Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга «Як?» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» можа стаць для кагосьці падручнікам у штодзённым жыцьці. Яе аўтар прапануе чытачам свае адказы на дзясяткі самых актуальных пытаньняў — як галасаваць і як прыстасоўвацца, як яднацца і як хітраваць, як адбыцца і як бараніцца, як варагаваць і як дараваць… Дзеясловы дзеяньня складаюць сэнсавы каркас кнігі. Азбуку паводзінаў для беларусаў склаў Сяргей Дубавец — наш сёньняшні госьць.

— Сяргей, пачну нашу гутарку з даўняй ужо гісторыі. Неяк у пісьменьніцкай кампаніі адзін надзелены намэнклятурнай пасадай літаратар падзяліўся з калегамі гэткай сваёй праблемай: «Толькі прыеду ў родную вёску — да мяне людзі ідуць». — «Дык гэта ж выдатна — да Талстога таксама ішлі». — «Дык да Талстога ішлі з пытаньнем — як жыць, а да мяне: дапамажы сыну ў інстытут паступіць ці шыферу дастаць…» Пасьля выхаду кнігі «Як?» многім здалося, што Сяргей Дубавец можа шмат што падказаць. Ці не даймаюць і вас пытаньнямі, як Талстога?

— Як Талстога, не даймаюць. Тут трошкі іншая формула склалася. Рэч у тым, што мне ў жыцьці заўсёды шанцавала з тым чалавечым асяродкам, у якім я апынаўся: сябры, сваякі, знаёмыя. І сам прынцып існаваньня гэтых асяродкаў — гэта ўвесь час гаварыць, раіцца. Разам шукаць нейкія адказы, сэнсы. І я думаю, што яшчэ адзін адказ на пытаньне, як існаваць, у тым, што я сказаў — раіцца, увесь час абмяркоўваць усё, што з намі адбывацца. І калі б усе чалавечыя асяродкі і супольнасьці існавалі паводле такога прынцыпу, я думаю, што ў грамадзтве было б нашмат менш праблемаў.

— Я памятаю, як на прэзэнтацыі кнігі «Як?» Пётра Садоўскі — дыплямат і мовазнавец — зьдзівіў прысутных яшчэ і сваім паэтычным талентам, прачытаўшы ўласны верш: «Пакліканы я вас вучыць, як паміраць, як спаць, як піць, як Беларусь дабудаваць, як дараваць, як сьвяткаваць, як ворагам зрабіць капец… Рабі, як кажа Дубавец». Уявім сабе, што ваша азбука паводзінаў спрацавала — які б гэта магло мець вынік?

— Я думаю, што ў жыцьці было б крышачку больш гармоніі і менш усякіх закалотаў. І натуральна, наша краіна была б больш беларускай. Па ідэі, уся мая кніга — гэта комплекс маіх жаданьняў і пажаданьняў. А паколькі я хачу бачыць сваю краіну больш эўрапейскай, больш дэмакратычнай і, натуральна, больш беларускай, то, хутчэй за ўсё, калі б гэтыя жаданьні і пажаданьні зьдзейсьніліся, то яна такой і стала б. Як, да прыкладу, суседнія краіны — тая ж Літва, Польшча ці Чэхія.

— Я дапускаю, што некаторыя разьдзелы вашай азбукі паводзінаў могуць кімсьці не ўспрымацца. Скажам, эсэ «Як шчыраваць?», дзе вы гаворыце пра Крыж разладу, усталяваны ў спаленай савецкімі партызанамі вёсцы Дражна. Маўляў, тыя, хто ўсталёўваў крыж, загадзя ішлі на канфрантацыю з уладай, а зь ёй трэба — дамаўляцца. Вы ўсур’ёз лічыце, што з гэтай уладай можна пра штосьці дамовіцца?
Улада — гэта людзі. І калі нельга дамовіцца, дапусьцім, з Лукашэнкам, дык існуюць тысячы і тысячы начальнікаў на месцах, і можна пазьбегнуць канфлікту.

— Улада — гэта людзі. І калі нельга дамовіцца, дапусьцім, з Лукашэнкам, дык існуюць тысячы і тысячы начальнікаў на месцах, і можна пазьбегнуць канфлікту. Я прывяду такі невялічкі прыклад, хоць мог бы іх прывесьці шмат. У адным раённым цэнтры прэзэнтацыя кнігі «Як?» праходзіла з удзелам раённага начальніка па ідэалёгіі і з дабраславеньня раённага начальніка вэртыкалі, у прыстойнай залі з вялікай колькасьцю людзей. Чаму? Таму што ўсе людзі — людзі, і ўсе павінны дамаўляцца. Тады меней будзе канфліктаў, і мы хутчэй знойдзем наш нейкі агульны нацыянальны кансэнсус па ўсіх пытаньнях. Так што ня ўсё залежыць ад самага вэртыкальнага вэртыкальшчыка. Шмат што залежыць таксама ад тых кіраўнікоў, якія распараджаюцца на месцах.

— Думаю, што існуюць пытаньні, па якіх ні з вышэйшай, ні з ніжэйшай уладай дамовіцца немагчыма. І сытуацыя ў Дражна якраз з такіх невырашальных пытаньняў, бо сёньняшняя ўлада ніколі не прызнае, што там савецкія партызаны зьдзейсьнілі злачынства.

— Рэч у тым, што гаворка ідзе пра памяць, і калі яе не палітызаваць, а гаварыць проста пра памяць землякоў, якія загінулі ў вайну, то наўрад ці якая-небудзь улада будзе супраць таго, каб ушанаваць такую памяць. Напрыклад, на Смаргоншчыне ёсьць вёска Белая, дзе жыхары самі паставілі помнік усім ахвярам апошніх войнаў. Што намі рухае тут у першую чаргу? Сказаць, што савецкія партызаны зьдзяйсьнялі злачынства? Ці мы ўсё ж хочам ушанаваць памяць нашых землякоў-ахвяраў? Я думаю, што ў першую чаргу мы павінны думаць пра нашых землякоў, а ацэнкі савецкім партызанам трэба даваць на трыбуналах, а ня ў вёсках. Трэба даваць у кнігах, у навуковых працах, у фільмах — гэта зусім іншая галіна, і мы ня будзем пытацца ў мясцовай улады дазволу на трыбунал або на такі фільм. Што да самой вёскі Дражна, то там павінен стаяць памятны крыж — як напамінак пра ахвяры.

— Як на маю думку, беларусам ва ўсе часы бракавала дзеяньня. А «Як?» — кніга, ключавымі ў якой — акурат дзеясловы дзеяньня. Хоць некаторыя рэцэнзэнты вызналі ў ёй мастацкі твор, у якім лірычны герой — Сяргей Дубавец… Але пытаньне пра іншае: што ў вашай кнізе больш істотнае — фармулёўка пытаньня, ці падказка адказу?

— Безумоўна, самае істотнае — гэта фармулёўка пытаньня. Існуе такая старая мудрасьць, што правільна пастаўленае пытаньне — гэта ўжо і ёсьць адказ. І менавіта ў гэтым ключы я і спрабаваў шукаць вырашэньне нашых нейкіх асноўных праблемаў, канфліктаў, клопатаў. Таму гэта, безумоўна, пытаньне, і таму на вокладцы кнігі пасьля слова «Як» стаіць знак запытаньня.

— Пытаньне чалавеку, які стварыў узор паводзінаў для сябе і іншых. А хто з канкрэтных асобаў у айчыннай гісторыі ёсьць гэткім узорам паводзінаў для самога аўтара кнігі?
Калі б у мяне спыталіся, хто ёсьць сьвяты ці варты кананізацыі сёньня, я без усякага сумневу назваў бы Сержука Вітушку.

— Гэта цяжкае пытаньне, таму што ў нас была вельмі няпростая гісторыя для таго, каб у ёй разьвівалася цалкам гарманічная формула паводзінаў чалавека. Вось нядаўна мы пахавалі майго вельмі добрага і старога сябра Сержука Вітушку, якога я магу абсалютна без усялякіх агаворак назваць узорам чалавечых паводзінаў і самарэалізацыі ў гэтым сьвеце. Калі мы гаворым пра сьвятых, пра тых, каго царква назвала сьвятымі, мы заўсёды ўзгадваем прыклады са старой гісторыі, з менш старой, але гэта заўсёды зьвязана зь нейкімі закалотамі, войнамі. Калі б у мяне спыталіся, хто ёсьць сьвяты ці варты кананізацыі сёньня, я без усякага сумневу назваў бы Сержука Вітушку. Таму што ягоны жыцьцёвы шлях, калі чалавек фактычна жыў бяз цела, — гэта існаваньне чыстага духу ў нейкім сэнсе. Ён страціў здароўе цалкам, усё, што толькі можна. У яго не працавалі ні вочы, ні ногі, ні цела, і тым ня менш, ён для ўсіх, хто яго атачаў, быў абсалютным узорам аптымізму, пазытыўнага погляду на жыцьцё. Я лічу, што гэта сапраўдны подзьвіг, і гэта сапраўдны наш сёньняшні беларускі сьвяты. А што да даўнейшай гісторыі, то я магу сказаць пра постаць чалавека, мне надзвычай сымпатычнага, — гэта беларускі адраджэнец Іван Луцкевіч.

— Нядаўна ў Менску прэзэнтавалася ваша кніга «Майстроўня» — пра нефармальнае моладзевае згуртаваньне, якое існавала ў Менску ў пачатку 80-х. А ці заслугоўвае падобнай кнігі трохі пазьнейшае літаратурнае таварыства «Тутэйшыя», адным з арганізатараў якога таксама быў Сяргей Дубавец?

— Заслугоўвае, як заслугоўвае і «Талака», і рэгіянальныя аб’яднаньні моладзі 80-х. Таму што калі такіх кніг няма, то забываецца факт існаваньня гэтых арганізацыяў, якія, урэшце аб’яднаўшыся ў шырокі маладзёвы рух, прывялі да таго, што Беларусь стала незалежнай краінай. Мяне вельмі моцна зьдзіўляе той факт, што гісторыя 80-х ня пішацца, не вывучаецца, не ацэньваецца ніякім чынам. Я разумею, што гэта замінала б сучаснай беларускай ідэалёгіі, якая пачаткі беларускай дзяржаўнасьці выводзіць з адной канкрэтнай пэрсоны. Тым ня менш, гэтая канкрэтная пэрсона была супраць, каб Беларусь стала незалежнай, а гэта якраз тое, чаго дамагаліся моладзевыя аб’яднаньні 80-х. І калі ў нас паўстануць кнігі пра «Тутэйшых», пра «Талаку», пра гарадзенскую «Паходню», пра віцебскае «Ўзгор’е», пра гомельскую «Талаку», мы раптам убачым, што ў нас ёсьць гісторыя трыццаці-дваццаціпяцігадовай даўніны — наша беларуская гісторыя, якую мы можам паказваць, якой мы можам вучыць нашых дзяцей. Нашы дзеці ў гэтай гісторыі знойдуць для сябе прыклад жыцьцёвых паводзінаў.

— У 1990 годзе вы пачалі выдаваць «Нашу ніву» — у працяг той легендарнай «першай беларускай газэты з рысункамі». А нядаўна я даведаўся, што ў Беларусі ствараецца вандроўны тэатар, які будзе насіць імя Ўладыслава Галубка… Ці не азначаюць падобныя ініцытывы, што мы раз-пораз вяртаемся на старт, так і не дайшоўшы да фінішу?
Дзякуй Богу, што мы ўсё ж падымаемся, падымаем тыя сьцягі, якія выпалі з рук забітых чужынцамі і злачыннай уладай нашых герояў.

— Безумоўна, азначаюць. Так яно і адбывацца — не па нашай волі. Мы ведаем, як закончылася жыцьцё ўзгаданага Ўладыслава Галубка. Яго проста забілі, як забілі тысячы пачынальнікаў розных нацыянальных ініцыятываў. Мы ведаем, што і «Наша ніва» спыніла сваё існаваньне колісь не па сваёй волі. Таму гэта пэўная сатысфакцыя, калі мы аднаўляем ініцыятывы нашых папярэднікаў, якіх мы ведаем, якіх мы любім, з якіх мы бярэм прыклад. Тут можна сказаць: на жаль, так адбываецца. А зь іншага боку, можна сказаць: дзякуй Богу, што мы ўсё ж падымаемся, падымаем тыя сьцягі, якія выпалі з рук забітых чужынцамі і злачыннай уладай нашых герояў.

— З 35 кніг у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — 3 вашых. Вы самы актыўны са свабодаўскіх аўтараў. Што, на вашую думку, з гэтай сэрыі заслугоўвае перавыданьня?

— Мне вельмі каштоўнай здаецца кніга Пётры Садоўскага «Мой шыбалет». Я ведаю, што неўзабаве ў Менску зьявіцца такая тэхналёгія, якая зможа з PDF-файла выдрукоўваць кнігу на замову. Проста такі станок. Ты прыходзіш у кнігарню, замаўляеш кнігу, і табе тут жа яе выдрукоўваюць. Гэта цудоўна. Я ведаю, што ўсе PDF-файлы ўсіх кніг Свабоды будуць пры гэтым станку. Ясна, што калі такі станок зьявіцца, пра гэта будзе паведамлена шырока. Можна будзе прыйсьці ў кнігарню, за зусім невялікія грошы замовіць любы рарытэт са Свабодаўскай бібіліятэкі і атрымаць яго сабе на паліцу ў выглядзе кнігі накладам у адзін асобнік.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG