Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: Зьяжджаюць у Расею будаўнікі, кіроўцы, прадпрымальнікі. Ці вернуцца?


Магілёўскі аблвыканкам прызнаў, што ў будаўнічай галіне рэгіёну не хапае сямі тысяч спэцыялістаў. Чыноўнікі кажуць: «Каб вярнуць будаўнікоў на радзіму, трэба падвышаць заробкі». Тым часам зьяжджаюць у суседнюю Расею ня толькі спэцыялісты будаўнічых спэцыяльнасьцяў.

Адток будаўнічых кадраў чыноўнікі падлічылі за апошнія паўтара года. Паводле іх, недахоп будаўнікоў адбіваецца на якасьці здадзенага жытла, бо пазьяжджалі ў Расею высокакваліфікаваныя спэцыялісты:

«Крыху больш за сем тысяч сапраўдных майстроў на сёньня не хапае. Сыходзяць дужа запатрабаваныя спэцыялісты — муляры, бэтоншчыкі, плітачнікі. Найпершая наша задача — іх вярнуць. А вярнуць іх можна толькі заробкамі. Калі параўноўваць умоўна сярэднюю зарплату ў будаўніцтве ў Расеі, то там 700–800 даляраў. Вось і мы павінны імкнуцца, каб і ў нас заробкі былі аналягічныя з расейскімі. Тады людзі вернуцца назад», — заяўляе супрацоўнік камітэту будаўніцтва і архітэктуры Магілёўскага аблвыканкаму Ігар Мажароўскі.

Зь якіх крыніцаў падвышаць заробкі ў будаўнічых арганізацыях, чыноўнікі ня кажуць. Ад іх гучыць нязьменнае: «Трэба выконваць плян». Тым часам у саміх будаўнічых арганізацыях прызнаюць, што рэсурсаў на заробкі памерам як у Расеі ў іх няма:

«У чалавека няма грошай, каб купіць кватэру. Адпаведна, падрадчыкі менш плацяць працоўным, бо кватэры будуюцца проста ў запас — прадаць іх ня могуць. Я цяпер сам працую паводле дамоваў падраду. Паўсюль падман. Тыдзень працуеш, і ўсё. Далей не працуеш, бо не паступае нават мізэру ад згаворанай сумы. Цяпер я і сам схіляюся зьехаць у Расею, і са мной яшчэ дзесяць чалавек, бо тут мы ня можам знайсьці працы з годным узроўнем аплаты», — зазначае кіраўнік адной з магілёўскіх будаўнічых арганізацыяў.

Усьлед за будаўнікамі ў Расею пацягнуліся й кіроўцы. Паменела маршрутных таксовак у Магілёве. Паводле афіцыйных зьвестак, да трыццаці працэнтаў. Прычына — нерэнтабэльнасьць перавозак. Вялікія выдаткі на абслугоўваньне машын і мізэрныя даходы.

«Паводле нашых падлікаў, на працягу 200 гадзін за месяц можна мець даход у межах 2,5–4 мільёнаў у залежнасьці ад маршруту. І такі жа перавозчык, які зьехаў у Маскву, прыяжджае адтуль з 8 мільёнамі за два тыдні. Вось тут ёсьць праблема», — прызнае супрацоўнік прафсаюзнага аб’яднаньня «Садружнасьць».

Зьмяншэньне пакупніцкай здольнасьці насельніцтва прымушае прадпрымальнікаў шукаць лепшай долі таксама ў Расеі. Як сьцьвярджаюць бізнэсоўцы, у суседняй краіне даходы вышэйшыя, чым на радзіме. Час ад часу гандляваць туды выяжджае і прадпрымальнік Алег:

«Выехала працэнтаў дзесяць — гэта з маіх знаёмцаў. Стабільнасьці няма — вось у чым справа. Людзі ледзь зводзяць канцы з канцамі. А мы ж ад іх залежым. У Расеі ж людзі жывуць заможней. Там хоць нейкі рух таварны лепшы. Нібыта й дорага яны падаткі „здымаюць“, але ж яно ўсё акупляецца. Карацей, нашы людзі розныя шляхі шукаюць, каб выжыць».

Незалежна ад роду дзейнасьці найчасьцей у расейскае памежжа выяжджаюць жыхары ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны. Амаль кожная тутэйшая сям’я выпраўляе на заробкі сваіх прадстаўнікоў — у асноўным мужчынаў працаздольнага веку. Знайсьці працу з годнай аплатай у раёнах, якія да 80% датуюцца зь дзяржаўнага бюджэту, няма. Туды ж, у Расею, вывозяць і прадаюць тое, што там можна прадаць — малочныя харчы, дарункі лесу і тое, што вырашчана на сваіх гаспадарках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG