Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалдас Ігнатавічус: размовы аб мільярдных стратах з-за санкцый — навязаныя


Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі не прынясуць стратаў літоўскаму бізнэсу, бо меры зьяўляюцца кропкавымі і накіраваны не супраць усяго беларускага бізнэсу або грамадзтва.

Пра гэта заявіў у інтэрвію Lietuvos žinioms віцэ-міністар замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус. Размовы аб мільярдных стратах дыплямат назваў навязанымі тэарэтычнымі развагамі, і адзначыў, што не бачыць перадумоў для эканамічнай вайны паміж ЭЗ і Беларусьсю.

«Ужываюцца абмежавальныя меры да 32 прадпрыемстваў і трох прадпрымальнікаў, якія імі кіруюць. ЭЗ не ўсталёўваў ніякіх буйнамаштабных эканамічных санкцый адносна Беларусі», — сказаў літоўскі віцэ-міністар.

Ён адзначыў, што практыка ЭЗ не прадугледжвае магчымасьць кампэнсацыі шкоды з-за прымяненьня санкцый.

«Калі краіны-сябры або суб’екты бізнэсу маглі б патрабаваць кампэнсацый, то меры ў дачыненьні да Ірана, Паўночнай Карэі, Зімбабвэ ці іншых краін, якія рэалізуюць несумяшчальную з міжнароднымі абавязацельствамі палітыку, ніколі б не ўвялі», — адзначыў дыплямат.

«Перакананы, што нашы прадпрымальнікі пісьменныя ў шырокім сэнсе гэтага слова і, завязваючы кантакты з замежнымі прадпрыемствамі, улічваюць і палітычны кантэкст, ацэньваюць магчымыя рызыкі. МЗС ніколі не пакідае бізнэс у бядзе. Міністэрства і прадстаўніцтвы за мяжой рэгулярна папярэджваюць бізнэсоўцаў аб магчымых пагрозах», — сказаў Эвалдас Ігнатавічус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG