Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Эўрарадыё адпусьцілі


Віталь Ругайн, журналіст Эўрарадыё

Віталь Ругайн, журналіст Эўрарадыё

Раніцай 24 ліпенія журналіст Эўрарадыё Віталь Ругайн ехаў з Вільні ў Менск. Пасьля мытнага дагляду ў Віталя канфіскавалі ноўтбук.

11.25 Памежнікі вярнулі Віталю Ругайну пашпарт і ноўтбук ды адпусьцілі. Цяпер ён «ловіць» на трасе машыну, каб даехаць да Менску

10.50 У Віталя Ругайна на мяжы з Літвой канфіскавалі ноўтбук. Быў складзены пратакол аб канфіскацыі згодна з артыкулам 8.9 «Працэсуальна-выканаўчага кодэкса ад адміністрацыйных правапарушэньнях». Гэты артыкул прадугледжвае, што рэчы, знойдзеныя ў фізычнай асобы пры затрыманьні, ператрусу ці даглядзе могуць быць канфіскаваныя, калі маюць значэньне для прыняцьця рашэньня па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Спачатку сувязі з Віталём не было. Пазьней ён патэлефанаваў у сваю рэдакцыю і паведаміў, што прайшоў поўны мытны дагляд. Яго ужо зьбіраліся адпусьціць, але раптам вярнулі: «Пачакайце, з вамі хочуць пагутарыць». У Ругайна забралі пашпарт, паведамляе Эўрарадыё.

Гісторыя цягнецца з 22 чэрвеня, калі пасьля затрыманьня журналіста Эўрарадыё Паўла Сьвярдлова, невядомыя ў цывільным чакалі каля офіса Віталя Ругайна (яны паказвалі фотаздымак журналіста вахцёршы). Аднак з дапамогай журналістаў іншых СМІ, якія прыйшлі ў офіс Эўрарадыё, тады Ругайну ўдалося застацца на волі і зьехаць з краіны ў Польшчу. Сёньня ён упершыню пасьля вяртаньня з адпачынку спрабаваў прыехаць у Беларусь.

Падставай для паляваньня за журналістамі можа быць тое, што журналісты Эўрарадыё зрабілі рэпартаж з мінскага мэтро, у часе падрыхтоўкі якога прайшліся па падземцы з цяжкой валізкай, і на іх ніхто не зьвярнуў увагі. Затрыманьне Паўла Сьвярдлова, а цяпер і Віталя Ругайна магло стаць своеасаблівай помстай.



XS
SM
MD
LG