Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міністар спорту пра мэдалёвы плян: Пупок разьвяжацца


Пачаўся алімпійскі тыдзень. Да ўрачыстага адкрыцьця юбілейнай, ХХХ па ліку летняй Алімпіяды ў Лёндане — 5 дзён.

З гэтай нагоды ў Алімпійскай вёсцы ўвечары 22 ліпеня быў узьняты дзяржаўны сьцяг Беларусі. Зрэшты, беларускія спартоўцы стартуюць у афіцыйных спаборніцтвах нават раней за афіцыйную цырымонію — 26 ліпеня футбольная зборная згуляе першую сустрэчу на групавой стадыі супраць каманды Новай Зэляндыі. Ці ўдасца беларусам дасягнуць вышыняў, якія перад атлетамі акрэсьлілі дзяржаўныя функцыянэры?

Дробнымі партыямі беларускія атлеты выпраўляюцца ў сталіцу Вялікай Брытаніі. Пасажыры авіякампаніі «Белавія» паведамілі, што сёньня рэйсам Менск — Лёндан адляцела мужчынская зборная па веславаньні — усяго сем чалавек. Сваіх камэнтатараў праводзіла Белтэлерадыёкампанія, колькасьць рэкордная — ажно 24 камандзіраваныя. Адлёт самай вялікай дэлегацыі заплянаваны на 25 ліпеня. Але многія з тых, для каго старты прызначаныя на другую частку Гульняў, яшчэ на тыдзень-паўтара затрымаюцца ў Беларусі. Як расказаў генэральны дырэктар спарткомплексу «Стайкі» Алег Сполан, алімпійцы будуць яшчэ трэніравацца, турбаваць іх зараз ня варта:

«Увесь час трэніруюцца, увесь час зборы. Шмат нацыянальных камандаў знаходзіцца на трэніроўках, хоць многія людзі ўжо ад’яжджаюць на Алімпіяду. Дарэчы, у нас тут розныя каманды — і беларускія, і не беларускія. Але я не валодаю такімі паўнамоцтвамі, каб прыйсьці ў залю і сказаць: усім стаяць
Спартоўцы просяць, каб адгарадзіць іх ад усялякіх карэспандэнтаў, ды проста людзі староньнія перашкаджаюць трэніравацца ...

сьмірна, зараз вас будуць здымаць. Яны мне не падпарадкоўваюцца: заплацілі за арэнду залі — і далей трэніруюцца. Мая справа іх накарміць, напаіць, абагрэць, залю даць. Хоць, ня буду хаваць, ёсьць незадавальненьне. Спартоўцы просяць, каб адгарадзіць іх ад усялякіх карэспандэнтаў, ды проста людзі староньнія перашкаджаюць трэніравацца, адцягваюць увагу, нагнятаюць абстаноўку. Вось такое меркаваньне ёсьць».

Яшчэ задоўга да пачатку алімпійскіх стартаў спартовыя і дзяржаўныя функцыянэры акрэсьлілі беларускім атлетам задачу-мінімум — прывезьці зь Лёндану 25 узнагародаў, прычым 5 зь іх павінны быць вышэйшай вартасьці. Як лічаць экспэрты, выканаць загад будзе надзвычай складана: на Алімпіяду з-за нізкіх вынікаў не адабраліся многія прызэры папярэдніх гульняў. Пра тое, што з розных прычынаў давядзецца прапусьціць галоўныя старты чатырохгодзьдзя, заявілі алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка, алімпійскі прызэр Вадзім Дзевятоўскі, не дапаможа футбольнай камандзе найлепшы некалі беларускі гулец Аляксандар Глеб.

Былы міністар спорту і турызму Юрый Сівакоў таксама згодны: сьцьвярджаць, што перадалімпійскія страты ніяк не адаб’юцца на баяздольнасьці беларускага калектыву, безадказна:

Юры Сівакоў, архіўнае фота
Юры Сівакоў, архіўнае фота
«Я ўжо гэта праходзіў на ўласным досьведзе, казаў тады і цяпер кажу — пупок разьвяжацца. Натуральна, плянка завышаная, адназначна неадэкватныя задачы. Але гэта наш прынцып, які рэалізуецца ўжо шмат гадоў: патрабуй немагчымага — атрымаеш максымальнае. І ў гэтым сэнсе людзі да такога прынцыпу таксама прызвычайваюцца, бо чалавек, як вядома, да ўсіх абставінаў умее адаптавацца — і пачынаем хлусіць там, дзе трэба і дзе ня трэба. У нас міністар, кіраўнік ведамства ня мае магчымасьці і імкненьня нейкім чынам выказаць свой пункт гледжаньня, не разумее таго, што яго задача — ня бегаць, не скакаць і не ўздымаць на грудзі штангу, а асноўная задача — не перашкаджаць падначаленым прафэсійна працаваць і стварыць для іх спрыяльныя ўмовы для гэтай працы. Вось у гэтым уся наша праблема».

Ня лепшы маральны стан і ў некаторых дзейных удзельнікаў. Трыюмфатар папярэдніх гульняў у Пэкіне цяжкаатлет Андрэй Арамнаў ня здолеў годна перажыць выпрабаваньне славай, некалькі разоў прыцягваўся да адказнасьці за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане, што адбілася на ўсім падрыхтоўчым працэсе. Як кажа іншы алімпійскі чэмпіён, штангіст Леанід Тараненка, прыклад ягонага маладога калегі мусіць стаць урокам для ўсіх спартоўцаў — пры любых рэгаліях трэба выконваць законы грамадзтва, у якім ты жывеш:

«Ні ў якім разе ня можа быць ніякіх апраўданьняў, калі чалавек парушае законы.
Як можна апраўдаць чалавека, які дзесяць ці колькі там разоў трапляецца п’яны за рулём? ...

Як можна апраўдаць чалавека, які дзесяць ці колькі там разоў трапляецца п’яны за рулём? І гэта толькі выпадкі, пра якія мы ведаем. А яшчэ колькі разоў „пранесла“? Мне здаецца, гэта ўсё ад беспакаранасьці, ад адчуваньня таго, што ты нейкі супэрчалавек. Але ў такім выпадку трэба ці адбіраць машыну, ці яшчэ нейкія санкцыі ўжываць — я ня ведаю, што яшчэ рабіць, калі так закруцілася ў галаве ад посьпеху. Бо пакуль мы жывём у грамадзтве, мы павінны жыць паводле тых нормаў, якія ўсталяваныя самімі людзьмі гэтага грамадзтва».

На Алімпіядзе ў Лёндане беларусы будуць спаборнічаць у 25 алімпійскіх дысцыплінах — гэта на адну меней, чым чатыры гады таму ў Пэкіне. Асаблівыя надзеі — на кідальна-штурхальныя віды ў лёгкай атлетыцы, веславаньне, гімнастыку, барацьбу, вэляспорт. Але каб назаваёўваць 25 мэдалёў, гэтага мала. А ў іншых відах спадзявацца можна хіба на ўдачу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG