Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочых «Граніту» шантажуюць новымі «БелАЗамі»


Перад актывістамі незалежнага прафсаюзу на «Граніце», якія працуюць кіроўцамі самазвалаў, начальства ставіць выбар — або застацца ў гэтым прафсаюзе, або атрымаць новы «БелАЗ».

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў працаўнік, які назваўся Васілём. Спадар, які ўжо не адзін дзясятак гадоў кіруе «БелАЗам», кажа, што начальнік аўтатранспартнага парку Аляксандар Кісьлюк выклікаў яго на размову, дзе агучыў такую прапанову:

«Майму экіпажу, зь якім працую, даюць новы „БелАЗ“, а мяне пакідаюць на старым. Маўляў, калі не выходзіш зь незалежнага прафсаюзу, то застанесься на старым „БелАЗе“ і атрымаеш найгоршых напарнікаў. Альбо, калі забяру заяву, то ўсё будзе нармальна, буду ў „нармальных шэрагах“, як мне сказалі».

Рабочы кажа, што спачатку нават пагражалі ўвогуле ня даць новы самазвал усяму ягонаму экіпажу, які складаецца з 4 чалавек. Такім чынам, кажа Васіль, яго меркавалі пасварыць з калегамі, зь якімі адпрацаваў шмат гадоў:

«Зразумейце, што ад таго, на якой тэхніцы ты працуеш, залежыць і твой заробак. У новага „БелАЗу“ і танаж большы, і аплочваецца праца на ім лепш. Дый больш камфортныя ўмовы працы. Спачатку мы думалі, што гэта, можа, жарт які, бо як жа можна так рабіць толькі з-за прыналежнасьці да прафсаюзу? Аднак потым начальнік і брыгадзіру сказаў, каб мы на новую тэхніку нават і не спадзяваліся».

Як распавёў кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч, шантажуючы машынамі, адміністрацыя дамаглася вяртаньня некалькіх кіроўцаў у афіцыйны прафсаюз ФПБ. Спадар Стахаевіч кажа, што часта начальства імкнецца сутыкнуць інтарэсы актывіста незалежнага прафсаюзу і іншых кіроўцаў зь ягонага экіпажу:

Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч

«Рабіць такое з працаўнікамі, якія зарэкамэндавалі сябе зь лепшага боку, якія шмат гадоў працуюць і на якіх ніколі не было ніякіх нараканьняў, — гэта проста агідна і подла. У людзей ёсьць сем’і, дзеці, якія будуць будучыняй Мікашэвічаў. А начальства проста гэтых людзей шантажуе. Гэта дыскрымінацыя паводле прыналежнасьці да прафсаюзу. Робяць усё, нават самае нізкае, абы выканаць спушчаную зьверху задачу — ліквідаваць незалежны прафсаюз на «Граніце».
XS
SM
MD
LG