Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію Бэрка атрымаў пакістанскі журналіст, які сем разоў сядзеў у турме


Сайлаб Махсуд на канфэрэнцыі па справах міру

Сайлаб Махсуд на канфэрэнцыі па справах міру

Сёлета прэстыжнай журналісцкай прэміяй імя Дэйвіда Бэрка быў уганараваны пакістанскі журналіст Сайлаб Махсуд з Радыё Машал, «за выключную прынцыповасьць, мужнасьць і арыгінальнасьць у асьвятленні пуштунскіх племянных раёнаў Пакістану».

Акрамя Махсуда, ляўрэатамі прэміі ў 2012 годзе сталі Мукарам Хан Атыф з Радыё Голас Амэрыкі (VOA), Карэн Кабальера з Радыё і ТВ Марці, Карэйская служба Радыё Свабодная Азія (RFA), а таксама Мухамад Муавад і Ламія Рэзгі Буруга з Радыё Сава.

«Прэмія Бэрка даецца людзям, якія вызначыліся незвычайным талентам, працавітасьцю, і — галоўнае — адданасьцю высокім стандартам журналістыкі», — сказаў Майкл Лінтан, галоўны дырэктар Рады Кіраўнікоў вяшчаньня (BBG).

За свой 40-гадовы журналісцкі досьвед Сайлаб Махсуд з Радыё Машал займеў выключную рэпутацыю сярод насельніцтва племянных тэрыторыяў Пакістану. Ён асьвятляў перамовы паміж урадам Пакістану і талібамі, паведамляў пра тэракт у 2011 годзе, калі групы шыіцкіх пілігрымаў былі атакаваныя тэрарыстамі-сьмяротнікамі ў трох афганскіх гарадах.

Махсуд 7 разоў трапляў за краты, экстрэмісцкія групоўкі ня раз пагражалі расправай. Але нават у складаных варунках журналіст заставаўся верны прафэсіі.

Малады Махсуд выходзіць з турмы ў 1993 годзе. Ён быў зьняволены за паведамленьне аб вызваленьні з турмы дзяржаўнага міністра Аманулы Кундзі. Урад сьцьвярджаў, што міністр адправіўся ў Афганістан, але Махсуд, які быў карэспандэнтам Бі-Бі-Сі выявіў месцазнаходжаньне міністра і ўзяў у яго інтэрвію, чым даказаў, што міністар у Пакістане.

Малады Махсуд выходзіць з турмы ў 1993 годзе. Ён быў зьняволены за паведамленьне аб вызваленьні з турмы дзяржаўнага міністра Аманулы Кундзі. Урад сьцьвярджаў, што міністр адправіўся ў Афганістан, але Махсуд, які быў карэспандэнтам Бі-Бі-Сі выявіў месцазнаходжаньне міністра і ўзяў у яго інтэрвію, чым даказаў, што міністар у Пакістане.

У 2011 годзе гэтай прэстыжнай прэміяй была ўганараваная Беларуская служба Радыё Свабода, «за навіны і паглыблены аналіз сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, за асьвятленьне вулічных пратэстаў і ціску з боку ўлады на незалежныя мэдыі і палітычную апазыцыю». Беларускую службу Радыё Свабода цытавалі CNN, New York Times і BBC. Свабода падрыхтавала адмысловую перадачу «Галасы Салідарнасьці», у якой амэрыканскія і сусьветныя лідэры, у тым ліку былы прэзідэнт ЗША Джордж Буш, чыталі імёны больш чым 700 чалавек, затрыманых падчас падзеяў сьнежня 2010.

Выбітная журналісцкая прэмія імя Дэвіда Бэрка названая ў гонар былога старшыні Рады кіраўнікоў вяшчаньня (BBG). Узнагарода — гэта прызнаньне мужнасьці, сумленнасьці і арыгінальнасьці у працоўнай дзейнасьці журналістаў

Рада кіраўнікоў вяшчаньня (BBG) — незалежнае фэдэральнае агенцтва ЗША, якое кантралюе міжнародныя праекты грамадзкага радыёвяшчаньня, у тым ліку Голас Амэрыкі (VOA), Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE / RL), Middle East Broadcasting Networks (Alhurra TV і Radio Sawa), Radio Free Asia (RFA) і Упраўленьне Вяшчаньня Кубы (Радыё і ТВ Марці). Сукупная аўдыторыя ўсіх мэдыяў, падкантрольных BBG — 155 мільёнаў чалавек.
XS
SM
MD
LG