўдзельнічаць у выгадных для сябе праектах.

У беларускіх прадстаўніцтвах расейскіх банкаў адмаўляюцца выказвацца адносна заяваў кіраўніка Беларусі. Асобныя суразмоўцы не пад запіс даюць зразумець, што ім тут яшчэ працаваць і любыя контразаявы могуць дорага каштаваць.

Колішні кіраўнік буйнога «Белаграпрамбанку» Міхаіл Чыгір кажа, што такімі заявамі Аляксандар Лукашэнка ніяк не спрыяе прывабнасьці фінансавага рынку для патэнцыйных інвэстараў:

Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір

«Будзе наяжджаць — дык і тыя сыдуць. Атрымлівалі мы за кошт замежнага капіталу нейкія інвэстыцыі, прыйшлі замежныя банкі — нешта давалі. Чаго ён дасягне сваімі заявамі — толькі таго, што перастануць даваць, вось і ўсё. Каму патрэбны такі вынік? Але, зь іншага боку, замежнымі банкамі асабліва не пакамандуеш, таму гэта, збольшага, пустое трасеньне паветра»

Нягледзячы на запэўніваньні Надзеі Ермаковай, што банкі, якія прыйшлі з замежным капіталам (пераважна расейскім), на беларускім рынку эфэктыўна працуюць і крэдытуюць эканоміку, Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць узмацніць кантроль за іх дзейнасьцю.
XS
SM
MD
LG