Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон пра «замежных агентаў» раскалоў расейскіх праваабаронцаў


Леў Панамароў

Леў Панамароў

Адна з найбуйнейшых расейскіх некамэрцыйных арганізацый (НКА), рух «За правы чалавека», заявіла, што будзе байкатаваць закон аб НКА. Гэты дакумэнт абавязвае арганізацыі, што атрымліваюць заходнія гранты, зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі ў якасьці «замежных агентаў».

Закон аб НКА – «замежных агентах» – ужо падпісаны прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Пра гэта паведаміла ў суботу прэс-служба Крамля.

«Мы ніколі ня будзем агентамі і не падпарадкуемся гэтаму закону. Мы – агенты расейскіх грамадзянаў. Мы будзем далей атрымліваць замежныя гранты, і будзем казаць пра гэта адкрыта», – заявіў у суботу лідэр руху «За правы чалавека» Леў Панамароў.

«Улада будзе прымаць супраць нас меры, мы будзем супраціўляцца захадамі прававога характару – зьвяртацца ў суды, у Канстытуцыйны суд. Тады ўлада нас нейкім чынам закрые, але гэта будзе рашэньне ўлады», – сказаў ён.

Паводле словаў Лява Панамарова, яго пазыцыю падзяляюць многія вэтэраны праваабарончага руху. У іх ліку Сяргей Кавалёў і Валерый Баршчоў.

«Мы аб'яўляем кампанію грамадзянскага непадпарадкаваньня законам, якія прынятыя з парушэньнем расейскай Канстытуцыі, Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека і іншых канвэнцый, якія падпісала Расея», – заявіў Леў Панамароў.

Паводле яго слоў, закон аб мітынгах, законы аб НКА, паклёпе і «чорным сьпісе» сайтаў «прынятыя сьпехам, напісаныя нядбайна, супярэчаць праву і наносяць удар па грамадзянскай супольнасьці».

Раней найстарэйшая ў Расеі праваабарончая арганізацыя, Маскоўская Хэльсынская група, заявіла, што ня хоча называцца «замежным агентам», адмаўляецца ад заходніх грантаў і рыхтуецца да скарачэньня праектаў і штатаў.

Леў Панамароў таксама заявіў, што спадзяецца адгаварыць Людмілу Аляксееву ад намеру адмовіцца ад заходніх грантаў, паколькі ў Расеі бізнэс і ўлада грошы незалежным НКА не дадуць.

Людміла Аляксеевай заявіла ў суботу, што Маскоўская Хэльсынская група распрацоўвае схему збору ахвяраваньняў у інтэрнэце.

«Мы паспрабуем пачаць новую эру – працаваць на расейскія грошы. Давядзецца абмежаваць праграмы, скараціць штат», – паведаміла Людміла Аляксеевай, якой напярэдадні споўнілася 85 гадоў.

«Я зьбіраюся на карысьць Маскоўскай Хэльсынскай групы прадаць калекцыю Гжэльскай парцаляны. У мяне ўвесь дом застаўлены «Гжэлем», буду ладзіць аўкцыён. Прадам мастацкія альбомы. Нейкі час мы пратрымаемся. Але ад нейкіх праграм – асьветніцкіх і маніторынгавых – мы адмовімся, яны затратныя», – сказала кіраўніца Маскоўскай Хэльсынскай групы.

Пра гэта інфармуе агенцтва «Интерфакс-запад».
XS
SM
MD
LG