Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека патрабуе вызваліць Дашкевіча


Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) запатрабавала «неадкладна і без усялякіх умоваў» вызваліць кіраўніка міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Зьмітра Дашкевіча, а таксама іншых беларускіх палітвязьняў.

Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісьце прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Суэр Белхасэн кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Ліст разьмешчаны на афіцыйным сайце арганізацыі.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека заклікае Лукашэнку «захоўваць і абараняць правы, гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі, а таксама міжнародныя і рэгіянальныя стандарты, якіх абавязана прытрымлівацца краіна».

«Незалежныя аглядальнікі і аналітыкі прыйшлі да высновы, што расьсьледаваньне, судовы працэс і апэляцыя па справе Дашкевіча былі заплямленыя істотнымі парушэньнямі законаў Беларусі, а таксама міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека», — гаворыцца ў лісьце:

«Абвінавачваньні не былі належным чынам пацьверджаныя, і матэрыялы, прадстаўленыя падчас слуханьняў, не даказваюць віны Дашкевіча».

FIDH адзначае, што «падчас адбываньня пакараньня Дашкевіч неаднаразова зазнаваў ціск і катаваньні з боку адміністрацыі папраўчай установы, у якой ён знаходзіўся». У прыватнасьці, яго неаднаразова зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.

«Мы заклікаем вас пакласьці канец любому ўціску, у тым ліку на ўзроўні судовай сыстэмы, Дашкевіча, а таксама ўсіх актывістаў грамадзянскай супольнасьці, і забясьпечыць пры любых абставінах захаваньне правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і дакумэнтамі, ратыфікаванымі Беларусьсю», — цытуе БелаПАН ліст прэзыдэнта FIDH.
XS
SM
MD
LG