Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамаск назваў умовы ўжыцьця хімічнай зброі


Джыгад Макдысі

Джыгад Макдысі

Сырыйскія ўлады заявілі сёньня, што гатовыя ўжыць хімічную зброю толькі ў выпадку зьнешняй агрэсіі, але ні ў якім разе ня супраць сваіх суграмадзян.

З адпаведнай заявай сёньня выступіў афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Сырыі Джыгад Макдысі на наступны дзень пасьля таго, як у адміністрацыі ЗША паабяцалі прыцягнуць да адказнасьці любога прадстаўніка сырыйскага кіраўніцтва, які паспрабуе ўжыць хімічную зброю ў цяперашнім канфлікце ў краіне.

Джыгад Макдысі таксама адхіліў прапанову Лігі арабскіх дзяржаў (ЛАД) аб «бясьпечным выезьдзе» з Сырыі прэзыдэнта Башара Асада і членаў яго сям'і ў выпадку, калі Асад пагодзіцца сысьці ў адстаўку. Аб ініцыятыве ЛАД стала вядома пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў арганізацыі ў Досе.

Сырыйскія ўлады сьцьвярджаюць, што сытуацыю ў Дамаску, дзе больш за тыдзень працягваюцца баі паміж атрадамі паўстанцаў і вайскоўцамі, удасца нармалізаваць на працягу некалькіх дзён. Апазыцыянэры з свайго боку заяўляюць, што яны «на парозе перамогі».

Эўразьвяз робіць больш жорсткім эмбарга на пастаўкі зброі ў Сырыю - у прыватнасьці, узмацняецца кантроль за марскім і паветраным транспартам, які перавозяць грузы ў гэтую краіну.
XS
SM
MD
LG