Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Башару Асаду прапанавалі «бясьпечны сыход»


Пра гэта заявіў генэральны сакратар Лігі Набіль Эль-Арабі ў сталіцы Катару Досе, дзе адбываецца паседжаньне міністраў замежных спраў гэтай міжнароднай арганізацыі.

Прапанова распаўсюджваецца на прэзыдэнта Сырыі і яго сям’ю і дзейная толькі ў тым выпадку, калі Башар Асад добраахвотна сыдзе з пасады прэзыдэнта. Ніякіх іншых падрабязнасьцяў генсек не паведаміў.

Міністры замежных спраў Лігі таксама заявілі, што выдзяляюць 100 мільёнаў даляраў для патрэбаў сырыйскіх уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца ў суседніх з Сырыяй краінах.

Удзельнікі нарады таксама заклікалі паўстанцаў Свабоднай арміі Сырыі стварыць пераходны ўрад нацыянальнага адзінства.

Тым часам баявыя дзеяньні паміж паўстанцамі і ўрадавымі сіламі, паводле паведамленьняў, працягваюцца ў сталіцы краіны Дамаску і горадзе Алепа. Паведамляецца, што ў тых раёнах сталіцы, адкуль урадавыя сілы выцесьнілі паўстанцаў, было забіта ня менш за 20 мірных жыхароў. У Алепе паўстанцы, нібыта, авалодалі некалькімі раёнамі гораду. У ноч на нядзелю ў Алепе праціўнікі рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада разбурылі каменную статую яго бацькі – Хафеза Асада.

Сырыйскія праваабаронцы, якія базуюцца ў Вялікай Брытаніі, заявілі, што з сакавіка 2011 году, калі пачалося паўстаньне супраць рэжыму Башара Асада, колькасьць ахвяраў у Сырыі дасягнула 19 000 чалавек. Гэтыя зьвесткі ня могуць быць пацьверджаныя зь незалежных крыніц.

ЗША прыцягнуць да адказнасьці любога прадстаўніка ўладаў Сырыі, які паспрабуе арганізаваць выкарыстаньне хімічнай зброі ў ходзе цяперашняга канфлікту ў краіне. Пра гэта заявіў у нядзелю прадстаўнік Белага дому Джэй Кэрні. Паводле яго слоў, Вашынгтон вядзе кансультацыі з суседзямі Сырыі аб лёсе сырыйскіх арсэналаў хімічнай зброі.
XS
SM
MD
LG